Зьнешні дзяржаўны доўг Беларусі толькі за сакавік павялічыўся на 10% і наблізіўся да зацьверджанага на сёлетні год ліміту. Паводле афіцыйных дадзеных Міністэрства фінансаў краіны, на 1 красавіка ён складае каля $8,5 мільярда пры ліміце $9,5 мільярда. Наколькі гэта пагражае фінансаваму становішчу Беларусі.
Эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка кажа, што дзяржаўны доўг Беларусі параўнальна невялікі: для прыкладу, у ЗША такі доўг роўны гадавому валавому ўнутранаму прадукту:
"І калі б мы жылі па-амэрыканску, то ў нас было б дзесьці 48 мільярдаў агульнага дзяржаўнага доўгу. Але акрамя гэтых 8 мільярдаў мы маем яшчэ дзесьці 15 мільярдаў пазыкаў — гэта тое, што бралі нашы мясцовыя суб'екты гаспадараньня ў замежных банках, і тое, што нашы банкі бралі ў замежных фінансавых інстытутаў.
Пытаньне тут не ў даўгах. Яно ў здольнасьцях іх вяртаць. А ў нас пакуль асноўныя выплаты яшчэ не пачыналіся. Беларусь узяла ў МВФ 3 мільярды 600 мільёнаў даляраў. А іх вяртаньне пачнецца толькі праз пару гадоў асноўнае".
Леанід Заіка параўноўвае становішча ў Беларусі і Грэцыі:
"Агульная сытуацыя ў нас лепшая, чым у Грэцыі. Хаця насельніцтва, гэтаксама, як у Грэцыі, чакае бясплатных пірожных. Праблема Грэцыі — гэта праблема нацыянальнай псыхалёгіі. Там ня хочуць жыць па сродках, а хочуць атрымліваць грошы аднекуль. Але ж і ў беларусаў абсалютна тая ж праблема. І хаця пакуль у нас лічбы ня самыя страшныя, самае страшнае — у галовах, у паводзінах насельніцтва.
Беларусь — сацыялістычная краіна, як і сацыялістычная Грэцыя. І разам мы складаем такі патэрналісцкі, субсыдыярны інтэрнацыянал. Але, адрозна ад Грэцыі, у нас 70% уласнасьці — дзяржаўная. І таму, зноў жа адрозна ад Грэцыі, нашы кіраўнікі могуць яе прадаваць".
Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па грашова-крэдытнай палітыцы і банкаўскай дзейнасьці Яўген Арцюшэнка ў размове са "Свабодай" заявіў, што сытуацыя ў Беларусі ні ў якім разе не паўторыць грэцкую. Сваю ўпэўненасьць спадар Арцюшэнка тлумачыць тым, што "прырода гэтых даўгоў — розная":
"Кірункі грошай, якія запазычваюць там, і кірункі грошай, якія запазычваюць тут, — абсалютна розныя. У нас няма тых спэкулятыўных апэрацыяў, якія існуюць з грэцкімі даўгамі. На сёньняшні дзень грэцкія аблігацыі дасягнулі максымуму сваёй даходнасьці — 9% гадавых. Такой сытуацыі ў зоне эўра ніколі раней не было.
Па вялікім рахунку, абсалютна нельга параўноўваць нас і Грэцыю з пункту гледжаньня даўгоў. Бо яны вельмі адрозьніваюцца па сваіх адносінах да ВУПу ды іншых паказчыках. А самае галоўнае — тыя пазыкі і тыя інструмэнты, празь якія яны ажыцьцяўляліся, не зьяўляюцца інструмэнтамі, якія абарочваюцца на спэкулятыўных рынках. У нас ёсьць непасрэдныя пазыкі, якія зьвязаныя зь міжнароднымі арганізацыямі і г.д. Але яны не знаходзяцца ў свабодным абарачэньні".