Амбасада Польшчы ўдзячная беларусам

Кветкі ля польскага пасольства.

Ва ўладных структурах Беларусі не паведамляюць пра склад афіцыйнай дэлегацыі, якая возьме ўдзел у цырымоніі разьвітаньня з прэзыдэнтам Польшчы Лехам Качыньскім, які загінуў у авіякатастрофе пад Смаленскам. У Савеце рэспублікі пакуль не пацьвярджаюць, што яе можа ўзначаліць старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Барыс Батура. У Міністэрстве замежных спраў Беларусі паведамілі, што «гэта будзе дэлегацыя высокага ўзроўню».

У амбасадзе Польшчы ў Менску сказалі, што склад афіцыйнай дэлегацыі ад Беларусі ўдакладняецца. Часовы павераны Вітальд Юраш выказаў падзяку грамадзянам Беларусі:

Мы вельмі ўдзячныя грамадзянам Беларусі за тую душэўную падтрымку, якую мы атрымліваем.
«Мы вельмі ўдзячныя грамадзянам Беларусі за тую душэўную падтрымку, якую мы атрымліваем. Каля амбасады і кансуляту ўскладзена многа кветак, і мы за гэта ўдзячныя. Пры арганізацыйных справах, пры пералётах нашых самалётаў зь сем’ямі, з афіцыйнымі дэлегацыямі нам аказваецца ўсялякае судзеяньне, і мы за гэта вельмі ўдзячныя. Мы атрымліваем згоду на пералёты самалётаў імгненна, без аніякіх перашкодаў».

Часовы павераны Вітальд Юраш ня стаў камэнтаваць заявы Аляксандра Лукашэнкі адносна прычынаў катастрофы самалёта польскага прэзыдэнта.

«Толькі пачуўшы запіс гэтага выказваньня, я мог бы паспрабаваць неяк да гэтага паставіцца. Але паколькі я гэтага ня чуў, я проста не магу камэнтаваць».

Нагадаем, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што авіякатастрофа пад Смаленскам стала вынікам «няправільнага рашэньня галоўнага чалавека краіны». Сёньня ж Інтэрфакс цытуе крыніцу ў камісіі па расьсьледаваньні авіякатастрофы. Згодна зь ёй, гукавы самапісец расшыфраваны і няма пацьверджаньняў, што нехта з высокапастаўленых пасажыраў патрабаваў ад пілётаў абавязковай пасадкі пад Смаленскам.

Наколькі заява кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі адпавядала дыпляматычнай этыцы? Былы намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Саньнікаў сказаў:

«Я не хачу камэнтаваць. Хамская заява, і ўсё. Проста брыдка гэта камэнтаваць».

Былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін нагадаў, што Беларусь — адзіная краіна-суседка Польшчы, якая не абвясьціла дня жалобы:

«Гэта ўжо вялікі паказчык адносінаў да таго, што адбываецца. Потым, ніхто ня ведае, што было насамрэч у момант гэтай трагедыі. Відаць, спадар Лукашэнка па сабе мяркуе і лічыць: калі ў краіне ніхто ня можа вырашаць, апроч яго, то па-іншаму немагчыма. Калі нешта ёсьць чалавечае, то ён бы ўжо ў пасольства прыйшоў. Гэта ўжо проста нешта нялюдзкае».

Былы кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Гайдукевіч сказаў, што кіраўніку краіны дапускаць падобныя заявы — гэта блюзьнерства, бо загінулі людзі, эліта. На тое, што дагэтуль не абвешчана жалоба ў Беларусі, ён сказаў:

І калі нармальныя людзі ёсьць, то ў іх толькі камяк у горле стаяў.
«Я абураны і не хапае слоў казаць пра гэта, і слухаць немагчыма. І калі нармальныя людзі ёсьць, то ў іх толькі камяк у горле стаяў».

Адзін зь лідэраў Эўрапейскай Беларусі Мікола Статкевіч адзначыў:

«Незалежна ад таго, чым выкліканая гэтая трагедыя, ня справа кіраўнікоў Беларусі публічна некага абвінавачваць. Трэба паважаць пачуцьці суседняга з намі народу, для якога гэта насамрэч трагедыя, што б там ні было ў тым самалёце».

“Такая ў нас улада — ніякага сэрца ня мае для людзей…”

Жыхары Сапоцкіна пра неаб’яўленую жалобу
Ва ўсіх суседніх зь Беларусьсю краінах пасьля смаленскай катастрофы абвясьцілі жалобу. У Беларусі — не. Чаму? Гэтае пытаньне наш карэспандэнт задаваў жыхарам мястэчка Сапоцкін, дзе пераважна жывуць каталікі.

Спадарыня: «Я ведаю толькі, што прадстаўнікі з Сапоцкіна езьдзілі ў Горадню на жалобныя мерапрыемствы. Усе ў нас сумуюць, бядуюць, абмяркоўваем гэтыя пытаньні, радасьці ніякай. А ад сябе нейкае зло: ну ўсё роўна тых людзей ужо не падымеш, маглі б тут іх усе памянуць, а ён, бачыш, не дазволіў жалобы».

Спадар: «Трэба было аб’яўляць жалобу, у нас жа столькі каталікоў жыве...»

Спадарыня: «Трэба было жалобу аб’явіць. У нас столькі палякаў, я таксама полька. Вось да мяне і зараз палякі прыехалі. У іх там жалоба аб’яўленая, а нам таксама балюча, бо мы палякі...»

Спадарыня: «Чаму не аб’явілі — ня ведаю. Але вось зрабіць гэта варта было, бо гэта нашыя суседзі і карані ў нас агульныя».

Ейная сяброўка: «Я таксама так лічу».

Хлопец: «А я, папраўдзе, думаў, што ў нас аб’яўлена жалоба, як ува ўсіх краінах».

Карэспандэнт: «Вы нават не маглі ўявіць, што такое магчыма?»

Хлопец: «Ня мог нават уявіць. Я сюды прыяжджаю адпачываць, у мяне шмат сяброў-палякаў, дый у Гродне шмат палякаў, да ўсяго, на вуліцах людзі толькі пра гэта гора і гавораць. Я бачу па польскім народзе, што ён вельмі смуткуе. І я таксама».

Спадарыня: «Так, Беларусь не аб’явіла жалобы, хаця палякаў у нас жыве болей, чым ва Ўкраіне, у Літве. Мы ўсё тут бачылі па тэлебачаньні, проста жах. Шкадуем усіх, хто загінуў, пакінуў свае сем’і. Як пачалі тут плакаць, то і дагэтуль плачам...»

Спадарыня: «Такая наша ўлада... Мы ж і мяжуем тут з Польшчай, і па ўсім сьвеце жалобу аб’явілі, нават Амэрыка... а яны тут нічога. Такая ў нас улада — ніякага сэрца ня мае для людзей. Я плакала два дні, я многіх ведала асабіста. Заўтра зьбіраемся ехаць у касьцёл на імшу...» (плача).

Спадар: «Ведаеце, я не палітык, каб адказваць на такія пытаньні».

Карэспандэнт: «А проста, як чалавек, вы спачуваеце?»

Спадар: «Ну, а для сябе — спачуваю...»