У чаканьні Мэры Попінс. Паміж вятрамі з усходу і захаду

Як гаварыў бываў субкамандантэ Маркас, «ідэі, яны як фасоля з сасіскай: калі не пасьпееш, прыйдзе іншы і паабедае імі». Падчас чытаньня навінаў пра выбрыкі Эяф'ятлаёкудлю мне прыйшло ў галаву, як можна было б назваць матэрыял, прысьвечаны наступствам вывяржэньня ісьляндзкага вулькану: «Эўропа пасыпае галаву попелам». Але мяне апярэдзіла «Камсамольская праўда ў Беларусі», выкарыстаўшы гэтую фразу ў якасьці аднаго з падзагалоўкаў артыкулу на тую самую тэму. Адзінае што «Камсамолка» ўжыла яе толькі дзеля прыгожага слоўца. Я ж меркаваў зьвязаць гэта з жалобай па ахвярах крушэньня польскага самалёта пад Смаленскам. У якой было столькі сымбалізму, што сымбалічнае прачытаньне гісторыі з вульканам напрошвалася само сабой: акурат напярэдадні пахаваньня на колькі дзён спыненыя авіяпералёты, пасыпаньне попелам - знак пакаяньня і скрухі...

Мне думалася, хто-небудзь зь беларускіх блогераў абавязкова мусіць зьвярнуць увагу на такое містычнае супадзеньне. Аднак яно засталося «непрачытаным» - падобна, беларускія блогеры ня надта схільныя да містыкі.


УДАР РУСКІХ БАГОЎ


У адрозьненьне ад сваіх расейскіх калегаў па мышцы і клявіятуры. Што праўда, расейскія блогеры прачыталі яго ў іншым ключы. Гэтак, прыдворны гумарыст-прапагандыст Максім Кананенка, найбольшую вядомасьць якому прынёс інтэрнэт-праект «Уладзімер Уладзімеравіч», напісаў у сваім блогу:

«Выглядае на тое, што Лех Качыньскі чымсьці моцна раззлаваў божачку, які мала таго, што забіў яго самым ганебным чынам, дык цяпер яшчэ і вулькан запусьціў, каб да яго на хаўтуры ніхто не прыехаў».

Яму ўторыць Андрэй Мялькоў, выкладчык Маскоўскага ліцэю духоўнай культуры і Каломенскай духоўнай сэмінарыі, праваслаўны грамадзкі дзяяч, узнагароджаны граматамі «У блаславеньне за руплівую працу ў славу Сьвятой Царквы»:

«Сапраўды містычныя рэчы адбываюцца: спачатку польскі прэзыдэнт-русафоб не даляцеў да Катыні, разьбіўся пад Смаленскам, тым самым выканаўшы ўласнае прароцтва. У свой час Лех Качыньскі казаў, што яго нага ня ступіць на рускую зямлю - вось і не ступіла. Цяпер вывяржэньне вулькана заступіла шлях на яго пахаваньне цэлай ардзе адыёзных русафобаў з усяго сьвету! Інакш яны самі рызыкуюць загінуць сьмерцю Качыньскага! І ўсё гэта адбываецца ў сьвятыя Велікодныя дні! Ці ня Бог заступае ім шлях???»


Выбітная расейская журналістка з кансэрватыўна-патрыятычнага лягеру Таіс Максімава, якая, паводле ейных словаў, заўжды была ўпэўненая, што «чалавецтва загіне ад вывяржэньня Жахлівых і Пачварных Вульканаў... і нікому, нідзе, ні за якія мільярды эўрыкаў ня будзе тут паратунку», піша:

«Вы спытаецеся: куды ж бегчы? Выратуюцца только тыя чыстыя душы, каго Хрыстос возьме на борт свайго боскага зоркалёту. Ён перанясе іх на Пандору, дзе гэтыя чыстыя душы змогуць увасобіцца ў прыгожых, магутных целах наўі і працягнуць сваё жыцьцё ў гармоніі з Прыродай.

Што ж рабіць нам, няшчасным зямлянам, асуджаным на татальнае вынішчэньне, каб патрапіць у лік Абраных? Двух меркаваньняў быць ня можа: канечне, тое, што наказаў нам Хрыстос: маліцца, маліцца і маліцца! І зьдзяйсьняць як найбольш добрых справаў. Убачыў дзе добрую справу, якая патрабуе зьдзяйсьненьня, - не праходзь міма, зьдзейсьні яе! Няхай адной добрай справай стане болей. А ў перапынках паміж добрымі справамі падыходзь да люстэрка і патрабавальна пытай сябе: ну як, ачысьціў душу? ці зноў запэцкаў?..»


На жаль, яна не абмежавалася гэтымі паўжартаўлівымі-паўсур'ёзнымі развагамі, дадаўшы да іх пастскрыптумам модны ў гэтым палітычным сэзоне зласьлівы пасаж:

«І вось яшчэ што думаю. Калі гэты ісьляндзкі вулькан насамрэч перашкодзіць князям гэтага сьвету зьляцецца, як яны хочуць, на хаўтуры Качыньскага - вось тады ўжо і самыя заўзятыя скептыкі-рацыяналісты будуць пасаромленыя. Нават яны тады, напэўна, зразумеюць, каго і чаму пракляў Бог».

Як жа ён выглядае, гэты змрочны рускі бог? Троху раней спадарыня Максімава прадэманстравала ягонае аблічча ў допісе пад загалоўкам «Вось які Хрыстос патрэбны сёньня Расеі»:



«Моцны Хрыстос для моцнай Расеі!» (mustela-p_f)

«Красаўчэг!» (elya_djika)

«Царква Хрыста ўгневанага». (andrey_perla)

ПРЫРОДА - ФАШЫСТКА


14 красавіка ў Кітаі адбыўся землятрус, ахвярамі якога сталіся больш за тысячу чалавек. Гэтая шараговая падзея, пазбаўленая сымбалізму і патасу, была адно мімаходам узгаданая ў стужках навінаў.



(Фотаздымак mignews.com.ua)

«Каму падказаць адрэсы кітайскіх амбасадаў і консульстваў? Ці кітайцы меней чалавекі, чым палякі? Або статус загінулых ня той?», - зьвярнуўся да сваіх беларускіх чытачоў tiradorrus.

«Іх занадта шмат на плянэце», - сказаў, як адрэзаў, kong_en_ge.

Магчыма, гэтую думку падзялялі многія беларускія блогеры, магчыма - не, цяжка сказаць, бо яны захоўвалі маўчаньне. Землятрус у Кітаі не адгукнуўся рэхам у беларускай блогасфэры. Хіба што nicolaev выказаў спачуваньні ад імя «Групы падтрымкі Тыбэту ў Літве і Беларусі», літоўскага руху «За вольны Тыбэт» і беларускага руху негвалтоўнага супраціву БУНТ, што падкрэсьлівала палітычную матываванасьць спачуваньняў. Як вядома, землятрус адбыўся ў Юйшу-Тыбэцкай аўтаномнай акрузе.

Блогер czerniec, цытуючы п'есу Андрэя Платонава «Катрынка», піша з нагоды землятрусу, што «прырода - фашыстка»:

«Так, прырода іншым разам вельмі нялюдзка дзейнічае і бязьдзейнічае. Злавацца на яе - трэба. Як на адушаўлёную. Тады яна рана ці позна адушавіцца, возьмецца за розум.

Ня памятаю хто, але хтосьці цалкам вучоны выказаў думку, што ўсё адно ва ўсіх катастрафічных згубах вінаватыя людзі. Таму што адны не далі іншым месцы ў бясьпечным кутку прыроды, выцеснілі, вымусілі карміцца ў страшным няўпэўненым месцы. Неразумнасьць прыроды - толькі адлюстраваньне ўсёй той неразумнасьці, якая ёсьць у чалавеку. Упартай неразумнасьці, нерастваральнай, як джала ў целе».


СУСЬВЕТНАГА КУРАДЫМНІКА - ПАД СУД!


Мабыць, прынцып «свая кашуля бліжэйшая да цела» намёртва зьнітаваны з чалавечай прыродай? Блогерка litota_ шчыра прызнаецца:

«Калі землятрус выварочвае выспу Гаіці альбо тарнада бушуе ў Новым Арлеане, мяне гэта тычыцца на ўзроўні навінаў у інтэрнэце ды абмеркаваньняў зь сябрамі. Калі пачалося вывяржэньне вулькана ў Ісьляндыі, я зноў не надала гэтаму асаблівай увагі. Але калі пачалі закрывацца аэрапорты - спачатку ў паўночнай Эўропе, а сёньня ў Менску і Кіеве - мяне гэта закранула непасрэдным чынам. Гэта ж трэба, менавіта на гэтыя дні ў нас купленыя квіткі Кіеў - Масква - Ню-Ёрк...»


З трывогай «паглядае на вульканічную хмарку» sonodonna, «дасылае промні» Эяф'ятлаёкудлю adelka, якіх таксама турбуе пытаньне наладжанасьці авіяпералётаў, burbalka падлічвае, што «цягніком паехаць у тую самую Нямеччыну абыйдзецца ў два разы даражэй».

Блогерка midori_liqueur, чыя праца зьвязаная з авіяперавозкай грузаў, якія гэтымі днямі перажываюць не найлепшыя часы, распавядае:

«Хітом дня сталі пытаньні ад кліентаў: "Скажыце, а калі нарэшце скончыцца гэтае вывяржэньне???" Ужо траім паабяцала прыкласьці ўсе магчымыя высілкі для паскарэньня дадзенага працэсу».


Сапраўды, як ён асьмеліўся, нягоднік, чаму ніхто ня дасьць яму рады, куды толькі глядзяць мэнэджэры, адказныя за вулькан?!

Блогер lemantar задаўся пытаньнем:

«А што калі авіякампаніі пададуць у суд на Ісьляндыю з патрабаваньнем кампэнсаваньня стратаў ад вулькана?..»


«Ісьляндцы могуць прапанаваць пазоўніку прыехаць, спусьціцца ў жарало і ўручыць містэру Вулькану заяўку асабіста. Яшчэ могуць даць інтэрполу санкцыю на арышт містэра Вулькана... Сусьветнага курадымніка - пад суд!», - адгукаецца domitori.

Блогерка vinni_violet перадае адказ ісьляндзкага «зламысьніка» на прэтэнзіі да яго:



«Пакладзіце 30 мільярдаў эўра ў сьмецьцевы кантэйнэр каля амбасады Ісьляндыі сёньня ўначы, тады мы выключым вулькан! Не тэлефануйце ў паліцыю».

БЕЛАРУСЬ НАДЗЕЙНА НАКРЫТАЯ МЕДНЫМ ТАЗАМ


Нягледзячы на благую рэпутацыю вульканаў, у якой часткова вінаватыя самі вульканы, часткова створаную ім дзеячамі мастацтваў, і на злавеснае аблічча асабіста Эяф'ятлаёкудлю, беларускія блогеры, за рэдкім выключэньнем, не паддаліся паніцы.



(На здымку - раздрукоўка радарнай выявы трох кратэраў, якія фармуюць вулькан Эяф'ятлаёкудль. Падгледжана ў блогеркі batsueva)

«Нас хоць дустам труць»
, - заўважыў _rubl_.

«Пасьля Чарнобылю ўжо нічога ня страшна», - дадаў alex_see.

Блогер jon_quille падзяліўся анэкдотам:

«- Беларусь можа накрыць воблака вульканічнага попелу.
- Ня трэба нас пужаць! Беларусь даўно і надзейна накрытая Медным Тазам!»


Блогерка bakkarate склала для сябе гераічны расклад на дзень:

«8:00 - разгон аблокаў
8:30 - вайна з Ісьляндыяй
9:00 - 18:00 - подзьвіг».


Аднак некаторыя па-гаспадарску ўсур'ёз турбаваліся за лёс будучага ўраджаю:

«Зыходзячы з таго, пра што я даведалася з энцыкляпэдыяў, калі гэты скандынаўскі вулькан працягне пыхкаць, то лета будзе халодным, а ўраджаі прынясуць непрыемныя неспадзяванкі».
(tanushok)

«На небе блюзьняцца сьляды вульканічнага попелу. Пялёсткі мясцовай сакуры мёртвым сьнегам засыпаюць зямлю. Абяцаюць пахаладаньне да мінус шасьці градусаў. Трывожуся за азімыя». (valery_brest_by)

У ЧАКАНЬНІ МЭРЫ ПОПІНС. ПАМІЖ ВЯТРАМІ З УСХОДУ І ЗАХАДУ



(Фотаздымак падгледжаны ў toxaby)

Зрэшты, знайшліся сярод беларускіх блогераў і тыя, хто «прачытаў» гэтую падзею ў адпаведнасьці з грандыёзнай веліччу відовішча вывяржэньня Эяф'ятлаёкудлю. Гэтак, arvidaus убачыў у ім знак «абуджэньня Эўропы»:

«Апошнім часам адчуваньне, што нешта таемнае і магутнае творыцца ў Эўропе. Поўнач абуджаецца. Cымбалізм відавочны,- нібы новы час, усё старое сябе аджыло і павінна застацца хіба што ў гістарычных кнігах, ды раптам, нібы выбух вулькана ў самай Поўначы, прачнецца сапраўдны дух Эўропы, які мае адным сваім подыхам зруйнаваць любыя чалавечыя патугі. Europe, erwache!»

Хм... нешта мне нагадвае гэты бадзёры заклік, нешта ня вельмі добрае. Лепей няхай ужо ціхенька сьпіць, чым так прачынацца.

А zhozh чакае на тое, што разам з ісльяндзкім попелам да нас прынясе... цудатворных збаўчых натаўцаў:

«На Беларусь насоўваецца ісьляндзкі попел, падобна таму, як больш за тысячу гадоў таму ісьляндзкі прапаведнік сьвяты Торвальд Вандроўца адкрыў сьвятло Хрыстова беларусам і асьвяціў нашыя землі падобна апосталам.

Попел зьяўляецца цудоўным антысэптыкам, валодаючы надзвычайнымі ўласьцівасьцямі ачышчэньня, вылячэньня і сілкаваньня. Нездарма на вядомай грэцкай высьпе Санторыне расьце пышны вінаград, які не паддаецца ніякім хваробам, таму на ўвесь сьвет вядома і выдатнае віно гэтай выспы вульканічнага паходжаньня.

Хай жа ісьляндзкі попел прынясе да нас ачышчэньне і вылячэньне, дух асьветы і волі, і мы запладаносім вінаграднымі гронкамі, як санторынскія лозы.

Ісьцінна, прыйдуць да нас натаўцы (у выглядзе цудоўнай Мэры Попінс) і возьмуць нас сілай!»


Сапраўды, на што яшчэ і спадзявацца, як не на вінаградных апосталаў з НАТО, занесеных з попелам ісьляндзкага вулькана...

Блогер strangerbel заўважае:

«З захаду да нас ляціць вульканічны попел, затое з усходу - адстаўны прэзыдэнт Бакіеў...»

Так і жывем.