Як удзельнічаюць у мясцовых выбарах лідэры апазыцыйных партый і якія іх ацэнкі выбарчай кампаніі?
Паводле лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргея Гайдукевіча, "усё як было, так і засталося", і ён ня пойдзе галасаваць, бо мясцовыя выбары, паводле ягоных слоў — "па барабану". Спадар Гайдукевіч адзначыў, што галоўнае для яго — падрыхтоўка да прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.
"Мы выставілі ва ўсіх акругах кандыдатаў у дэпутаты. Яны цудоўна ведаюць, чым гэта скончыцца. Таму яны цяпер працуюць на прэзыдэнцкую кампанію. Максымальна разьнесьлі за дзяржаўны кошт улёткі з маім партрэтам. Таму выбары ў гэтым выпадку нас зусім не цікавяць, а цікавіць падрыхтоўка. Мы задаволены, што распаўсюдзілі каля паўмільёна ўлётак у Менску".
Лідэр руху "За свабоду" Аляксандар Мілінкевіч дапамагае дэмакратычным кандыдатам у Менску. Ён прапісаны ў вёсцы Бершты Гарадзенскай вобласьці, дзе балятуецца праўладны кандыдат, і таму вырашыў не галасаваць.
"Я не паехаў галасаваць, бо ў маёй вёсцы Бершты, да якой ехаць 250 кілямэтраў, там адзін кандыдат, вядома які і хто пераможа. Таму я буду назіраць сёньня на ўчастках Алеся Лагвінца ў Менску".
Якія першыя ацэнкі выбарчай кампаніі?
"Ацэнка нэгатыўная. Закон трохі памяняўся, а практыка засталася абсалютна тая ж. Я праехаў Гарадзенскую, Магілёўскую, Гомельскую і Віцебскую вобласьці, учора нават быў у Лёзьне, на самай мяжы з Расеяй, — усюды аднолькава. Практыка перасьледу, запалохваньня — тое самае. У камісіях няма прадстаўнікоў апазыцыі. І я думаю, што гэта самае галоўнае — калі яны ня лічаць галасы, то выбараў ня будзе, што б ні мянялася ў заканадаўстве".
Лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч сказаў, што прагаласаваў за сябе на ўчастку ў Менску, дзе ён балятуецца.
"Паколькі прынятае рашэньне ўдзельнічаць у кампаніі да канца, то было б глупствам быць у бюлетэні і ня йсьці".
Камэнтуючы выбарчую кампанію, спадар Янукевіч адзначыў, што яе нельга назваць свабоднай і дэмакратычнай:
"Захоўваецца татальны кантроль улады. Камісіі запоўненыя прадстаўнікамі праўладных партый і грамадзкіх арганізацый альбо проста працоўных калектываў, якія яўна туды таксама намінаваныя ўладай. Ніякай магчымасьці для кантролю галасоў не прадбачыцца. Інфармацыю пра колькасьць тых, хто прагаласаваў датэрмінова, таксама шмат дзе не выдаюць нашым кандыдатам. Таму ўражаньне такое — тое самае, што было і ў папярэднія гады, можа, зь невялікім адрозьненьнем. Вельмі пуста на ўчастках".
Лідэр партыі "Справядлівы сьвет" Сяргей Калякін сказаў, што "трэба самому ісьці прагаласаваць, каб за цябе не схадзілі".
"Душа спакойная, што я пайшоў, сам прагаласаваў. І ўжо мой бюлетэнь могуць сфальсыфікаваць неяк, але за мяне ніхто не прагаласуе".
Спадар Калякін нагадаў, што быў адным з ініцыятараў супольнай заявы апазыцыйных палітычных партый і грамадзкіх арганізацый аб тым, што цяперашнія выбары ня ёсьць дэмакратычнымі, свабоднымі і празрыстымі. Ён лічыць, што гэтыя выбары не адрозьніваюцца ў лепшы бок ад папярэдніх.
"Я сёньня сам буду на ўчастку глядзець, як лічаць галасы. І я ўчора быў і бачыў, што ніхто нікога не дапусьціць да падліку галасоў. Папярэдняе галасаваньне таксама закрыта, няма магчымасьці пракантраляваць, што адбываецца з гэтымі бюлетэнямі, якія знаходзяцца ўначы пад прыглядам міліцыянта. Усё, што было раней, усе гэтыя хібы, на жаль, засталіся. І тое, што ўлада казала, што правядзе адкрытыя, звышдэмакратычныя выбары, якіх ня бачылі ні ў Эўропе, ні ў сьвеце, гэта ўсё аказалася хлусьнёй. У Беларусі як не было выбараў, так, на жаль, іх і няма".