Расея будзе ўступаць ва Усясьветную гандлёвую арганізацыю безь Беларусі і Казахстану. Пра гэта заявіў у Вашынгтоне першы намесьнік кіраўніка расейскага ўраду Ігар Шувалаў. Ён сказаў, што Расея мае намер спачатку ўступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю самастойна, а затым ствараць агульны рынак у рамках Мытнага саюзу зь Беларусьсю і Казахстанам. Беларускае МЗС ужо адрэагавала на гэтыя словы, нагадаўшы, што існуюць дамоўленасьці на вышэйшым узроўні аб сынхранізацыі ўступленьня трох краінаў у СГА. Ці можна сьцьвярджаць, што Расея канчаткова вызначылася з імкненьнем уступаць у СГА самастойна? Як гэты крок Масквы можа паўплываць на сытуацыю ў Мытным саюзе Беларусі, Расеі і Казахстану? На гэтыя пытаньні адказвае аглядальніца газэты «Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак.
Цыганкоў: Ці можна сказаць, што гэтая заява Шувалава мае стратэгічны зьмест? Ці сапраўды Расея прыняла такое рашэньне ці вакол гэтай тэмы было ўжо столькі пераменаў, што нельга казаць нічога трывалага?
Манёнак: Гэтая заява ня стала нечаканасьцю. У чэрвені летась было заяўлена, што краіны Мытнага зьвязу ўступаюць у УГА «тройкай» — і за гэты час пазыцыя Расеі 3-4 разы мянялася. Сур’ёзныя экспэрты адразу прагназавалі, што ўступленьне ў УГА тройкай немагчыма. І ня толькі таму, што такіх прэцэдэнтаў у гісторыі не было, і ня толькі таму, што пазыцыя ЗША была даволі жорсткай, у тым сэнсе, што гэтая працэдура непрымальная для УГА, — але і таму, што не было адзінай пазыцыі кіраўніцтва Расеі ў гэтым пытаньні.
Расея прайшла даволі вялікі шлях да ўступленьня ў УГА. Як мяркуюць экспэрты, яна адолела каля 70 працэнтаў гэтага шляху. У той час як Казахстан — каля 50 працэнтаў, а Беларусь — ня больш за 30 працэнтаў.
Цыганкоў: Як увогуле выглядае зараз сытуацыя ўнутры Мытнага зьвязу.
Беларусь моцна адстала ў працэсе далучэньня да УГА. Таму яна хацела нейкім чынам далучыцца, «прышпіліцца» да Расеі.
Манёнак: Відавочна, што цяпер яшчэ больш складана будзе рэалізоўваць праект Мытнага зьвязу. Калі б сапраўды гэтыя тры краіны рэальна імкнуліся ўзгадняць сваю замежнагандлёвую палітыку — але гэтага ў многіх пытаньнях няма.
Беларускае кіраўніцтва разумее, што Беларусь моцна адстала ў працэсе далучэньня да УГА, і што ёй будзе больш складана. Таму яна хацела нейкім чынам далучыцца, «прышпіліцца» да Расеі ў гэтым працэсе. Разам для Беларусі было б менш праблемаў. Але многім адразу было відавочна, што наўрад ці Расея пагадзілася б чакаць такога аўтсайдэра ў гэтым пытаньні, як Беларусь.
Апошнім часам беларускі ўрад мала што зрабіў дзеля далучэньня да УГА. Больш за тое, уся гэтая палітыка пратэкцыяналізму, імпартазамяшчэньня толькі перашкаджае ўступленьню ў УГА і наадварот адцягвае магчымы тэрмін уступленьня туды Беларусі.