Без сустрэчы патэнцыйных прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі немагчыма зацьвярджаць працэдуру абраньня адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазыцыі.
Да такой высновы сёньня прыйшлі сябры прэзыдыюму Палітычнай рады АДС. Яны абмеркавалі праект працэдуры, які прапануе Рада беларускай інтэлігенцыі.
Рада беларускай інтэлігенцыі прапануе ўласны механізм вылучэньня адзінага кандыдата. Спачатку сябры рады вызначаюць кандыдатуру праз тайнае галасаваньне. Затым гэтае рашэньне зацьвярджае Кангрэс дэмакратычных сілаў.
Рада ўжо заслухала шэраг дэмакратычных палітыкаў, якія альбо заявілі пра свой намер балятавацца ў прэзыдэнты, альбо зьбіраюцца гэта зрабіць. Сярод іх Сяргей Калякін і Аляксандар Мілінкевіч, Алесь Міхалевіч і Андрэй Саньнікаў, Мікола Статкевіч і Аляксандар Ярашук ды іншыя.
Аднак дагэтуль невядома: ці кожны з патэнцыйных кандыдатаў пагодзіцца не вылучацца, калі адзіным абяруць не яго? Невядомая і пазыцыя дэмакратычных партыяў — ці падтрымаюць яны адзінага, ці будуць зьбіраць подпісы за свайго партыйнага кандыдата? Так, лідэр АГП Анатоль Лябедзька сёньня заявіў:
"17 красавіка Нацыянальны камітэт нашай партыі вызначыцца са сваім фарматам удзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі. Колькі можна было, мы чакалі. Але ж ужо час "вісіць на сьцяжку". Таму вызначаць правіла працэдуры і бегчы паперадзе паравоза мы ня можам. І толькі пасьля таго, як вызначымся з фарматам свайго ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі, будзем адбудоўваць свае адносіны да ўсіх астатніх працэдур".
Пра тое, што ініцыятыва Рады беларускай інтэлігенцыі цікавая, але запозьненая, казалі і іншыя актывісты. Так, Мечыслаў Грыб, адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), адзначае:
"Мне здаецца, што мы ўсе ўжо спазьніліся ў гэты цягнік. Ён ужо пайшоў. Пасьпеем мы ўскочыць у апошні вагон ці не? Мабыць, не пасьпеем".
Колькі ж часу застаецца да прэзыдэнцкіх выбараў? Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік на просьбу "Свабоды" ўдакладняе:
"У адпаведнасьці з выбарчым заканадаўствам, выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь прызначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазьней чым за пяць месяцаў і праводзяцца ў нядзелю не пазьней чым за два месяцы да заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў дзейнага прэзыдэнта. Як вядома, інаўгурацыя прэзыдэнта адбылася 8 красавіка. Вось ад гэтай даты і трэба весьці адлік".
Спадар Лазавік удакладняе, што выбары могуць адбыцца і крыху раней:
"І на практыцы ў нас ужо было такое, калі прэзыдэнцкія выбары былі прызначаныя за паўгода да заканчэньня тэрміну прэзыдэнта на яго пасадзе".