Галоўнай навіной, якую агучыў 20 красавіка Аляксандар Лукашэнка падчас выступу ў Нацыянальным сходзе, стала тое, што зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Бакіеў ад панядзелка знаходзіцца ў Менску. Пра гэта Алена Ціхановіч гаварыла з Вэнэрай Джуматаевай з кіргіскай рэдакцыі Радыё Свабода і Юрыем Дракахрустам.
Ціхановіч: Вэнэра, чаму Бакіеў не застаўся ў Казахстане, дзе ён быў да нядаўняга часу?
Джуматаева: Казахстан як самая суседняя краіна да Кіргізстану ў першую чаргу зацікаўлены ў стабільнасьці ў сябе. Казахскія ўлады, вывучыўшы сытуацыю, тое, што адбываецца ў Кіргізстане, зразумелі, што атачэньне Бакіева і сам Бакіеў сталі цэнтрам дэстабілізацыі сытуацыі ў краіне. Яны зразумелі, што краіна была ўжо за некалькі крокаў ад далейшай эскаляцыі і процістаяньня ў грамадзтве. Таму яны вырашылі, што калі ў суседа адбываецца пажар, то яго трэба хутчэй ліквідаваць, інакш ён перакінецца да цябе ў хату. Таксама, калі Бакіеў быў у Казахстане, казахскае грамадзтва, прадстаўнікі розных арганізацыяў і шараговыя людзі выказвалі вялікае незадавальненьне тым, што казахскі прэзыдэнт прыняў Бакіева ў Казахстане. Маўляў, навошта нам у дадатак да нашых карупцыянэраў ва ўладзе яшчэ адзін? Апроч таго, Бакіеў у выніку няправільнай зьнешняй палітыкі вельмі моцна сапсаваў адносіны з суседзямі і з Масквой у тым ліку. Як мы бачым, ён захаваў вельмі добрыя адносіны зь беларускім прэзыдэнтам.
Ціхановіч: Юры, чаму на ваш погляд Лукашэнка запрасіў Бакіева ў Беларусь? Ці было тут пагадненьне паміж Менскам і Масквой, альбо гэта асабістая ініцыятыва Лукашэнкі, магчыма і насуперак Маскве?
Дракахруст: Я мяркую, што гэта была яго ўласная гульня. Ён павёў сябе па-свойму пасьлядоўна. Ён казаў, што ў Кіргізстане адбыўся пераварот, што Бакіеў застаецца легітымным прэзыдэнтам. Ну і ня толькі сказаў, але і зрабіў. Бакіеў у Менску – своеасаблівы талісман для Лукашэнкі. Ён паказвае беларусам, што будзе страляць у выпадку чаго, і паказвае, як ён абараняе чалавека, які страляў. Ён паказвае Расеі ступень свайго абурэньня тым, як хутка яна кінула свайго былога партнэра. Ён паказвае моцным гэтага сьвету, і Расеі, і Амэрыцы, што іх дамоўленасьць паміж сабой – гэта яшчэ ня ўсё. Ну і гэта пэўнае пасланьне лідэрам краін рэгіёну, якія, можа, таксама, як і Лукашэнка, з жахам прымяраюць лёс Бакіева на сябе, аднак з прычыны сытуацыі не змаглі выступіць на яго абарону. Лукашэнка тут выступае як своеасаблівы лідэр Сьвяшчэннага антырэвалюцыйнага саюзу.
Да таго ж варта дадаць, што ў прынцыпе да таго, як сытуацыя супакоіцца, усе задаволеныя тым, што Бакіеў прызямліўся ў Менску. Ад месца падзеяў далёка, краіна ў рэгіянальныя разборкі не ангажаваная, у прынцыпе, пры жаданьні, на яе можна і паўзьдзейнічаць.
Ціхановіч: Аляксандар Лукашэнка сказаў, што прынятыя 4 чалавекі і што лекары-пэдыятры цяпер працуюць зь дзецьмі. Але, як вядома, у Бакіева дарослыя дзеці. Пра якую сям’ю і пра якіх дзяцей тады ідзе размова?
Джуматаева: Гэты момант стаўся галоўнай інтрыгай, з моманту ад'езду Бакіева з Кіргізстану. І, па-мойму, спадар Лукашэнка быў першым чалавекам, які публічна заявіў, што Бакіеў прыляцеў з малымі дзецьмі і з жонкай. Цяпер ужо высьвятляецца, што да таго моманту ўся грамадзкасьць Кіргізстану ведала Бакіева жанатым з этнічнай расейкай Тацьцянай Бакіевай, ад якой у яго ёсьць два дарослыя сыны. Але цяпер высьвятляецца, што ў Бакіева некалькі незаконных жонак, пра што чалец часовага ўраду Азімбэк Бэкназараў сказаў публічна, што ў Бакіева нефармальна дзьве жонкі. Я вельмі спадзяюся, што ў іх быў нейкі абрад "ніке", што дазваляе мусульманскім мужчынам мець некалькі жонак, але закон у Кіргізстане адзін для ўсіх, дзе за мнагажэнства людзі мусяць адказваць перад законам. І я думаю, што ў Беларусі таксама за мнагажэнства людзі павінны адказваць перад законам, і я ня ведаю, як гэты момант будуць улічваць беларускія ўлады.
Ціхановіч: Юры, Кіргізстан зьяўляецца сябрам Дамовы аб калектыўнай бясьпецы, летась былі створаныя сілы хуткага рэагаваньня Дамовы. Чаму яны не былі ўжытыя падчас забурэньняў у Кіргізстане, чаму Бакіеў не запрасіў гэтыя сілы для здушэньня непарадкаў?
Дракахруст: Для запрашэньня сілаў КСАР неабходнае запрашэньне з боку дзейных уладаў краіны. Чаму Бакіеў не запрасіў? Магчыма, таму, што ўсё адбывалася вельмі хутка. Другі матыў – тое, што гэтыя сілы вызначаныя для барацьбы з пагрозай нацыянальнай бясьпецы. Калі б на Кіргізстан напалі нейкія замежныя ісламісты – гэта бясспрэчна пагроза. А тут – унутраная барацьба за ўладу. Мяркую, што і суседзі Кіргізстану, і Масква доўга думалі, ці падпадае гэтая сытуацыя пад тыя, у якіх можна ўжываць сілы КСАР. І думалі б дакладна да таго часу, як усё закончылася. Нарэшце, запрасіць замежнікаў для здушэньня народных хваляваньняў – гэта расьпісацца ў сваёй бездапаможнасьці настроіць супраць сябе свой народ. Як гаварыў Напалеон, штыхамі можна зрабіць шмат, але на іх нельга сядзець.