Пётра Рудкоўскі: пэдафілія сьвятароў – гэта вельмі сумная і складаная тэма

19 красавіка споўнілася 5 гадоў з дня абраньня Бэнэдыкта XVI папам рымскім. Госьць начнога эфіру “Свабоды”– філёзаф і публіцыст, манах-дамініканін Пётра Рудкоўскі.



Абламейка:
Ці можна ўжо падвесьці нейкія вынікі 5-годзьдзя? Чым гэты пантыфікат, на вашу думку, адрозьніваецца ад папярэдняга?

Рудкоўскі: Дапускаючы пэўнае спрашчэньне, гэтыя два апошнія пантыфікаты Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI я б акрэсьліў пры дапамозе такіх ідэяў. Першы пантыфікат дыялёгу, а другі пантыфікат паглыбленьня. У той час, як Ян Павал ІІ імкнуўся перадусім шукаць паразуменьня зь іншымі рэлігіямі, іншымі культурамі, з сучасным сьветам, Бэнэдыкт XVI больш засяроджаны на выкарыстаньні менавіта хрысьціянскай традыцыі, на паглыбленьне гэтай традыцыі. Гэта больш інтравэртыўны кірунак у тое, каб паказаць, як самім хрысьціянам, так і сучаснаму сьвету каштоўнасьці, якія нясе хрысьціянства, якія можна запрапанаваць сёньняшняму сьвету.

Калі паспрабаваць адзначыць асаблівыя рысы пантыфікату Бэнэдыкта XVI, я б адзначыў наступныя. Моцнымі бакамі зьяўляецца тое, што Бэнэдыкт XVI – добры багаслоў, яго пастырскія пасланьні сапраўды зьяўляюцца глыбокімі тэалягічнымі трактатамі. Канечне, зь імі можна дыскутаваць, і гэта якраз і патрэбна. У кожнага свая глыбіня, але Яну Паўлу ІІ не хапала багаслоўскай глыбіні. Разуменьне патрэбы вэртыкальнай еднасьці і працягласьці паміж сёньняшняй царквой і царквой мінулых гадоў і стагодзьдзяў. І трэці моцны бок – гэта прамоцыя рацыяналізму, уфундаванага ў хрысьціянскай традыцыі, менавіта дыялёг веры і розуму, аднак зь вялікім націскам на рацыяналізм. Ёсьць таксама і кантравэрсійныя бакі: неразуменьне магчымасьці і патрэбы міжрэлігійнага дыялёгу, празьмерная насьцярожанасьць у дачыненьні да сучаснага сьвету. Гэта, можна казаць, слабыя бакі пантыфікату.

Абламейка: Як вы ацэньваеце пазыцыю папы на фоне той крытыкі, якая гучыць у сувязі з выпадкамі пэдафіліі сьвятароў? Некаторыя ў Амэрыцы нават кажуць, што папу трэба арыштаваць за тое, што ён утойваў злачынства?

Рудкоўскі: Сапраўды гэта вельмі сумная і складаная тэма. Зноў жа калі каротка яе паспрабаваць ахарактарызаваць, гэта будзе дзьве канстатацыі. Па-першае, пэдафілія сапраўды прысутнічала, магчыма, у нейкай ступені і надалей прысутнічае, спадзяемся, што яна будзе зьнікаць. Па-другое, важна падкрэсьліць, што ў мінулым сапраўды існавала пэўная змова герархаў, што трэба змагацца з пэдафіліяй, аднак трымаць салідарнасьць, каб не выходзіла гэта навонкі. Гэта заганная неразважлівая ўнутраная салідарнасьць, як бачым, прынесла вельмі горкія плады. На дадзены момант Папа Бэнэдыкт XVI зьяўляецца адным з рашучых змагароў супраць пэдафіліі, прычым змагаром бескампрамісным, гэта значыць, ня толькі выкрываць гэтыя факты, але таксама супрацоўнічаць усяляк са сьвецкімі ўладамі ў выпадку вядзеньня сьледзтва ці ў выпадку пакараньня тых, хто дапусьціўся пэдафіліі.

Абламейка: Папа рымскі ў Беларусі ня быў. Але ці можна, на вашу думку, паставіць пытаньне так – Бэнэдыкт XVI і Беларусь? Іншымі словамі, ці адбіўся ягоны пантыфікат нейкім чынам на Беларускай Каталіцкай царкве?

Рудкоўскі: Непасрэдна не адбіўся, непасрэднага ўплыву на Беларусь не аказвае, аднак апасродкавана нейкі ўплыў мае. Перадусім я б зьвярнуў увагу на адну з моцных гэтага пантыфікату – гэта дыялёг з праваслаўем. Гэта даволі спантанна атрымалася, ніяк незапраграмавана, аднак атрымалася, што праваслаўныя, у прыватнасьці расейскія праваслаўныя сталі больш адкрытымі да каталіцкай царквы пад уладай Бэнэдыкта XVI. У рамках гэтага дыялёгу Беларусь атрымала царкоўнага дзеяча выбітнага фармату Тадэвуш Кандрусевіч. Паколькі ён дзейнічаў даволі энэргічна, то з боку праваслаўных ён ня быў пажаданы ў Расеі, але вялікім набыткам для Беларусі стала яго вяртаньне. Таксама гэта мела вялікі ўплыў на беларускую каталіцкую царкву. Тое, што мы бачылі, асабліва летась, шэраг кантактаў паміж беларускай уладай і Ватыканам і каталіцкай царквой. За час пантыфікату Бэнэдыкта XVI гэтыя кантакты сталі часьцейшымі.

Абламейка: Летась у Беларусі двойчы пабываў дзяржсакратар Ватыкану кардынал Бэртонэ. Аляксандар Лукашэнка езьдзіў у Ватыкан. Многія выказвалі тады меркаваньне, што сёлета можа адбыцца візыт Бэнэдыкта XVI у Беларусь. На вашу думку, ці прыедзе ён ў Менск?

Рудкоўскі: Тут сапраўды адным з важных фактараў зьяўляецца пазыцыя праваслаўнай царквы. На дадзены момант напэўна праўдападабенства большае, чым у выпадку Яна Паўла ІІ, што Бэнэдыкт XVI прыедзе. Тут можа спрацаваць той фактар, што Бэнэдыкт XVI менш схільны да паломніцтваў і ня ведаю, наколькі вялікая рашучасьць ёсьць зь яго боку, ягонага асяродзьдзя. Тут шмат ёсьць нюансаў, якія могуць уплываць на магчымы прыезд Папы.

Гутарка была ў эфіры 19 красавіка.

Прадстаўнікі Каталіцкага касьцёлу ў Беларусі не даюць афіцыйных камэнтароў, што да скандалу вакол каталіцкіх сьвятароў-пэдафілаў ў Ірляндыі і іншых краінах. Адзін высокапастаўлены сьвятар, які не пажадаў называць сваё імя, сказаў літаральна наступнае: "Мы не даём камэнтароў, таму што пакуль гэтая тэма нас не датычыць. Спадзяюся, што і ўвогуле ніколі ня будзе датычыць".