Трыццаць гадоў таму ў Беларускай Майстроўні да Ларысы Сімаковіч ставіліся як да цудатворыцы. Вось вам сабраліся людзі з вуліцы, у многіх мядзьведзь па вушах патаптаўся, а яна робіць зь іх сапраўдны хор! Народныя песьні ў яе апрацоўцы пачыналі гучаць такімі гукамі, якіх мы проста ня чулі. Уражаньне ўзмацнялася тым, што гукі гэтыя сыходзілі ад нас саміх.
Празь песьню Ларыса рассоўвала рамкі пазнаньня сьвету, ад чаго шырэйшымі рабіліся нашы погляды. І гэта быў рэальны набытак на ўсё жыцьцё. Мне цяжка ўявіць сабе майстроўца неталерантнага да іншае думкі або недабрадушнага ці пазбаўленага пачуцьця гумару. Зразумела, што тады ні пра што такое ня думалася – мы проста сьпявалі, але рабілі гэта лепш, чым маглі.
Майстрам у Майстроўні была яна, Ларыса. Астатнія былі вучнямі ці чаляднікамі. Хоць мы ўсе й належалі да аднаго пакаленьня й паводзіліся па-сяброўску, як бы таго ні хацела сама Ларыса, а яе ўмельства, роля і характар узвышалі яе па-над астатнімі. Гэта была плённая субардынацыя, бо вучні падцягваліся да майстра.
МАЙСТРОЎНЯ ЯК ПАЛЁГКА
Калі мы самі вучыліся, дык яе ўспрымалі як ужо навучаную. Мы фармаваліся, а яна ўспрымалася як ужо сфармаваная. Але гэта, як высьвятляецца сёньня, было не зусім так.
Ларыса: “Быў працэс фармаваньня і пошук аднадумцаў, і той момант, калі я іх знайшла. Не, наўрад ці я была сфармаванай асобай. Я й зараз не да канца сфармаваная (сьмяецца).
Памятаю, я здавала іспыты ў кансэрваторыі і ў мяне быў такі стымул: я вывучваю столькі-столькі, і ўвечары са спакойнай душой іду на рэпэтыцыю ў Майстроўню. Гэта адчуваньне добра зробленай работы. Як бы ты заслугоўваеш дэсэрт або падарунак або нейкую палёгку. Супраць таго вывучанага матэрыялу, а не зусім прыемныя былі прадметы, КПСС ці нешта яшчэ, гэта было прыемна. Гэта было і лёгка для мяне, таму што вучыць сьпяваць, дырыгаваць, кіраваць для мяне лёгка. Кіраваць лёгка, бо па сутнасьці я лідэр. А тады было супадзеньне паміж маімі амбіцыямі й тым, што па-добраму патрабавала ад мяне жыцьцё і тыя людзі, студэнты, зь якімі я тады была”.
ПАЧУЦЬЦЁ СПРАВЯДЛІВАСЬЦІ
Дубавец: Мы яшчэ толькі фармаваліся як беларусы, а Ларыса ў нашых вачах ужо была гатоваю беларускай. Хоць і тут, аказваецца, усё ня так адназначна.
Ларыса: “Я так успрымалася? Я памятаю – маё суб’ектыўнае адчуваньне – я вучылася. Па жыцьці я люблю вучыцца, я заўсёды вучуся. Тады суб’ектыўна я сябе ўспрымала так – я вучуся, я ўслухоўваюся, я пераймаю. Не скажу, што я была такая беларускамоўная, у мяне асяродзьдзя такога не было. Музычнае асяродзьдзе, яно спрэс рускамоўнае. Таму, калі я выглядала там прыстойна, для мяне зараз і дзіўна і прыемна, што я беларускамоўна прыстойна выглядала. Хаця я так сябе не пачувала.
Адкуль беларушчына? Усё вельмі проста, і ад мяне не залежыць. Пачуцьцё справядлівасьці -- калі яно ёсьць, а яно ўва мне ёсьць. І я заўсёды займаю пазыцыю тых, да каго несправядлівыя. Беларуская мова і зараз ня з моцных, і зараз ёй трэба больш дапамагаць, чым расейскай мове. А тады тым больш. І гэта ідзе не ад сьвядомасьці, а ад нечага такога чалавечага. Я проста абвострана гэта адчуваю заўсёды”.
Дубавец: Пачуцьцё справядлівасьці карэніцца дзесьці ў генах маладога чалавека. Яно яшчэ не кіруецца развагаю й здаровым сэнсам. Падобна, што ў аснове ўсяго найноўшага беларускага руху ляжыць менавіта яно. Ужо ня крыўда на сьвет цэлы, а абвостраная рэакцыя на прымусовае забываньне культуры тваіх продкаў.
Чаму гэтае пачуцьцё не ахоплівае ўвесь народ ці хоць бы значную частку яго? Ад таго, што няма інфармацыі, ад боязі вылучыцца, ад затурканасьці прапагандай... Яшчэ кажуць – ад таго, што страх пасяліўся тамсама, у генах.
Усё гэта так, але гэтых адказаў сёньня ўжо недастаткова. Бо страх меншае з кожным пакаленьнем, тэлевізар страціў татальны давер да сябе, боязь вылучыцца замінае быць пасьпяховым, і інфармацыі стала значна болей.
У чым тады справа? Магчыма, у тым, што гэта працэс, які нельга перамяніць адным рухам – уключыў-выключыў. Напачатку 1980-х кожны беларускамоўны беларус усіх такіх самых ведаў у твар.
Напачатку 1980-х кожны беларускамоўны беларус усіх такіх самых ведаў у твар
Ларыса: “З-за гэтага пачуцьця справядлівасьці я не магла быць двухаблічнай і, скажам, размаўляць у Майстроўні па-беларуску, а ў кансэрваторыі па-расейску. Падладжвацца, прыстасоўвацца, ісьці на кампрамісы... Можа быць, жыцьцё гэтаму вучыць, але я ўсё ніяк не магу навучыцца. І, безумоўна, я іспыты здавала па-беларуску. Цяжка было. Таму што ўсе падручнікі па-расейску, і трэба было перакладаць і ясна выказвацца. І маральна цяжка было. Гэта ж ты адразу ідзеш на адкрытае месца, ты на сцэне... Я не скажу, што на эшафоце, хаця... эшафот – бліжэйшае параўнаньне. Але ты абяззброены, ты мішэнь. Ты не такі, як іншыя, на цябе ўсе зьвяртаюць увагу. І не заўсёды прыемна, калі вось так зьвяртаюць увагу”.
ЦУД НАРАДЖЭНЬНЯ
Дубавец: Асаблівасьць кожнага цуду ў тым, што ён абавязкова сканчаецца, саступаючы месца прозе жыцьця, калі подзьвіг ператвараецца ў будзённую работу. Цуд нараджэньня адбыўся, і цяпер трэба проста жыць. Аказваецца, што дастаць сонца або навучыць людзей з вуліцы сьпяваць прафэсійна было можна, але толькі на хвіліну. І вось вецер перамяніўся, зоркі на небе пералеглі ў сваю звычайную схему, а тое неверагоднае ўзьнясеньне цяпер можа працягвацца й далей, але ўжо толькі “ўручную”. Скокнуць вышэй галавы ўдалося аднойчы, на самым пачатку 1980-х.
Ларыса: “Адзін з плённых вынікаў работы з Майстроўняй, чыста прафэсійных вынікаў, -- гэта выснова пра тое, што зь непрафэсіяналамі прафэсійнай справы ня зробіш. Такую выснову я зрабіла. А на той момант, калі я пачынала, у мяне была абсалютная вера, што цягам часу і пэўнымі намаганьнямі можна дасягнуць вельмі высокага ўзроўню, якога я хацела дасягнуць.
Пасьля абсалютна нармальна, арганічна дзейнасьць Майстроўні пачала пашырацца. Пачаліся заняткі, вывучэньне мовы, гісторыі. І сьпевы, якія былі адпраўным пунктам усяго гэтага, сталі часткай усяго. Калі напачатку – толькі сьпевы, і яны матывавалі і стымулявалі і, самае галоўнае, аб’ядноўвалі ўсё ў сабе, і былі ўнутранай звышзадачай усяго таго, што рабіла Майстроўня, то пасьля, пазьней, зноў жа паўтару, абсалютна арганічна, сьпевы сталі часткай таго, чым займалася Майстроўня. Ну... і ўсё. Гэта перастала супадаць з маім “чырвоным сьцягам”, зь якім я спачатку ішла на гэта.
Так, напэўна, павінна быць. Прафэсіянал імкнецца да сваіх вяршынь, да дасканаласьці. Я ўздымаюся на вяршыню для таго, каб зь яе ўбачыць наступную.
ПАЧАТАК
Пачатак абсалютна памятаю, ні з чым ня зблытаеш. Я на той час шукала матэрыялы па гісторыі, па мастацтву Беларусі, і сьцежка прывяла да нацыянальнага музэя, дзе Надзея Высоцкая праводзіла свае першыя лекцыі пра абразы Беларусі, што на той час было нечым такім забароненым. І Высоцкая ў тых лекцыях распавядала пра тое, што яна толькі што сама зразумела, сама здабыла. Маленькая заля была перапоўненая. І туды ж сьцежка прывяла Вінцука. І, напэўна, ён задаў па-беларуску пытаньне... Можа быць, я задала пытаньне. Але Вінцук таксама абазначыўся беларускамоўнасьцю, што на той час было проста нечым неверагодным. І я не магла не зьвярнуць на гэта ўвагу. І... вось тут ня памятаю, хто да каго падышоў. Таму што я сваёй беларускамоўнасьцю таксама засьвяцілася. І калі закончылася лекцыя, мы знайшлі адзін аднаго. Ён быў не адзін, можа быць, Сяргей Сокалаў-Воюш быў, Арына была. Ну, і нязмушана разгаварыліся – хто, што. Напярэдадні Калядаў гэта было, зімой. Сьнежань. Чамусьці мне зараз выстрэльвае лічба 12. І памятаю, што Вінцук ці хто там папрасіў мяне, прапанаваў, як бы гэта пасьпяваць калядныя песьні, пакалядаваць. Упершыню. І ці не магла б я гэта зрабіць. Да мяне зьвярнуліся з просьбай, я памятаю. Тады ў маю галаву не магла прыйсьці гэтая ідэя. Гэта нечая ідэя, але я на яе згадзілася”.
Дубавец: Так узьнікла Майстроўня... Асаблівасьць Ларысы Сімаковіч як музыкі ў тым, што яна ўвесь час вакол сябе кагосьці гуртуе, стварае розныя музычныя калектывы, камбінуе і спалучае іхныя магчымасьці. Самая знакамітая сярод такіх – “Госьціца”, што існуе ўжо шмат гадоў. І тады, калі Ларыса стварала Майстроўню, у майстроўскія часы, яна кіравала хорам радыё й тэлебачаньня, у яе быў і дзіцячы сьпеўны калектыў, і квартэт “Каралёначкі”, які на сьвятах сьпяваў разам з Майстроўняй і выклікаў у майстроўцаў бясконцае захапленьне.
АПОШНЯЯ КРОПКА
Майстроўскі цуд зьдзейсьніўся і, як флюід, пасяліўся ў душах многіх маладых людзей, стаў іхнай жыцьцёвай праграмай. Цяпер яны панясуць яго іншым, будуць ствараць новыя суполкі па ўсёй Беларусі або праз творчасьць і дачыненьні будуць распаўсюджваць яго ўсё шырэй і шырэй. Тым часам Майстроўня перастане існаваць. Дакладна вядомая дата гэтага здарэньня – 13 чэрвеня 1984 году. Майстроўня завяршыла свой чын у найноўшай беларускай гісторыі першым у гэтай гісторыі пікетам -- супраць разбурэньня помніка культуры – будынка каля самай кансэрваторыі, таго самага, дзе калісьці была пастаўленая першая беларуская опэра.
Ларыса: “Я па хвілінах памятаю гэта. Я памятаю, што гэта была субота. Заняткаў у кансэрваторыі было мала. Памятаю, што цёплы дзень быў, летняя сэсія наперадзе. І пры выхадзе з кансэрваторыі я ўбачыла гэты гвалт. Як гэтая мэталічная “баба” б’е па сьцяне. Некуды я кіравалася, гэта ўбачыла, і далей усё пачынаецца спантанна, на пачуцьцях. Памятаю, чамусьці мне захацелася вярнуцца ў кансэрваторыю бегма. І на прыступках я сустрэла Уладзімера Ўладзімеравіча Алоўнікава, рэктара кансэрваторыі. І я пачала яму расказваць, што руйнуецца помнік. Нешта спакойнае ён мне прамармычаў. І я ў нейкі час пабегла на філфак і каго ўбачыла, таму расказала. Дакладна памятаю – Гэнік Лойка быў, Юля Лыскова, Віялета, Вінцук, нас каля дзясятка было. І Лойка піша плякат. “Руйнуецца помнік”. І мы ідзем і становімся насупраць гэтай “бабы”, якая руйнуе.
Я сказала: хто не рашаецца, хто баіцца, таму што наступствы будуць абавязкова, за гэта будзе па галаве, таму зараз адыдзіце. Я ня памятаю, каб нехта адышоў. Усе засталіся, і так мы стаялі. Стаялі нядоўга...
Напэўна, гэта першы беларускі пікет. Я так разумею. Першы ў гісторыі Беларусі палітычны пікет. Палітычная акцыя.
Мы тады ня ведалі, што гэта называецца пікет. Мы тады, можа быць, і сябе апярэджвалі.
Падышоў міліцыянэр і сказаў, што мы замінаем спаць. Хаця мы, па-мойму, не крычалі нічога. Самае позьняе дзевяць гадзін было, яшчэ сьветла. Нас папярэджвалі, падыходзілі міліцыянэры. А празь некаторы час насупраць нас спыніўся “козьлік”. Міліцэйская машына. І нас жорстка-ветліва запрасілі. Прайсьці. Карацей, мы ўсе пайшлі. Вось. І цэлую ноч мы правялі там, куды нас завезьлі. Недалёка ад кінатэатра “Перамога”.
А ў мяне сыну сем месяцаў было. І я падыходжу да міліцыянэра й кажу, што ў мяне сямімесячнае дзіця, што мне трэба яго карміць, я вярнуся.
Ня ведаю, чаму ён паверыў і адпусьціў мяне. Я тады жыла на Якубоўскага, даволі далёка. Зьезьдзіўшы дадому, я сказала, што нас забралі, пры тым прыхапіла з сабой хлеба й сала, каб пакарміць тых, хто там. Я вярнулася, пакарміла людзей гэтым салам, яны ўсе былі задаволеныя, сьпявалі песьні. Гэта была сама маладосьць, сам ажыятаж, нават бравурнасьць у нейкім сэнсе. Якая пасьля скончылася ня лепшым чынам. Тым, што я паляцела з кансэрваторыі”.
ВЫГНАНЬНЕ З КАНСЭРВАТОРЫІ
Дубавец: Амбітная маладая кампазытарка ўжо мела за плячыма адну кансэрваторскую адукацыю харавога дырыжора. І цяпер ізноў паступіла была на першы курс, але ўжо на кампазытара. Але здараецца пікет у абарону тэатру, і Ларысу выганяюць з кансэрваторыі.
Ларыса: “Я перажывала ня самыя лепшыя кавалкі свайго жыцьця, наўрад ці яны прынесьлі мне плён. Таму што пакуль я сама для сябе не набыла нейкую рэабілітацыю, зноў паступіўшы, не аднавіўшыся, а паступіўшы на першы курс,
... я была зруйнаваная, як той помнік...
Тым ня менш, мне ўдалося, і цяпер – чым уся гэта гісторыя з выключэньнем закончылася. Калі я на пятым курсе здавала дыплём па кампазыцыі, і здала яго на выдатна, да мяне падышоў Уладзімер Уладзімеравіч Алоўнікаў, які падпісваў загад пра тое, каб мяне выключылі з кансэрваторыі, ён адзін з ініцыятараў быў, ён сам падышоў да мяне і, трэба аддаць належнае гэтаму чалавеку, ня кожны на гэта здольны, ён папрасіў у мяне прабачэньня. Вось за тое”.
“СВАДЗЕБКА”
Дубавец: У музычнай кар’еры Ларысы Сімаковіч было шмат узьлётаў і здабытых вяршыняў. Але ёсьць і рэйтынг асабістых дасягненьняў, якія не заўсёды знойдзеш у даведніках. На маю думку, не апошняе месца там займае Беларуская Майстроўня. Што да іншага, дык Ларыса кажа пра трэцюю вышэйшую адукацыю. Каб назваць яе, нам сьпярша спатрэбіцца перадгісторыя, дакладней, пасьляслоўе.
Ларыса: “У рэйтынгу найлепшых падзеяў 2008 году ў культуры першае месца заняла “Свадзебка” Ігара Стравінскага, якая была пастаўленая на сцэне Белдзяржфілярмоніі. Упершыню ў гісторыі Беларусі. Стравінскі паходжаньнем з Рэчыцы. У Мазыры вучыўся Фёдар, які пасьля зьехаў у Пецярбург і стаў лепшым басам Расейскай імпэрыі. Дык вось, яго сын Ігар Стравінскі, сусьветна вядомы кампазытар, на аснове двух-трох беларускіх вясьнянак, стварыў “Свадзебку”. Упершыню яна была пастаўлена толькі ў 2008 годзе ў нас. Раней, гадоў 25 назад, прыяжджала капэла Юрлава з Масквы. Вось у такім выглядзе яна гучала. Хоць у Стравінскага ў партытуры напісана “Харэаграфічныя сцэны са сьпевамі”. Значыць, толькі агучана была партытура, пастаўлена не была. Паставіла гэтую “Свадзебку” я. Я рэжысэр-пастаноўшчык і харэограф. Галоўную партыю Нявесты сьпявала Саша Грахоўская, выхаванка “Госьціцы”. І што больш за ўсё неверагодна, што ніхто ня тое, што ў Беларусі, а ў Эўропе, у сьвеце ніхто Стравінскага не сьпявае бяз нот, на памяць. Гэта проста немагчыма. Аляксандра Грахоўская гэта зрабіла. Ніхто ў сьвеце адначасова не сьпявае і не танцуе партыю Нявесты. Саша Грахоўская гэта зрабіла.
Адна з маіх вяршынь, дасягненьняў -- я лічу, што ў мяне ёсьць трэцяя вышэйшая адукацыя. Пяць гадоў з адным выхадным – панядзелкам – я знаходзілася ў сьценах Опэрнага тэатра сярод прафэсіяналаў-танцоўшчыкаў. Пяць гадоў Валянцін Елізар’еў даваў мне магчымасьць прысутнічаць проста так. За пяць гадоў я авалодала балетным станком, я авалодала і тэарэтычна і практычна мастацтвам харэаграфіі. І калі я зараз скажу, што я дапамагаю прафэсіяналам, вы не паверыце, а я гэта раблю”.
Дубавец: Творчасьць кампазытаркі Ларысы Сімаковіч цэніцца калегамі й публікай. Што да ўсяго грамадзтва дык яно ацэніць яе дасягненьні калі-небудзь потым, калі слава прыйдзе адкуль-небудзь з-за мяжы. На жаль, гэта вечны прынцып адносінаў творцы й дзяржавы, калі ў краіне прымітыўны палітычны рэжым.
Ларыса: “Што тычыцца маіх вучняў. Мне ёсьць кім ганарыцца, таму што яны могуць невыканальную нікім задачу выканаць. Калі вы запытаецеся, дзе зараз Саша Грахоўская... Яна мые падлогу ў супэрмаркеце. І яны ўсе, мае выхаванкі, мае гадаванкі, мае багіні, яны займаюцца такой работай. Ім не знайшлося месца больш нідзе. Калі вы запытаецеся, ці была я ў Гарбара? Была. У міністра культуры Матвейчука была. Гарбар адзінае, што прапанаваў, калі я сказала, што яна мые падлогу ў супэрмаркеце, -- давайце яе хутчэй сюды, у мяне яшчэ ёсьць вакансія прыбіральшчыцы. Пакуль у мяне ёсьць вакансія прыбіральшчыцы, хутчэй уладкоўвайце яе ў філярмонію.
УЯЎЛЕНЬНЕ
Лічуся я, што нарадзілася ў Баранавічах, але сама лічу сябе дамашоўкай, гэта вёска 10 км ад Баранавіч -- Дамашэвічы, дзе нарадзіліся мае бацькі. Матуля была мэдсястрой, у шпіталі працавала. А бацька з трохклясавай адукацыяй царкоўнай школы, як зараз я разумею, чалавек высокай духоўнасьці, ён недзе на фабрыках працаваў.
Вёску Дамашэвічы я ведаю. Нават памятаю яркае ўражаньне зь дзяцінства – калядаваньне, як да вокнаў падыходзілі, зорку калядную насілі, сьпявалі... Памятаю пахаваньне сваёй бабулі, галашэньні... Памятаю хату, тры-чатыры гады мне было, вось гэты пах, усё, што зьвязана з выганам каровы, хлявом, там дзе сьвіньні... Гэта ўсё на ўзроўні паху ёсьць. Што тычыцца людзей, інтанацыі, як гавораць, пасыл інтанацыйны, галасавы – гэта ўсё блізка.
У мяне быў выпадак. З маёй вёскі прыехалі людзі, не да мяне, я проста апынулася ў той час у тым месцы, дзе яны сядзелі й размаўлялі. Не старыя людзі, проста з таго месца. Вось гэты гук, ён мяне ўвёў у транс, сон ня сон, ня ведаю, я не магла выбрацца з гэтага. Адначасова хочацца выбрацца з гэтага стану, бо кругом людзі, гэта ў сьценах філярмоніі, дарэчы, было. А з другога боку, гэта неверагодна прыемна. І я пасьля запыталася, адкуль яны. Яны, аказваецца, з маёй мясцовасьці былі. Гэта на мяне так паўзьдзейнічала... Ну гэта ж вібрацыя, нешта прыйшло ў рэзананс зь нечым.
... Вецер на выгане і колер травы, і як яно спалучаецца з колерам дрэва бярвянае хаты. Далей аер, а значыць, трошкі балота, балоцістая вільготная атмасфэра... Сьцяна гэтай хаты, а там далей лес...”