Лукашэнка пачаў мабілізацыйную кампанію

Трэці дзень А. Лукашэнка праводзіць паездкі па рэгіёнах поўдня Беларусі. Днямі ён наведаў Менскую і Берасьцейскую вобласьці, сёньня знаходзіцца на Гомельшчыне. Палітолягі ацэньваюць гэтыя паездкі як пачатак актыўнай мабілізацыйнай кампаніі перад прэзыдэнцкімі выбарамі, якія пройдуць меней чым праз год.

У панядзелак на Любаншчыне Аляксандар Лукашэнка адзначыў асаблівую ўвагу дзяржавы ня толькі да аграгарадкоў, але і да буйных вёсак Беларусі. У аўторак на Піншчыне ён даручыў закупіць 200 міні-цеплаэлектрастанцыяў, якія працуюць на мясцовым паліве, каб забясьпечваць электраэнэргіяй і гарачай вадой райцэнтры. Апрача таго, ён заявіў, што цягам бліжэйшых 5 гадоў асноўным дзяржаўным праектам стане мэліярацыя Палесься, на якую будзе выдаткавана 20 мільярдаў рублёў субсыдый.

Падчас паездкі па рэгіёнах А. Лукашэнкі асабліва шмат гаварыў пра сельскую гаспадарку:

"7-10 мільярдаў даляраў прытоку валюты мы павінны забясьпечыць ад сельскай гаспадаркі. Асабліва поўдзень, які павінен даваць нам збожжа, асабліва кукурузу, дый іншае. Клімат памяняўся. Таму гэты поўдзень ад Салігорску і сюды мы павінны прывесьці ў ідэальны стан і атрымаць тут тую ж ураджайнасьць, як у Краснадарскім краі".

Вінаватымі ў недахопах А. Лукашэнка традыцыйна назваў урад і мясцовых кіраўнікоў, зь якімі ён не зьбіраецца цырымоніцца:

"Дзе знойдзеце недакладную інфармацыю, дакладвайце мне і накіроўвайце ў адстаўку людзей. Што да губэрнатара, то мы вызначымся. Я не магу сабе дазволіць, каб мне хлусілі… І зь міністрам таксама".

Менскі палітоляг Аляксей Кароль называе цяперашнія паездкі А. Лукашэнкі ягонай мабілізацыйнай кампаніяй перад прэзыдэнцкімі выбарамі:

"Гэта мабілізацыйная кампанія найперш яго апарату, чынавенства на правядзеньне выбараў з загадзя вызначаным вынікам. Гэтая кампанія можа даць плён і мабілізаваць яго прыхільнікаў. Але ў канчатковым выніку яна ўжо даўно не дасягае тых мэтаў, якіх дасягала на раньніх этапах яго прэзыдэнцтва".

Аляксей Кароль мяркуе, што, выступаючы з папулісцкімі заявамі і абяцанкамі, А. Лукашэнка спадзяецца мабілізаваць перад выбарамі і свой традыцыйны вясковы электарат. Гэта трэба, каб вынікі будучых выбараў выглядалі больш легітымнымі.

"Сцэнар адпрацаваны, і ўсе этапы выконваюцца адзін да аднаго. Афіцыйнае абвяшчэньне даты выбараў надасьць дадатковы імпульс выбарчай кампаніі, якая ў нас ужо каторы раз праводзіцца ў рэжыме спэцапэрацыі".

На думку А. Караля, дэмакратычныя сілы могуць супрацьпаставіць гэтым намаганьням уладаў толькі адзін рэсурс — адзінства, калі вылучаць аднаго кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі. Але верагоднасьць гэтага малая.

Тое ж, што А. Лукашэнка, замест таго, каб наведаць амбасаду Польшчы і абвясьціць у краіне жалобу з нагоды авіякатастрофы польскага ўрадавага самалёта, як гэта было зроблена іншымі краінамі-суседзямі Польшчы, езьдзіць з працоўнымі паездкамі па рэгіёнах Беларусі, на думку Аляксея Караля, сьведчыць пра тое, як беларускае кіраўніцтва ставіцца да польскай бяды.