У Лепельскім раёне Віцебскай вобласьці ў рэзыдэнцыі "Плаўна" міліцыя ахоўвае "высокага госьця", пра якога мясцовыя людзі кажуць, што гэта зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў.
Рэзыдэнцыя "Плаўна" знаходзіцца на тэрыторыі Бярэзінскага біясфэрнага запаведніку непадалёк ад вёскі Валова Гара. Пра тое, ці знайшоў там прытулак Курманбек Бакіеў, разважае лепельскі прадпрымальнік Алег Тычына:
"У нас чуткі пайшлі яшчэ зь мінулай пятніцы, што там, дзе ў нас рэзыдэнцыя Лукашэнкі "Плаўна", Бакіеў знаходзіцца. Учора я размаўляў зь людзьмі адтуль — так, кажуць. Там і міліцыя дзяжурыць, і сувязісты дзяжураць зь Лепельскага вузла сувязі. Ня ведаю, дзеля чаго яны там. І хуткая дапамога там. Канешне, стопрацэнтовай інфармацыі няма, але вось такія чуткі зьявіліся. Прычым раней там нічога не было, а цяпер зьявілася. І людзі паўсюль у Лепелі кажуць, што Бакіеў у Бярэзінскім запаведніку, у рэзыдэнцыі "Плаўна". Вось такая ў нас інфармацыя ходзіць".
І людзі паўсюль у Лепелі кажуць, што Бакіеў у Бярэзінскім запаведніку, у рэзыдэнцыі "Плаўна". Вось такая ў нас інфармацыя ходзіць"
Дзяжурны Лепельскага райаддзелу міліцыі не сказаў дакладна, жыве ці не ў "Плаўна" Курманбек Бакіеў, але на жаданьне карэспандэнта ўзяць у Бакіева інтэрвію даў тэлефон КПП і сказаў: "Паспрабуйце".
Дзяжурны: "Ведаеце, нават не магу вам падказаць. Паспрабуйце набраць нумар (называе пяцізначны нумар. — А.Г.), гэта КПП, вёска Домжыцы. Магчыма, там вам падкажуць".
Карэспандэнт: "А кажуць, там усё ахоўваецца?"
Дзяжурны: "Ну канечне".
Карэспандэнт: "І даўно ён там, скажыце?"
Дзяжурны: "Такой інфармацыяй не валодаем".
Карэспандэнт: "Але ён там? Паспрабаваць можна?"
Дзяжурны: "Паспрабаваць можна, але там ці ня там, такой інфармацыяй не валодаем".
На тэлефоне, які даў дзяжурны, адказалі, што пра месца знаходжаньня Бакіева таксама нічога ня ведаюць.
Кіраўнік прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі Павал Лёгкі сказаў "Свабодзе", што пра месца знаходжаньня Курманбека Бакіева яму невядома:
"Пытаньне пра Бакіева, дзе ён знаходзіцца? Даю слова гонару, ня ведаю. У мяне такіх зьвестак няма".
Паводле зьвестак зь Бішкеку, мясцовыя актывісткі фонду "Наша права" дамагаюцца завядзеньня крымінальнай справы супроць Бакіева за шматжэнства. "Экс-кіраўнік дзяржавы Курманбек Бакіеў, як паказалі апошнія падзеі, таксама мае некалькі жонак. Яго паводзіны нанесьлі непапраўную шкоду пытаньню гендэрнай роўнасьці і абароне сямейных каштоўнасьцяў", — заявіла кіраўніца фонду Каліча Умураліева. Актывісткі фонду спасылаюцца на словы кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пра сям'ю, зь якой Бакіеў прыехаў у Беларусь. Нагадаем, 20 красавіка, выступаючы ў Нацыянальным сходзе з штогадовым пасланьнем, Лукашэнка распавёў пра жонку і двух малалетніх дзетак Бакіева: "хлопчыка і дзяўчынку". Між тым вядома, што афіцыйная жонка Бакіева ў выніку падзей у Бішкеку 7 красавіка зьехала ў Маскву. Таксама вядома, што ў Бакіева ёсьць дарослыя сыны Марат і Максім, якія займалі ў Кіргізстане высокія дзяржаўныя пасады. Увогуле, паводле кіргіскіх крыніцаў, у Бакіева было тры сям'і.
Я спытаўся ў лепельскага прадпрымальніка Алега Тычыны: што кажуць людзі пра тое, Бакіеў адзін ці зь сям'ёй жыве ў "Плаўна"?
"Не, кажуць, што там ён не адзін, а яшчэ нехта. Хто гэты яшчэ нехта, незразумела. Ён і яшчэ нехта".
Паводле прадстаўнікоў часовага ўраду Кіргізстану, супраць Курманбека Бакіева заведзеныя крымінальныя справы. Экс-прэзыдэнт завочна абвінавачаны ў арганізацыі забойстваў і службовых злоўжываньнях.