Залежнасьць

Добра ведаючы характар свайго мужа, фраў Ашэнвольк пачала падрыхтоўку да задуманай ёй апэрацыі адразу пасьля калядаў. Такім чынам, на пачатку студзеня яна ўпершыню сказала, што яму няблага было б абнавіць гардэроб; напрыканцы месяца яна, скарыстаўшыся нейкаю нагодай, паўтарыла гэта гучней, і па тым, як выцягнуўся яго вечна незадаволены твар, было відаць, што яе пачулі; у лютым яна падсунула яму нейкі каталёг і потым да самага надыходу вясны знаходзіла па ўсёй кватэры старонкі таго каталёгу ў выглядзе папяровых самалёцікаў. У сакавіку яна прызналася, што гер Ашэнвольк, хоча ён ці не, атрымае неўзабаве новую кашулю.

“Але навошта?” – шчыра зьдзівіўся гер Ашэнвольк. – “Я маю дастаткова кашуляў! Зялёная, сіняя ў палоску, шэрая з кішэнямі…”

І ён пачаў загінаць пальцы.

“Гэта старыя кашулі,” – сказала жонка, усьцешаная тым, што яны могуць нарэшце пагаварыць начыстую. – “Ты ўжо пяць гадоў ходзіш у тых самых кашулях, якія мы купілі перад вясельлем Эмі! І забараняеш мне купіць табе новыя!”

У яе вачах стаялі сьлёзы. Гер Ашэнвольк адчыніў шафу і сумленна разглядзеў кожную кашулю на сьвятло. “Ніводнай дзіркі, ніводнае плямы!” – сказаў ён задаволена, дастаў нешта з кішэні і праз імгненьне міма носа фраў Ашэнвольк праляцеў чарговы самалёт з глянцавай паперы.

Фраў Ашэнвольк не здавалася. У красавіку яна паведаміла, што бачыла цудоўныя і недарагія кашулі ў адной вялікай краме ў цэнтры гораду.

“Уяўляю сабе, што гэта за кашулі!” – горка ўсьміхнуўся гер Ашэнвольк і наліў сабе выпіць. – “Ды хіба там бывае нармальнае адзеньне? Усялякае бліскучае ашмецьце для пажылых разьведзеных трансвэстытаў!”

Дзень для пакупкі быў выбраны пагодны і сонечны. Гер Ашэнвольк з агідаю глядзеў на манэкены,
І ён пачаў загінаць пальцы.
якія стаялі за шклом невялікімі групамі і, мяркуючы па іхных абліччах, замышлялі нешта нядобрае. Аднаму такому бамбізу без шкарпэтак прадавачка нацягвала туфлі, і было нешта зьдзеклівае ў вачох гэтага марцыпанавага хлопца. Нават сонечныя зайчыкі на шкле падаваліся геру Ашэнвольку адмысловым рэклямным трукам. Гер Ашэнвольк запаволіў хаду, паспрабаваў уявіць сябе ў новай кашулі і яго перасмыкнула.

“Перастань крыўляцца! Паглядзі лепш на гэты цуд,” – пацягнула яго за рукаў жонка.

Іх якраз абганяла дзяўчына, уся абвешаная пярэстымі поліэтыленавымі пакетамі самых розных памераў – па іх можна было прасачыць, якія модныя крамы яна сёньня ўжо наведала. Пад пахаю ў дзяўчыны была заціснутая скрынка з абуткам, на якой чырванеў пацалунак вялікай травеньскай зьніжкі. Было дзіўна, як гэта дзяўчына ня падае з такімі высокімі абцасамі. Тым ня менш, яна бегла і хутка зьнікла за рогам.

“Як ты мяркуеш, зь якой яна краіны?” – спытала фраў Ашэнвольк.

“Ня ведаю,” – змрочна прабурчэў яе муж і зноў зь нянавісьцю стаў разглядваць вітрыны.

“А я думаю, яна з Расеі!” – пераканана заявіла фраў Ашэнвольк.

Гер Ашэнвольк паморшчыўся.

“Неабавязкова,” – сказаў ён неахвотна і пакруціў верхні гузік. – “Па-першае, з такім самым посьпехам яна можа быць з Мэксыкі. Па-другое, Расея даўно распалася на маленькія краіны, на пятнаццаць маленькіх краінаў, здаецца…”

“Ня можа быць!” – жахнулася фраў Ашэнвольк. – “Бедныя расейцы! Заўжды ў іх нешта здараецца. Неяк гэта прайшло міма мяне”.

“Так, на пятнаццаць,” – з задавальненьнем сказаў гер Ашэнвольк і пачаў загінаць пальцы, ён гэта любіў. – “На ўласна Расею, на Малдову, на Казахстан… Расея, Малдова, Казахстан… ”

Жонка цярпліва чакала, але гер Ашэнвольк ніяк ня мог прыгадаць, якія там яшчэ краіны, і вельмі зьбянтэжыўся. На шчасьце, яны ўжо дайшлі да крамы і ён, прапусьціўшы жонку наперад, з апаскаю ступіў усярэдзіну.

Так, ён і праўда даўно ужо ня быў у вялікіх модных крамах, таму пачуваўся крыху разгубленым.
Расея даўно распалася на маленькія краіны.
Скасавурыўся на жонку – тая ўвайшла сюды, як у храм: адначасова прасьвятленьне на твары і дзелавітасьць, трэба ж заняць найлепшае месца, каб слухаць казаньне. Агледзеў астатніх пакупнікоў, з тымі ўсё было яшчэ горш. Кожны ўваходзіў сюды, як у храм, але многія – як у храм, пабудаваны ў іхны гонар. Падступная, юрлівая, саладжавая, ня надта гучная, ня надта ціхая музыка лілася з кішэняў разьвешанага паўсюль адзеньня. Прадавачкі ўсьміхаліся геру Ашэнвольку, як самаму дарагому госьцю, станікі расшпільваліся ад аднаго толькі погляду, пінжакі, убачыўшы яго, нячутна запляскалі, і ён паказаў ім язык. Асьвятленьне нагадала геру Ашэнвольку адну даволі прыемную гісторыю зь ягонага юнацтва, калі не было яшчэ ніякай фраў Ашэнвольк, а былі німфы і наяды, такія даступныя, заўжды гатовыя зрабіць зьніжку…

Ота Фрыдрых. Самалюбства, 1904

Людзей у краме было багата. Фраў Ашэнвольк рухам садоўніка сабрала зь вешалак пяць ці шэсьць кашуляў і павяла мужа да прымерачных кабінак. Ім давялося пачакаць, пакуль якая-небудзь вызваліцца – колькі хвілінаў яны стаялі разам з засяроджанымі пакупнікамі абодвух палоў. Людзі выходзілі з кабінак успатнелыя, зьнясіленыя, але шчасьлівыя, бы займаліся там невядома чым, некаторыя заходзілі ў кабінкі ўдваіх і нават утраіх, асабліва школьніцы.
І на падлогу падае нечая спадніца.
“Чаму не на занятках?” – калі б гыркнуць так, тут бы адразу стала вальней дыхаць. Усе глядзелі ўніз, на ногі тых, хто ўжо прымерваў рэчы, гер Ашэнвольк таксама паглядзеў туды, прыемнае відовішча: голыя ступакі зь не зусім чыстымі пяткамі, шкарпэткі з надпісам “Панядзелак”, парваныя панчохі, раз – і на падлогу падае нечая спадніца. “Ну вось!” – сказала фраў Ашэнвольк, калі яе муж упершыню адсунуў фіранку. “Табе вельмі пасуе! І ты… ты зусім не падобны на пажылога разьведзенага трансвэстыта!”

“Так, у ёй я падобны на шчасьлівага трансвэстыта!” – пагадзіўся гер Ашэнвольк і зноў схаваўся ў кабінцы. Ну вось, на нейкую хвіліну ён быў адзін. Ды ўсё адно яму здавалася, што нехта за ім назірае.

Фраў Ашэнвольк пачула за фіранкаю звыклую лаянку і зморана ўзьняла вочы ўгару. Яе муж высунуў з-за фіранкі кіслы твар і тут зусім побач, недзе справа ў адной з кабінак нехта дзіка, пранізьліва залямантаваў.

Гэта быў такі крык, ад якога хацелася зараз жа схавацца кудысьці, закапацца з галавою ў пінжакі, станікі, нагавіцы і паліто. Усе, хто стаяў разам з сужонствам Ашэнволькаў, заціснулі вушы, тое самае зрабілі і гер Ашэнвольк з жонкаю, і толькі дзьве школьніцы ў навушніках, якія чакалі сваёй чаргі, як нічога ніякага жавалі нешта, уперыўшыся вачыма долу.

Гер Ашэнвольк асьцярожна адняў рукі ад вушэй. Крык працягваўся, але быў ужо трохі цішэйшы. Фраў Ашэнвольк таксама ачуняла і цяпер спалохана глядзела на мужа. Крычалі зусім блізка, за пару мэтраў ад іх. Гер Ашэнвольк пастаяў крыху, прыслухоўваючыся, а потым падышоў да адной з кабінак і рэзка адсунуў фіранку. І праўда, там, утаропіўшыся ў люстэрка, стаяла і лямантавала дзяўчына, вельмі падобная да той, якую яны бачылі, падыходзячы да крамы. Прынамсі, пакеты, якімі была заваленая кабінка, наводзілі на такую думку. Была тут і скрыначка з абуткам, купленым непадалёку зь вялікай травеньскай зьніжкай, былі і пакеты зь лягатыпам крамы, дзе яны цяпер знаходзіліся. Гер Ашэнвольк дакрануўся да пляча дзяўчыны, тая здрыганулася, але працягвала крычаць – што праўда, усё цішэй і цішэй, але рот яна не закрывала. Твар дзяўчыны быў перакрыўлены жахам, яна неадрыўна глядзела ў люстэрка. Гер Ашэнвольк узяў дзяўчыну за плечы і вывеў з кабінкі.

“Я таксама спачатку трэніруюся перад люстэркам, калі зьбіраюся да стаматоляга”, – ­сказаў гер Ашэнвольк мякка. – “Але вы, здаецца, нешта пераблыталі”.

Каля кабінкі сабраўся натоўп. Добры голас
Крычалі зусім блізка.
Ашэнволька падзейнічаў на дзяўчыну супакойліва. Яе крык перайшоў ва ўсхліпы, а потым яна хутка-хутка загаварыла пра нешта, на зусім незразумелай мове.

“У яе гістэрыка!” – сказала фраў Ашэнвольк. – “Беднае дзяўчо!”

“Трэба даведацца, адкуль яна,” – сказаў гер Ашэнвольк, зьвяртаючыся да ўсіх прысутных. – “Будзеце сьведкамі” – і ён сунуў руку ў сумачку дзяўчыны. Праз імгненьне ў яго руках быў яе пашпарт.

“Republik of Belarus,“ – гучна прачытаў гер Ашэнвольк. – “Цікава, дзе гэта?”

“Бэлярус, Бэлярус…” – пакатала незнаёмае слова ў роце фраў Ашэнвольк. – “Не, не магу ніяк запомніць. Дарагі, давай яна будзе з Малдовы, добра? Малдову я ўжо запомніла”.

“Хтосьці тут размаўляе па-малдоўску?” – зьвярнуўся да замерлай грамады гер Ашэнвольк. Фраў Ашэнвольк глядзела на яго з захапленьнем – які ён ініцыятыўны, разважлівы, строгі, кемлівы, у гэтай незашпіленай на грудзёх кашулі яе муж выглядаў проста богам. Добра, што яна прывяла яго сюды.

“Мяркую, што ёй трэба даць супакаяльнага”, – сказала рабая дама ў белай тэнісцы.

“Я патэлефаную і даведаюся, ці няма ў нас малдоўскага консульства”, – важка прамовіў сівы спадар у трансвэстыцкай кашулі.

“Мы ўжо выклікалі доктара”, – дадала, нібы выбачаючыся, адна з прадавачак, якія прыбеглі сюды, пачуўшы крык.

І тады дзяўчына залямантавала зноў. “У яе стрэс”, – сказала дама ў белай тэнісцы і высмаркалася.

“Яна хворая, так? ” – спытала гера Ашэнволька адна з школьніцаў, навушнікі якой былі жоўтыя ад вушной серы. – “Прыкольна!”

“Яна шопаголік, тыповы шопаголік”, – сказаў гер Ашэнвольк, моршчачыся ад няспыннага крыку.
Belarus. Цікава, дзе гэта?
– “Шопагалізм – гэта такая залежнасьць. Я, здаецца, ведаю, як яе суняць хаця б на трохі”.
Ён схадзіў і прынёс нейкі каталёг, сунуў дзяўчыне пад нос. Тая крычала не змаўкаючы ва ўсю сілу сваіх малдоўскіх лёгкіх, але потым зацікавілася, і з рычаньнем стала гартаць старонкі.

“Вось,” – пасьміхнуўся гер Ашэнвольк. – “У шопаголікаў гэта бывае…”

“Колькі шмотак яна набрала!” – сказала школьніца з зайздрасьцю. -- “Шопагалічка хрэнава!”

Joseph Maclise, Surgical Anatomy, 1850

“Я чытала цэлы раман пра шопаголікаў…” – сказала дама ў тэнісцы. – “Як жа завуць тую пісьменьніцу? Кіншаса? Марэла? Ня памятаю. Але думаю, каб напісаць такі раман, трэба самой…”

“Гэта ўсё ад недахопу сэратаніну ў крыві”, – сказаў спадар у нетрадыцыйнай кашулі. – “Малдаванкам не хапае гармону шчасьця”.

“У іх там проста надта халодна,” – сказала адна з прадавачак.

“Лухта,” – сказаў гер Ашэнвольк, паварочваючыся да жонкі, але той чамусьці нідзе не было відаць. – “Прычыны ўсіх залежнасьцяў трэба шукаць у дзяцінстве. Яе мала любілі, мала гладзілі па галаве. Мала лашчылі…
Яе мала любілі.
Зь пяці год – ніякіх абдыманьняў-цалаваньняў. Баяліся разбэсьціць. Бацькі, я маю на ўвазе. Мама і тата разумелі гэта – і пачуваліся вінаватымі… Гэтаму дзяўчу трэба была пяшчота. Трошачкі пяшчоты і чакалядны мафін па панядзелках”.

“Во-во”, -- сказала школьніца. – “Але нашто ёй столькі шмотак? Яны ж ужо ўвосень выйдуць з моды!”

“Шопаголікам важны ня толькі вынік, ім важны таксама працэс”, – пакачаў галавой гер Ашэнвольк. – “Але найперш факт, падзея – гэта ўзьвялічвае іх ва ўласных вачах. Факт пакупкі… Факт валоданьня… Валоданьне ў пэўнай ступені штучная замена ласкі. Дарэчы, вы ня бачылі маю жонку?”

“Дзе доктар?” – спытала дама ў тэнісцы, зірнуўшы на гадзіньнік.

“Мы праглядзелі відэазапіс”, -- цяжка дыхаючы, прыбегла другая прадавачка. – “Яна была не адна… Гэтая малдаванка ўвайшла ў краму зь сяброўкай. Магчыма, гэта мае нейкае значэньне?”

“Не адна…” – задумаўся гер Ашэнвольк, пазіраючы на дзяўчыну, якая з хрыплымі выкрыкамі гартала каталёг. Ён увайшоў у кабінку і стаў разглядваць люстэрка, потым стаў корпацца ў рэчах малдаванкі. “Не адна…” – паўтарыў ён, “Не адна…” – прасьпяваў ён, “Не адна…” – сказаў ён, разглядваючы этыкеткі на купленых дзяўчынай рэчах і на тых, якія яна толькі зьбіралася мераць.

“Здаецца, доктар не спатрэбіцца”, – прамовіў гер Ашэнвольк і ўсьміхнуўся. Ён прыўзьняў малдаванку пад пахі, паставіў яе перад сабой і, сур’ёзна гледзячы ёй у вочы, сказаў:

“Вам гэта не пасуе, чуеце?”

Вочы малдаванкі расшырыліся.

“Вы зараз жа здымеце гэтую рэч. Гэта ня вашая рэч. Вы здымеце чужую рэч і пашукаеце штосьці, што будзе пасаваць ВАМ. Тое, што пасуе аднаму чалавеку, не абавязкова пасуе іншаму”.

Малдаванка раптам зашаптала нешта, горача, мокра. Дама ў тэнісцы скептычна слухала гера Ашэнволька, абмахваючыся ўласнай пантофляй.

“Вы ня будзеце ёй так зайздросьціць,” – працягваў гер Ашэнвольк,
І ён пачаў загінаць пальцы.
зазіраючы малдаванцы проста ў зрэнкі, -- “Вы, урэшце, маеце зусім іншы памер, ня той, які пазначаны на гэтым цэтліку, ці ня так? Вы зараз жа пойдзеце і здымеце тое, што вам ня трэба!”

Ён падштурхнуў малдаванку да кабінкі і захінуў за ёй фіранку. Крык, які пачуўся адтуль, стаў проста невыносны, але ўсе, заціснуўшы вушы, зь цікавасьцю глядзелі ўніз, на падлогу кабінкі, на белыя ногі ў туфлях на высокім абцасе, якія няўпэўнена тапталіся па дыване. Пэўны час нічога не адбывалася…

“Глядзіце, глядзіце на ногі, іх чатыры!” – закрычала дама ў тэнісцы. – “А каб цябе халера!..”

“Ды не, іх шэсьць!” – перакрыкваючы малдаванку, выгукнуў спадар у моднай кашулі.

Гер Ашэнвольк прысеў на кукішкі перад кабінкай і пачаў загінаць пальцы.