Палітычны "сэканд-хэнд" для Беларусі?

Адхілены ад улады прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў правёў у Менску прэсавую канфэрэнцыю для журналістаў беларускіх і замежных СМІ. Ён пракамэнтаваў падзеі ў Кіргізстане і сваё знаходжаньне ў Менску. Палітычныя заявы Курманбека Бакіева камэнтуюць беларускія палітыкі.


Лідэр партыі “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада” Станіслаў Шушкевіч паведаміў “Свабодзе”, што большае ўражаньне атрымаў не ад заяваў зрынутага прэзыдэнта, а варункаў, на тле якіх Курманбек Бакіеў знаходзіцца ў Менску:

"У мяне такое ўражаньне, што разыгрываецца такая гульня, нібыта ўсё "памяркоўна" вырашаецца. І Лукашэнка дэманструе, што ён гатовы прыкласьці ўсе сілы, каб захаваць сваю ўладу. Ён паказвае гэта, што, маўляў, так у мяне ня будзе, і ўсё падпарадкавана гэтай ідэі. Але разам з тым ён адчувае, што Расея хоча быць той структурай, якая пазбавіла Кіргізстан ад грамадзянскай вайны. І праводзіцца такая лінія, што і Пуцін тэлефанаваў былому прэзыдэнту, і Назарбаеў, і ўсе яны толькі клапаціліся, каб там усё адбылося памяркоўна".

Заявы і прамовы Курманбека Бакіева ня маюць ніякага значэньня для грамадзян Беларусі, бо ён толькі прылада ў палітычнай гульні Аляксандра Лукашэнкі, мяркуе лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

"Пытаньне ня ў тым, што гаворыць зараз Бакіеў, а пытаньне для нас, грамадзян Беларусі: а навошта Аляксандру Лукашэнку гэты палітычны "сэканд-хэнд"? Высновы наступныя: ён разумее, што ня стала той упэўненасьці, калі ўсе падзеі знойдуць падтрымку Масквы. Уся фішка ў тым, што Бакіеў стаў інструмэнтам у руках Аляксандра Лукашэнкі, і ён яго выкарыстоўвае, каб змагацца за сябе, за сваю асабістую бясьпеку і свой палітычны рэжым".

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі мяркуе, што прысутнасьць Бакіева ў Менску — гэта пачатак палітычнай вайны паміж Менскам і Масквой:

"У параўнаньні з тым, што ён сказаў у будынку выканкаму СНД, зараз адкат назад быў. Ён даў зразумець, што не зьбіраецца вяртацца ў Кіргізстан у якасьці прэзыдэнта. І сёньня ён, хутчэй, выглядае палітычнай прыладай у руках Лукашэнкі. Шмат хто казаў, што гэта былі эмацыйныя матывы — абарона Бакіева, але тут, я думаю, пэўны разьлік. Сапраўдныя матывы — супрацьстаяньне сёньняшняга Лукашэнкі і Масквы. Ён зразумеў, што Масква няўхільна будзе весьці курс на прагматызацыю гэтых саюзьніцкіх дачыненьняў. Каб матываваць канфрантацыю з Масквой, якраз сюжэт з Бакіевым апынуўся вельмі зручным".