Набліжаецца сэзон адпачынкаў. Дзе зьбіраюцца адпачываць сёлета беларусы, ці паўплывае крызіс на іх пляны, колькі гатовыя суайчыньнікі ашчадзіць на адпачынак?
Зь першымі веснавымі промнямі сонейка людзі пачынаюць марыць аб адпачынку і плянаваць, куды паехаць. Вось найбольш тыповыя адказы менчукоў на пытаньне, дзе яны зьбіраюцца сёлета адпачыць:
— За мяжой. Таму што мора люблю. Таму што там сэрвіс, і ўсё такое. Прыемней неяк адпачываць за мяжой.
— Не хапае ў нас яшчэ месцаў для забаваў, якія ёсьць у Эўропе.
— У Беларусі лепш за ўсё, дзесьці на лецішчы альбо ў вёсцы.
— Шчыра кажучы, усё роўна. Апошні раз адпачываў у Беларусі, спадабалася. А часьцей, канечне, за мяжой.
— Калі ёсьць лішнія грошы, канечне, за мяжой. Там сэрвіс лепшы.
— За мяжой, канечне. Дзе тут адпачываць?
— На моры, канечне. Хачу сёлета ў Румынію паехаць.
— За мяжой, таму што там сэрвіс лепшы.
— Ня ежджу нікуды. Сяджу зь дзецьмі дома.
— Лепш зьяжджаць. Таму што за мяжой кошты тыя ж, а ўмовы лепшыя, і цікавей.
— На курорце ў Эгіпце. А ў Беларусі неяк ня вельмі добра, і надвор’е дрэннае.
— Канечне, толькі за мяжой. Беларусі мне хапае 350 працоўных дзён.
— Канечне, за мяжой, там жа людзі іншыя, цуд!
Такім чынам, бальшыня беларусаў усё ж марыць адпачываць па-за межамі краіны. Тыдзень таму ў Беларусі прайшла прадстаўнічая выстава-кірмаш «Адпачынак», у якой удзельнічала каля 200 экспанэнтаў з 14 краінаў сьвету. Галоўны рэдактар тыднёвіка «Туризм и отдых» Лілія Кобзік на пытаньне, ці будуць адпачываць сёлета беларусы, адказала так:
«Недзе будуць адпачываць. Крызіс, найбольш жорсткая хваля, накрыў беларусаў у 2009 годзе. Рынак проста абрынуўся — гэта бачна нават па статыстыцы, хаця яна паказвае ня вельмі дакладныя лічбы. У гэтым годзе другая хваля, мабыць, будзе, таму што, нягледзячы на прапановы са зьніжкамі, раньніх шматлікіх браніровак не назіраецца. Кліент чакае».
Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2009 годзе на кожнага замежнага турыста, што наведаў Беларусь, прыходзілася трое беларусаў, якія выяжджалі за мяжу. Колькасьць арганізаваных турыстаў, што адпачывалі за мяжой, склала 317 тысяч чалавек — гэта на 17% менш, чым у 2008 годзе. Летась найбольш папулярнымі ў беларускіх турыстаў краінамі традыцыйна былі Турцыя, Украіна, Баўгарыя, Эгіпет, Расея, Літва, Польшча, Чэхія.
Звычайна на выставе-кірмашы народ вывучае прапановы, параўноўвае кошты і браніруе пуцёўкі. Прадстаўнік буйной кампаніі «Алатан-Тур» Аляксей Стрэльчанка выказаў такое меркаваньне:
«Сёньня найбольшая колькасьць рэйсаў у Турцыю прадстаўлена. Натуральна, гэта краіна для беларускіх турыстаў пад нумарам адзін. Крыху павялічана колькасьць перавозак у Грэцыю. Можна меркаваць, што будзе невялікі рост і на Баўгарыю. Круглы год народ у Эгіпет лятае. Нязгасны інтарэс — гэта адпачынак у Крыме. У цэлым, я б сказаў, асьцярожны аптымізм прысутнічае».
Куды сёлета беларусы змогуць паехаць, шмат у чым залежыць ад коштаў на пуцёўкі. Лілія Кобзік кажа:
«Пакуль што ёсьць толькі травеньскія цэны і чэрвеньскія. На шмат якіх напрамках гэта яшчэ ня вельмі цёплае мора, невядома, якое надвор’е. Але цэны ёсьць, і яны вельмі „салодкія“, вельмі нізкія. Таму, хто хоча адпачыць на пачатку сэзону, зараз могуць купіць пуцёўкі па неблагіх коштах».
Што тычыцца тых мясьцінаў, якія лічацца самымі масавымі — Турцыя, Баўгарыя, Крым — раньнія браніроўкі таксама ня вельмі добра ідуць, таму што ўсе чакаюць, што ў разгар сэзону будуць вельмі вялікія зьніжкі, мяркуе Лілія Кобзік:
«Можа, нават і дачакаюцца — у тым выпадку, калі ўсе самыя прыстойныя гатэлі не раскупяць расейцы і немцы. Інакш нам давядзецца браць тое, што застанецца».
Што тычыцца мінулага году, крызіс істотна закрануў толькі некаторыя катэгорыі насельніцтва, мяркуе прадстаўнік «Алатан-тур» Аляксей Стрэльчанка:
«Людзі, якія выбіралі найбольш эканамічныя варыянты адпачынку, Чарнаморскае ўзьбярэжжа Ўкраіны — ня Крым, а, да прыкладу, Херсонскую вобласьць, Адэскую, Мікалаеўскую, арганізаваны адпачынак
Найбольш эканомная катэгорыя летась нікуды не паехала, а засталася на лецішчах, на вёсцы.
З уступленьнем суседніх зь Беларусьсю краінаў у Шэнгенскую зону беларусы менш сталі адпачываць у Эўропе: летні адпачынак на азёрах у Польшчы, на Балтыйскім моры ў Літве і проста экскурсіі сталі карыстацца меншым попытам з-за высокага кошту візаў, кажа Лілія Кобзік:
«Самі па сабе гэта даволі недарагія паездкі, але візы на сям’ю з чатырох чалавек па суме каштуюць больш, чым сама паездка. Таму проста адсеклі ад Усходняй Эўропы беларусаў. А Заходняя Эўропа зь вельмі добрымі гатэлямі ня вельмі даступная па цэнах».
Турыстычны партал Holiday.by цягам пяці гадоў уважліва адсочвае, дзе адпачываюць беларусы. Што тычыцца сэзону-2010, кіраўнік парталу Андрэй Барашка кажа:
«Адпачынак у Беларусі, Турцыя, Крым і Ўкраіна, як два розныя кірункі, і Баўгарыя — вось „топ-пяцёрка“, якая захавае сёлета свае пазыцыі. Паводле папярэдніх прагнозаў, год ня будзе крызісным. Ашчаджэньні на адпачынак у людзей ёсьць, адпачынак — вельмі заразная штука. То бок калі людзі рэгулярна адпачывалі раней, яны ўжо ня змогуць адмовіць сабе ў гэтым задавальненьні. Летні сэзон, як мінімум, я чакаю актыўным».
Колькі грошай беларусы гатовыя патраціць на адпачынак?
Колькі грошай беларусы гатовыя патраціць на адпачынак?
— На добры адпачынак — колькі ёсьць, нічога не шкада.
— Колькі ёсьць.
— Колькі зараблю, нічога не шкада.
— Даляраў 500-600.
— У залежнасьці ад таго, з кім еду. Калі зь дзяўчынай — больш, калі адзін — менш.
— Колькі муж дасьць, столькі і патрачу.
— Максымальную суму, колькі можна.
— Каля 1 тысячы даляраў
— У асноўным зь сям’ёй адпачываю, таму гэтае пытаньне не паўстае ў мяне.
— Калі грошай многа, тады іх траціць. А ў мяне няма чаго траціць.
— Ды ўсё, што зараблю да адпачынку, гатовая прасадзіць там.
— Колькі ёсьць.
— Колькі зараблю, нічога не шкада.
— Даляраў 500-600.
— У залежнасьці ад таго, з кім еду. Калі зь дзяўчынай — больш, калі адзін — менш.
— Колькі муж дасьць, столькі і патрачу.
— Максымальную суму, колькі можна.
— Каля 1 тысячы даляраў
— У асноўным зь сям’ёй адпачываю, таму гэтае пытаньне не паўстае ў мяне.
— Калі грошай многа, тады іх траціць. А ў мяне няма чаго траціць.
— Ды ўсё, што зараблю да адпачынку, гатовая прасадзіць там.