Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь заяўляе пра неабходнасьць захаваць дзейныя стаўкі ўвазнога мыта на аўтамабілі для фізычных асобаў пасьля ўступленьня ў сілу кодэксу Мытнага саюзу Беларусі, Расеі і Казахстану. Адначасна Генэральная пракуратура распачала допыты сяброў ініцыятыўнай групы па правядзеньні рэфэрэндуму ў гэтым пытаньні, якую стварылі актывісты партыі БНФ.
Парадак спагнаньня мыта зь фізычных асобаў, — адна з тэмаў парадку для Савету міністраў саюзнай дзяржавы, які мае адбыцца ў траўні. Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі заяўляе, што мае намер адстаяць цяперашні памер увазнога мыта для беларусаў. Зараз вядзецца падрыхтоўка адпаведных дакумэнтаў, паведаміў кіраўнік прэсавай службы Ігар Пяшко:
«Нашыя экспэрты ўдзельнічаюць у перамовах па падрыхтоўцы пагадненьняў у справе фармаваньня Мытнага саюзу».
Падвышэньня Беларусьсю і Казахстанам з 1 ліпеня 2010 году ўвазнога мыта да расейскага ўзроўню патрабавалі ўмовы Мытнага саюзу. Аднак зараз пазыцыя Расеі ў гэтым пытаньні менш цьвёрдая, чым раней,і гэта дае лепшыя спадзяваньні для аўтаўладальнікаў, мяркуе старшыня асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту Алег Маркевіч:
«Расея прадбачыць дэмаршы з боку Беларусі і сама ўжо падсалоджвае сытуацыю выказваньнямі амбасадара, а таксама іншых высокапастаўленых чыноўнікаў, што нават да 2012-2013 гадоў яны гатовыя прыняць пэўныя ўмовы. Рэч такая, што Мытны саюз трашчыць па швах з самых розных прычынаў. І ўлада, каб паказаць, што клапоціцца пра народ, пойдзе на тое, каб пакінуць ці замарозіць мыта ў цяперашнім стане».
Адначасна ў Магілёве на допыты ў пракуратуру распачалі выклікаць сябраў ініцыятыўнай групы дзеля правядзеньня рэфэрэндуму, якога жадае дамагчыся партыя БНФ. Гэткім чынам улады спрабуюць перахапіць ініцыятыву і стварыць сабе добры імідж у вачах электарату напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, мяркуе старшыня партыі Аляксей Янукевіч:
«Безумоўна, Лукашэнка ўжо думае пра прэзыдэнцкія выбары, якія неўзабаве маюць быць. І ў кантэксьце гэтых выбараў не ўвядзеньне гэтага мыта, а ён пастараецца павярнуць так, што менавіта ён гэтага не дапусьціў, будзе на яго карысьць. Таму яму нельга дапусьціць, каб такая слушная і важная для людзей ініцыятыва ад апазыцыі была прызнаная і атрымала шырокі розгалас. Таму ўлады будуць старацца цягнуць коўдру на сябе, а нашу ініцыятыву максымальна прыдушваць».