Сьвятлана Длатоўская нарадзілася і жыве ў Менску. Паводле адукацыі – дызайнэр. Працавала ў Акадэміі мастацтваў. Навучалася ў Беларускім калегіюме. Друкавалася ў "Нашай Ніве", часопісе "Паміж", удзельнічала ў праектах Свабоды. Паводле ладу жыцьця – хатняя гаспадыня, якая ў вольны ад выхаваньня дачкі і сына час мадэлюе арыгінальныя нацыянальныя строі. Сябра Менскага згуртаваньня спадкаемцаў шляхты і дваранства.
Што для вас свабода?
Упэўненасьць і жаданьне жыць.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Няздольнасьць паразумецца зь іншымі.
Што для вас шчасьце?
Адчуваю сябе шчасьлівай, калі раблю тое, што хачу і ўсё атрымліваецца як сьлед, калі добра тым, хто побач.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Быць бездапаможнай.
Які талент вы хацелі б мець?
Усё, што я хацела б – маю, але шмат з таго, на жаль, закапала. Напрыклад, добра танчыць.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Думаю, я ўмею захапляцца тым, хто побач, хто прыцягнуў увагу ў дадзены момант.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Чытаць, думаць, што-небудзь майстраваць.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Больш давярала б сабе, кіравалася сваёй інтуіцыяй.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
«Ты маеш рацыю».
Які ваш улюбёны дэвіз?
Сёньня гэта: «Калі бачыш недасканаласьць вонкі, шукай прычыну ў сабе».
b)
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Мне ўсё болей цікава назіраць за гэтай і за сабою ў ёй.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
Тут.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Цяпер.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Адной, асобна ўзятай кіраўніцай я б ня стала. Калі «адной з…», то ўзялася б за адукацыю.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Добрасуседзкія.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Такія ж, як з Эўразьвязам.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Аніяк не навучуся спакойна глядзець у твар дыктатара любога ўзроўню, магчыма таму, што баюся ўбачыць сябе. Мне самой з сабой ня проста.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Калі пачнем прыслухоўвацца і вучыцца разумець сябе ды іншых. Магчыма, спакойна, а можа давядзецца выказаць сваё натуральнае абурэньне.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Калі адчуюць, што ёсьць вуха (для адных – зьнешняе, для другіх – унутранае), якому прыемна і цікава нас чуць.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Застануцца непачутымі, нявыказанымі.