Транс-ін-фармацыя

— Журналістыка вымірае! — кажа мне сябар, калі па дарозе да мэтро я тлумачу яму тэму майго блогерскага заданьня для "Свабоды". — Я ўвогуле не бачу зараз той журналістыкі, што была — заснаванай на вартасьцях і на ідэі. Усе ад кагосьці ці ад чагосьці залежаць. Сапраўдных журналістаў усё меней. Да таго ж, кожны можа ўвайсьці ў інтэрнэт і прачытаць тысячы розных інфармацый, якія піша хто заўгодна.

Мой сябар, ЖЖ-карыстальнік strider-first, — далёкі ад журналістыкі як аўтар, але блізкі ёй як герой інтэрвію і артыкулаў, — не адзінокі ў думцы, што журналістыцы, у тым сэнсе, як мы яе разумелі раней, надыходзіць павольны канец.

На пачатку красавіка з іншым ЖЖ-калегам, драматургам kilgor-trautt мы дыскутавалі на тэму таго, ці можна і ці патрэбна лічыць партал сродкам масавай інфармацыяй, а палітыку партала па выстаўленьні загалоўкаў — рэдакцыйнай палітыкай, параўнальнай з прэсай.

Нагода была яшчэ тая: у дзень катастрофы польскага ўрадавага самалёта пад Смаленскам адзіны беларускі партал галоўнай навіной мужна трымаў узятае з дзяржаўнага інфармагенцтва паведамленьне пра самазабеспячэньне краіны рапсам.

- Партал не можа быць СМІ, — пераконвала я. — Гэта большы бізнэс, часткай якога, але не галоўнай, зьяўляецца rss-агрэгацыя навінаў. Таму мы не можам чакаць ад яго выкананьня правілаў журналісцкай этыкі або казаць пра "рэдакцыйную" палітыку". Уладальнік парталу можа мець бізнэс-інтарэсы, якія для яго галоўныя. Іншая справа — традыцыйныя мэдыі, якія павінныя поўнасьцю трымацца журналісцкіх стандартаў і этыкі.

- Сучасныя СМІ — гэта не тое, што было ў 21-м стагодзьдзі. Раз партал выкарыстоўвае навіны, ды яшчэ стварае час ад часу свой кантэнт, мае групу людзей, якія адказныя за падбор і рэдагаваньне навінаў, на яго павінныя распаўсюджвацца тыя ж самыя правілы, што і на астатнія мэдыі, — пярэчыў мой суразмоўца.

Да кансэнсусу ў клясыфікацыі мэдыяў мы не дайшлі, але сышліся на тым, што калі ты так ці йначай фармуеш інфармацыйнае поле і робіш гэта не як прыватная асоба ў сваім гародчыку, а публічна, то трэба быць шчырым, годным і паважлівым да іншага.

Бо калі, скажам, парталу можна было дараваць "неабачлівасьць" у выбары ньюс-прыярытэтаў, то чым патлумачыш, што галоўнай навіной дня аднаго інтэрнэт-выданьня незалежнага навіннага агенцтва таксама засталася бясьпечная статыстыка па тым, колькі беларусы п'юць піва?

Пра ацэнку маральнасьці або амаральнасьці, клясыфікацыю мэдыякрыніцаў і мэдыятворцаў можна было б спрачацца бясконца.

Бясспрэчна іншае: мы самі, наш падыход да інфармацыі і журналістыкі, вельмі зьмяніліся за вельмі кароткі час.

12 год таму, калі б я пачала апісваць вышэйзгаданую сытуацыю на ўступным экзамэне на факультэт журналістыкі, наўрад ці мяне б зразумеў хоць нехта з экзамэнатараў. (Ці шмат бы зразумелі зараз? Іншае пытанне, але па меншай меры, у маёй былой альма-матэр спрабуюць рыхтаваць "вэб-журналістаў", якія хоць няўмела, з праблемамі ў журналісцкай і вэб-этыцы, намагаюцца ствараць нешта онлайн).

Маё пакаленьне вучылі газэтнай вёрстцы на паперы, а дарагія макінтошы, якія стаялі ў кампутарным клясе, служылі толькі для перакідваньня файлаў на дыск ды ў кош.

Маё пакаленьне — тыя, каму яшчэ няма 30 — вучыліся фотажурналістыцы на стужкавых "Зэнітах" і "ЛОМО", а радыёмантажу на вялізных бабінных магнітафонах. На маім першым "афіцыйным" працоўным месцы стаяла Windows 3.11, але гэта і так было лепей, чым раёнка ў Оршы, куды мяне звадзілі на экскурсію, і дзе рэдакцыя ўсё яшчэ карысталася друкавальнымі машынкамі...

У нашым слоўніку дванаццаць год таму не было словаў "прагугліць", "блог", "спампаваць", "актыўная спасылка". Слова "аватар" у лепшым выпадку прыгадвала пра індыйскую міталёгію, а "ЖЖ" ня мела ніякага цэнзурнага сэнсу ўвогуле.

І нарэшце, было зусім зразумела, што твой друкаваны тэкст можа быць або публічным — і тады толькі літаратурным або журналісцкім, у афіцыйным выданьні, або на скрайні выпадак у выглядзе ліста ў рэдакцыю ці самвыдата; або прыватным — лістом, прыватным дзёньнікам... І

Пытаньне ў тым, ці правамоцна хтосьці ў кагосьці будзе браць інфармацыю, узьнікала толькі калі мэдыі перадрукоўвалі або пускалі ў эфір чужое ці падкрадалі ідэю ў канкурэнта, зазірнуўшы ў гранкі першай паласы.

Клясычным быў для нас прыклад з заняткаў па журналісцкай этыцы, калі маладая аўтарка "Камсамолкі" выдала за сваё інтэрвію з акторкай 10-гадовай даўніны, і толькі добрая памяць ды падшыўка дапамаглі аднаму з чытачоў выкрыць падман. Клясычным было пытаньне: ці можа журналіст, які ў незалежных выданьнях падтрымліваў апазыцыю ў сваіх артыкулах, перакінуцца да выданьня дзяржаўнага і там апазыцыю ганьбіць?

Зараз клясыка размоваў пра журналісцкую этыку зьмяняецца, як зьмяняецца і само інфармацыйнае поле. Спраўджваць лягчэй з дапамогай праграмы "антыплягіят". Пісаць можна ананімна, нават не будучы журналістам, і крытыкаваць апазыцыю або ўсхваляць левай ці правай рукой, зьмяніўшы лагіны (не трэба нават двух псэўданімаў ды скандальных адставак).

"Чукча-чытач"(карыстаюся тэрміналёгіяй вядомага рускага анэкдоту) атрымаў формы для публічнага самавыражэньня:

Спачатку ФІДО/дыскусійныя групы. Потым форум. Потым "home page". Потым першы акаўнт у сацыяльнай сетцы. Блог. Онлайн-смі. Мультымэдыя-праект. Відэатрансьляцыя онлайн з вэб-камэры або iReport на CNN.

Чытачы і слухачы сталі творцамі, але пазбаўленымі якіх-кольвек абавязкаў апроч, хіба, ўстрымання ад публічных заклікаў да забойстваў ды распальваньня якіх-кольвек розьняў. І яны атрымалі адно вялізнае аўтарскае права на свой кантэнт + тысячы спосабаў абагаціць уласнае "мэдыя" за кошт кантэнту чужога.

У гэтую ж прастору кінуліся і "чукчы-пісьменьнікі" — журналісты, літаратары, крытыкі, усе тыя, хто зьвязаны з творчасьцю, хто пабачыў у інтэрнэце магчымасьць або дадатковага экрану і старонкі для сваіх працаў, або нейкую выключную прастору для індывідуальнага самавыражэньня, адмежаваную ад творчасьці.

Разьвіцьцё тэхналёгіяў паставіла перад цяжкім выбарам і традыцыйныя мэдыі. Кудысьці зьніклі пытаньні "а навошта маёй газэце сайт?". Зараз трэба не проста мець "сайт", трэба прысутнічаць на ўсіх пляцоўках вэб-супольнасьці, каб цябе заўважылі карыстальнікі, перад якімі адкрыты цэлы сьвет.

Вось і паехала: "Вы слухаеце нашае радыё? Не заўсёды, але стала вас чытаю". "Вы чытаеце нашую газэту? Так, у вас быў добры відэарэпартаж з канцэрту..."

Не дзіўна, што дыскусіі ўсё часьцей вядуцца на тэму: ці мела права выданьне скарыстацца паведамленьнем блогера, зьмяніўшы загаловак? Ці можна поўнасьцю ўзяць пераклад, зроблены блогерам, з адкрытай крыніцы і, паставіўшы адкрыты лінк, назваць гэта "аналітыкай" у сваім выданьні? Што ёсьць адказнасьцю выданьня і адказнасьцю аўтара, ці гэта fair — выкарыстоўваць інтэрнэт як бясконцую стужку "лістоў чытачоў" і шукаць інфармацыйныя нагоды ў блогах, а не праз асабістыя кантакты? І дзе ёсьць балянс?

Адкрытасьць інфармацыйных крыніцаў, адсутнасьць абмежаванасьці ў памеры і стылістыцы онлайн-выданьняў, таннасьць інтэрнэт-інфармацыі прыводзіць да зьмены рэдакцыйнай палітыкі традыцыйных мэдыяў. Журналістыка сапраўды "вымірае": рэальных рэпартажаў з месцаў падзеяў становіцца меней, або іх робяць непрафэсіяналы.

Мэдыі — нават вялікія, сусьветныя рэдакцыі — часткова з-за эканамічнага крызісу, часткова з-за стратэгічнага перагляду мадэлі вядзеньня бізнэсу, адмаўляюцца ад карэспандэнцкіх пунктаў і ўсё часьцей карыстаюцца паслугамі так званых "грамадзянскіх журналістаў", якія хутка, хаця і не вельмі якасна, дасылаюць навіны з месца падзей, у той час як у студыях засядаюць экспэрты і аналітыкі, гатовыя падхапіць трэнд і выказацца на ягоны конт.

Аднак сучасныя дасьледчыкі мэдыяў перасьцерагаюць перад небясьпекай згубы якасьці ў "экспэртнай" журналістыцы: экспэрт або аналітык не нясе адказнасьць за падвойную праверку крыніцы і даставернасьці факту, таксама як і звычайны грамадзянін, які піша пра падзеі свайго асяродзьдзя ў інтэрнэце. Таму патрэба ў сапраўдных рэпартэрах застаецца. Тыя, хто эканоміць, прайграюць, і прайграюць са скандалам: так, "рэальны" блогаў з вайны ў Іраку, які перадрукоўвала адно з амэрыканскіх мэдыяў, аказаўся поўнасьцю прыдуманым. У англійскай мове ўжо нават зьявілася адмысловае слова для блогаў-фальшывак: flog (у значэнні fake log). Гэта ўсяляе ў мяне аптымізм: магчыма, жаданьне быць даставернымі спыніць мэдыі ў імкненьні зэканоміць на прафэсіяналізьме.

Яшчэ адна нагода для маёй аптымістычнай веры ў тое, што традыцыйныя мэдыі (газэты, часопісы, радыёстанцыі, тэлеканалы) усё-ткі не саступяць поўнасьцю перад інтэрнэтам, — гэта тое, што большасьць чытачоў, сутыкаючыся з сусьветнай разнастайнасьцю інфармацыйных крыніцаў, хутка стамляюцца і хочуць каб нехта для іх выбраў, што больш важна. То бок, вяртаючыся да пачатку гэтага допісу, што павінна быць тым самым "топам": рапс ці авіякатастрофа?

Мэдыі будуць працягваць жыць, але магчыма, усё болей будуць пераўтварацца ў своеасаблівыя фільтры, сіта таго, што болей і меней варта, што трэба і што не трэба зрабіць галоўным і што болей або меней цікава іх аўдыторыі. А напаўняць гэтыя адфільтраваныя каналы будуць як журналісты, так і тыя, каго раней лічылі толькі пасіўнымі ўспрымальнікамі інфармацыі.

Журналістыка не вымірае. Яна трансфармуецца. Не меней хутка, чым мы, людзі, якія называюць сябе журналістамі. Магчыма, трохі павольней, бо ў сусьветнай сыстэме СМІ па-ранейшаму шмат тых, хто большую частку жыцьця здаваў тэксты, надрукаваныя без кампутараў. Аднак па-ранейшаму выйграе тое, хто ўмее быць прафэсіяналам і захоўвае якасьць у любых, нават самых розных і зьменлівых формах.

Марыя Садоўская


Онлайн-дзёньнікі вяду з 2003 году, свой апошні нік выбірала з дапамогай Google.

Нарадзілася ў Менску, жыла ў Гародні, а вольны час люблю праводзіць у падарожжах. Журналіст-міжнароднік па адукацыі і цяперашняй прафэсіі, спэцыялізуюся ў пытаньнях міжнароднай палітыкі і разьвіцьця Эўрасаюзу.

Калі робіцца сумна займацца асноўнай працай, дапамагаю арганізоўваць рок-фэсты і цікаўлюся гісторыяй рок-гуртоў. Валодаю рускай, беларускай, польскай, англійскай мовамі, але ўвесь час цягне вывучыць нешта, аб што можна зламаць язык. Раман з арабскай не атрымаўся, таму зараз на стале ляжыць пазычаны падручнік ісьляндзкай.

Маю акаўнты ў некалькіх блог-сэрвісах і дзесятку сацыяльных сетках — і не ведаю, навошта мне ўсё гэта спатрэбілася. Не люблю Скайп, але заходжу ў яго пад трыма рознымі лагінамі.

Калі б была магчымасьць выбраць на Зямлі месца, дзе можна жыць, адправілася б у ціхі домік у гарах... з абавязковым доступам да сатэлітарнага інтэрнэту. :)

1. Навошта я пішу блог

Калісьці пачынала як прыватны дзёньнік для невялікага кола онлайн-знаёмых, зараз пішу па звычцы, бо гэта зручная магчымасьць паведаміць сьвету, што я думаю, без неабходнасьці атрымліваць за гэта грошы. :)

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

Праяўленьне характараў аўтараў, індывідуальнасьць, а таксама — у некаторых блогах — інфарматыўнасьць. Фактычна, мая стужка сяброў дапамагае мне ведаць пра тое, што адбываецца ў краіне і сьвеце, нават калі не маю часу заглянуць на сайты мэдыяў.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Флэйм, флуд, платную відочную рэкляму, некарэктнасьць, адсутнасьць разьбіцьця на абзацы. Не люблю, калі адна і тая ж ініцыятыва адфрэнджвае і зафрэнджвае ў блогу па сто разоў.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

1. adam-hlobus — Адам Глобус

2. felix-aksentsev — паэт, будыст, чалавек

3. infopolicy — усё, што вы хацелі ведаць пра новыя мэдыі і інтэрнэт, і баяліся запытаць

4. kitya — падарожнік, чалавек сусьвету

5. levi.ru — тэхнічна, гэта не блог, але...

Ну, і калі зашмат блогераў параяць блог №1 (бо так было не раз), то "смачны" постскрыптум: blog.kp.ru/users/735975/