Сучасную беларускую літаратуру немагчыма ўявіць бяз твораў Віктара Казько. Ніхто так пранікліва і пранізьліва (праз успрыманьне падлетка) не паказаў вайну, як гэта зроблена ў аповесьці «Суд у Слабадзе». Ніхто так гратэскна, з абмалёўкай тыпажоў-характараў, не паказаў жыцьцё ў чарнобыльскай зоне, як гэта паказана ў рамане «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел». 24 красавіка пісьменьніку споўнілася 70 гадоў, а напярэдадні юбілею ён завітаў у «Вольную студыю».
Міхась Скобла: «Спадар Віктар, напачатку нашай гутаркі давайце вернемся ў далёкія 70-я гады. Вы тады пісалі па-расейску, увесь Савецкі Саюз чытаў вашы кнігі „Високосный год“, „Здравствуй и прощай“. У 1978 годзе вы перайшлі на беларускую мову. Ці не шкадуеце сёньня пра той свой крок, ці не настальгуеце па тых часах, калі вашы кнігі выходзілі вялізнымі накладамі?»
Віктар Казько: «Шкадаваньня ў мяне няма ні грама, яго проста ня можа быць. Пераход на беларускую мову павінен быў адбыцца, як і мой пераезд з Кузбаса ў Беларусь. Мяне з чужыны ўвесь час цягнула на радзіму. Нас усіх цягнула, 20 выхаванцаў дзіцячага дому, якія зьехалі на шахты, паступілі ў рамесьніцкія вучэльні ў Кузбасе. З адным з такіх выхаванцаў, з Толем Бельскім, мы нават гаварылі: калі б можна было вярнуцца ў Беларусь, то мы пайшлі б пешкі, на кожным кілямэтры падалі б на калені і цалавалі б зямлю. Во, да чаго даходзіла… Таксама цягнула і беларуская мова. Дарэчы, згаданы табою «Високосный год», апублікаваны «Новым миром», я пачаў пісаць на беларускай мове. Пачаў і кінуў, адчуў, што па-беларуску не выцягну… І пераезд мой у Беларусь быў дзіўны. Я адчуў, што больш ужо не магу жыць у Сыбіры. Памятаю, недзе ў Валгаградзе, пасьля заканчэньня Маскоўскага літінстытута, я заходжу ў кнігарню, і мне трапляецца томік вершаў Уладзімера Лугаўскога. Я загадваю, разгортваю, пальцам тыкаю ў радок і чытаю: «Итак, домой, на родину, в Итаку». Гэта было нешта вельмі знакавае. І больш я не раздумваў. Я прыехаў і, каб вывучыць беларускую мову, пайшоў рабіць у «Чырвоную зьмену».
Скобла: «Наўрад ці ў „Чырвоная зьмена“ так выкшталціла вашу мову, пра якую Янка Брыль сказаў: „сакавітая і вобразная, зь лёгкім дамешкам мясцовай гаворкі, дынамічная ў дыялёгах, усхваляваная ў лірычных адступленьнях“. Дык адкуль ваша мова, не з Кузбасу ж?»
Казько: «З Каленкавічаў, зь вёсак Даманавічы і Анісавічы, ад бабулі і таго асяродзьдзя, у якім я жыў. Памятаю, калі я рабіў у „Нёмане“, нябожчык Валодзя Кудзінаў казаў мне: „Твая мова ні расейская, ні беларуская, яна каленкавіцкая.“ І гэта сапраўды так. Бабуля пражыла 112 гадоў на адным месцы, і ад яе я чуў беларускую мову. Беларускае слова ўвайшло ў мяне, як хлеб, як соль, як вада, як паветра. Чым ты дыхаеш, тым і гаворыш, тым і жывеш. Карані не забываюцца. Езьдзячы па Беларусі ў той савецкі час, калі беларусаў актыўна адвучвалі ад беларускай мовы, я заўважыў адну акалічнасьць.
Каб узгадаць сваю родную мову, заўсёды старшыні калгасу трэба было тры чаркі гарэлкі.
Скобла: «Каб жа так лёгка можна было вырашыць моўную праблему… Выдатны расейскі пісьменьнік Уладзімер Салаухін гаварыў, што каб чытаць Прышвіна, ён мусіць замарудзіць плынь сваёй душы. А з чыёй душой ваша душа плыве з аднолькавай хуткасьцю?»
Казько: «Найбольш блізкія мне па адчуваньні беларускасьці, зямлі і неба беларускага, — Анатоль Кудравец і Алесь Жук. Як пісьменьнік я вучыўся таксама ў Янкі Брыля, у Івана Мележа, у Івана Шамякіна. І сёньня гэтая навука яшчэ доўжыцца. Беларуская літаратура — гэта непадзельная прастора. А нас, пісьменьнікаў, дзеляць на „чэсных“ і „нячэсных“. І той „чэсны“, прыўладны Саюз увесь час займаецца дэструктыўнай дзейнасьцю, ён не дапамагае нашай літаратуры, а болей перашкаджае. І тут можна мноства прыкладаў прывесьці. Ён не дае ні вольна дыхаць, ні праўдзіва гаварыць, увогуле, перашкаджае менавіта творчасьці».
Скобла: «Нядаўна не адбылася сустрэча з вамі ў Пэдагагічным унівэрсытэце імя Максіма Танка. А што ёй перашкодзіла?»
Казько: «Скажу шчыра, я ня вельмі люблю падобныя сустрэчы, але калі людзі шчыра рыхтуюцца і запрашаюць, то згаджаюся. Гэта недзе ідзе ад вясковай нашай талакі, ад беларускага характару, — ісьці насустрач чалавеку, які цябе кліча, просіць аб нейкай дапамозе. Так было і на гэты раз, я ўсё ж пагадзіўся прыйсьці. Арганізатары былі вельмі радыя, рыхтаваліся. І вось я ўжо еду ў аўтобусе на сустрэчу, а мне — званок: „Віктар Апанасавіч, сустрэча адмяняецца“. П
І вось я ўжо еду ў аўтобусе на сустрэчу, а мне — званок: „Віктар Апанасавіч, сустрэча адмяняецца“.
Скобла: «Але ж і кніжак вашых няма ў кнігарнях».
Казько: «Дык жа дзесяць гадоў нічога не выдавалася ў дзяржаўных выдавецтвах! Вось мая леташняя кніжка „Бунт незапатрабаванага праху“, за якую мне прысудзілі прэмію „Гліняны Вялес“, яна ж напісаная яшчэ пры савецкай уладзе! Дваццаць гадоў таму! Кніга праляжала 15 гадоў у выдавецтве „Мастацкая літаратура“, адкуль я яе забраў, і — не састарэла. Яна мае шчасьлівы лёс, хоць, кажуць, жыцьцё харошай кніжкі — 15-20 гадоў».
Скобла: «У наступным месяцы, будзе адзначацца Дзень Перамогі. Васіль Быкаў паказаў само пекла вайны. Вы ў аповесьці „Суд у Слабадзе“ паказалі вайну, убачаную вачыма дзіцяці. А якая вайна ў нашай літаратуры яшчэ не апісаная?»
Казько: «Праўдзіва не апісаная яшчэ вайна партызанская, вясковая вайна, блізкая да грамадзянскай. У нас яшчэ ня сказана пра тое, якой яна была — і жорсткай, і крывавай, і сьмешнай. Не паказаны яшчэ селянін, які павінен быў падымаць дзяцей, сеяць хлеб і карміць дзьве ўлады — нямецкую і савецкую, партызанскую. І немцы, і партызаны як маглі абдзіралі аднаго селяніна. Менавіта селянін — найвялікшы пакутнік у гэтай вайне. І вось гэтая сялянская вайна, вайна пад стрэхамі, як яе назваў Алесь Адамовіч, яна яшчэ засталася неапісанай. А вазьмі ты такую асобу, як генэрал Гіль-Радзівонаў. Ён і ад Гітлера атрымаў вышэйшую ўзнагароду Райху, і ад Сталіна Героя Савецкага Саюзу. Як такое магло адбыцца?
І немцы, і партызаны як маглі абдзіралі аднаго селяніна. Менавіта селянін — найвялікшы пакутнік у гэтай вайне.
Скобла: «Вы згадвалі пра чаргінцоўскі Саюз пісьменьнікаў. Паэтка Аксана Спрынчан на сваім блогу разьмясьціла партрэты беларускіх клясыкаў, якія разьвешаныя ў актавай залі Дому літаратара (там цяпер — кіраўніцтва таго саюзу сядзіць). Скажу шчыра, у мяне быў шок ад тых партрэтаў. Не зусім пэўны ў сваім мастацкім гусьце, я вырашыў паказаць тыя партрэты вам. Што скажаце?»
Казько: «Гітлера так не малявалі ў партызанскія часы, як там Быкаў намаляваны! Гэта проста зьдзек. Такія пачварныя твары не намалюеш, падспудна не трымаючы ў галаве, каб некаму дагадзіць, каб некаму паказаць — во, якія яны выродлівыя, во, каго яны за сьцяг трымаюць…»
Скобла: «Калісьці ў Віктара Астаф’ева спыталіся на тэлебачаньні — а дзеля чаго вы пішаце? І ён адказаў — пішу, каб пракарміць сям’ю. Сёньня за свой ганарар беларускі пісьменьнік ні сям’і не пракорміць, ні сам не пражыве. А які ў такім выпадку ў вас стымул для творчасьці?»
Казько: «Тое што мы робім, мы робім найперш для саміх сябе. Пісьменьнікі, увогуле творцы, чуюць голас зямлі, чуюць голас неба, які ўсё разьмяркоўвае. Гэта тое, што Вярнадзкі і Фёдараў называлі біясфэрай, вышэйшым розумам, які кіруе намі і прымушае рабіць тое, што патрэбна. Гэта ня толькі Божая іскра, а гэта і загад Божы — рабіць і ня хібіць. Рабіць і не дзяліцца на „чэсных“ і „нячэсных“, не падпарадкоўвацца, не хадзіць у чэлядзі і халопах. Гэта якраз і стаіць над душой — ня толькі патрэба хлеба надзённага, але і духоўны пачатак. Душа важыць 22 грамы, як цьвердзяць спэцыялісты. Дык вось гэтыя 22 грамы і прымушаюць нас заставацца творцамі, заставацца людзьмі, захоўваць сумленнасьць і сваю чалавечую вартасьць на гэтай зямлі».