Дакладчыца камітэту па палітычных пытаньнях Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Сыніка Хурскайнэн прэзэнтавала праект рэзалюцыі аб Беларусі, у якім заклікала Раду Эўропы прыпыніць кантакты на высокім узроўні зь Беларусьсю, але працягваць дыялёг з уладамі і грамадзянскай супольнасьцю.
Пра гэта яна заявіла падчас дэбатаў у пытаньні Беларусі на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.
Яна адзначыла, што працэс збліжэньня, які пачаўся некалькі гадоў таму, "зноў спыніўся з многіх прычынаў". Яна згадала новыя выпадкі выкарыстаньня сьмяротнага пакараньня, ціск на незалежныя СМІ, грамадзянскую супольнасьць, апазыцыйня структуры, а таксама арганізацыі польскай нацыянальнай меншасьці, перадае БелаПАН.
Паводле Хурскайнэн, гэта зьяўляецца рухам ў адваротным кірунку ад агульнай мэты – збліжэньня Рады Эўропы і Беларусі.
Спадарыня Хурскайнэн выказалася за працяг дыялёгу зь беларускімі ўладамі і заявіла пра немагчымасьць вяртаньня да паліыткі ізаляцыі:
"Мы чакаем ад Беларусі выразнага палітычнага сыгналу з самага выскога ўзроўню, што краіна гатовая супрацоўнічаць з намі і дасягаць адчувальных вынікаў".
Поўны тэкст прамовы Сынікі Хурскайнэн
Дакладчык у пытаньнях Беларусі юрыдычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстас Пургурыдэс, выступаючы на дэбатах, заклікаў дэпутатаў прыгадаць, што ў леташняй заключнай рэзалюцыі аб Беларусі вяртаньне статусу спэцыяльна запрошанага ў Радзе Эўропы для беларускага парлямэнту было ўвязанае з увядзеньнем Беларусьсю мараторыю на выкананьне сьмяротных прысудаў.
“Які быў адказ? У сакавіку 2010 году, месяц таму, яны пакаралі сьмерцю двух вязьняў і тым самым сказалі нам: “Мы не прымаем ніякіх вашых рэзалюцыяў і будзем рабіць, што захочам”, – лічыць Пургурыдэс.
На думку Хрыстаса Пургурыдэса, Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы павінна ясна паказаць, што спыняе ўсе візыты сваіх высокіх прадстаўнікоў у Беларусь:
“Нельга казаць, што прэзыдэнт Асамблеі ня можа наведваць Беларусі, і ў той жа самы час казаць, што дакладчык можа наведваць Беларусь. Дакладчык – высокая афіцыйная асоба, і калі ён/яна наведае Беларусь, вынікам будзе тое, што беларускія ўлады будуць маніпуляваць візытам, і Лукашэнка будзе казаць: “Нягледзячы на сьмяротныя прысуды, нягледзячы на тое, што я раблю, дакладчык прыехаў сюды, прыйшоў да маіх ног...” Такім чынам, наша пасланьне мусіць быць яснае: мы павінны атрымаць ясны сыгнал, што яны гатовыя адказаць. Без такога яснага сыгналу мы павінны спыніць усе нашыя візыты ў Беларусь”.
Старшыня сталай камісіі ў пытаньнях правоў чалавека, нацыянальных стасункаў і СМІ Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Юшкевіч у сваім выступе падчас дэбатаў у ПАРЭ адзначыў:
"Прапанова аб прыпыненьні кантактаў заведама пройгрышная як для Рады Эўропы, так і для Беларусі. Тым больш што ў гісторыі нашых узаемаадносінаў такі пэрыяд ужо быў. І невядома, да чаго б ён прывёў, калі б Рада Эўропы ня выбрала правільнай палітыкі — палітыкі дыялёгу".
Юшкевіч адзначыў, што важна захоўваць гэты працэс на аснове ўзаемнага даверу і пашыраць кантакты рознага ўзроўню.
Адносна выкананьня ў Беларусі сьмяротных прысудаў ён патлумачыў, што "да адмены сьмяротнага пакараньня суды маюць права выносіць сьмяротныя прысуды, а органы правасудзьдзя абавязаныя іх выконваць. Гэтыя структуры дзейнічаюць у рамках закону і ня могуць кіравацца палітычнымі меркаваньнямі, тым самым рэалізуючы адзін з асноўных прынцыпаў Рады Эўропы — вяршэнства закону".
Таксама ён сказаў, што "польская меншасьць у Беларусі зьяўляецца роднай і неад'емнай часткай народу".
"Канфлікт вакол Саюзу палякаў Беларусі — гэта не праблема польскай нацыянальнай меншасьці Беларусі, а ўнутраны раскол гэтага грамадзкага аб'яднаньня. У разьвіцьцё дамоўленасьцяў прэзыдэнта Беларусі зь міністрам замежных справаў Польшчы 19 сакавіка адбылася першая беларуска-польская сустрэча экспэртаў. Абодва бакі дамовіліся працягваць дыялёг. Штучнае раскручваньне гэтага лякальнага пытаньня на палях ПАРЭ можа стварыць непатрэбную напружанасьць на фоне пачатага беларуска-польскага перамоўнага працэсу".
Падчас выступу ў ПАРЭ сустаршыня АДС Анатоль Лябедзька заявіў, што ў Беларусі захоўваецца савецкая выбарчая сыстэма.
"Наперадзе прэзыдэнцкая кампанія. Не хацелася б, каб ПАРЭ працягвала руку дапамогі апошняму дыктатару эўрапейскага кантынэнту. Лепш не рабіць нічога, чым нешта рабіць дрэнна. У гэтай сытуацыі я хацеў бы, каб вы памяталі ня толькі пра двух чалавек, якіх пазбавілі жыцьця. Я хачу, каб вы не забываліся на Ганчара, Захаранку, якія выкрадзеныя і забітыя з палітычных матываў, якія нават не былі правапарушальнікамі ў сваёй краіне, журналіста Зьмітра Завадзкага. Каб вы не забываліся на палітзьняволеных, якія сёньня знаходзяцца ў турме. А знаходзяцца яны ў турме з адной простай прычыны — бо ў нас няма незалежнага суду. Мы канструктыўныя, мы гатовыя абмяркоўваць "дарожную мапу" для ўступленьня Беларусі ў Раду Эўропы. Але для гэтага патрэбна сумесная група, у якую ўвойдуць прадстаўнікі ўлады, апазыцыі і прадстаўнікі Асамблеі".
Спадар Лябедзька заявіў пра гатовасьць абмяркоўваць у рамках гэтай групы, як зрабіць выбары свабоднымі, як забясьпечыць свабоду слова, каб не было палітычных рэпрэсіяў.
У другой палове дня ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы адбудзецца галасаваньне аб рэзалюцыі адносна Беларусі.