Чакаецца, што 28 Красавіка прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч прыбудзе ў Беларусь з двухдзённым візытам.
Як паведамілі БелаПАН у амбасадзе Ўкраіны, праграма візыту пакуль дапрацоўваецца, але вядома, што Віктар Януковіч сустрэнецца са сваім беларускім калегам Аляксандрам Лукашэнкам. Па выніках перамоваў заплянаваны кантакты з прэсай. Чакаецца таксама, што прэзыдэнт Украіны наведае некаторыя прадпрыемствы.
Напярэдадні прыезду ў Беларусь, 27 красавіка, Януковіч плянуе выступіць перад дэпутатамі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Страсбуры. Старшыня ПАРЭ Мэўлют Чавушаглу 26 красавіка паведаміў, што мае намер абмеркаваць з Януковічам стратэгію стасункаў з Беларусьсю.
Нагадаем, аб правядзеньні двухбаковай сустрэчы бліжэйшым часам Януковіч і Лукашэнка дамовіліся падчас тэлефоннай размовы 3 сакавіка. Прэзыдэнты таксама размаўлялі па тэлефоне 6 красавіка – яны абмеркавалі комплекс пытаньняў двухбаковых адносінаў, актуальныя міжнародныя праблемы і пытаньні ўзаемадзеяньня ў рамках інтэграцыйных аб'яднаньняў на постсавецкай прасторы.