12 траўня ў Эўразьвязе абвясьцілі жалобу ў зьвязку з гібельлю ў авіякатастрофе пад Смаленскам прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага і вялікай групы польскіх палітыкаў і вайскоўцаў. У Польшчы жалоба па загіблых працягнецца тыдзень. 12 траўня абвешчана днём жалобы ў Расеі, ва Ўкраіне і Латвіі. У Літве жалоба працягнецца тры дні.
Ва ўсіх інстытутах улады Эўразьвязу ў Брусэлі сёньня жалоба. Усе пасяджэньні пачыналіся з хвіліны маўчаньня, а сьцягі Эўразьвязу прыспушчаныя. Прадстаўнік Эўрапарлямэнту Міхал Чапліцкі сказаў:
у Эўрапарлямэнце адбудзецца паказ фільма "Катынь ...
"Сёньня дзень жалобы ў Эўрапарлямэнце, у Эўракамісіі і Радзе Эўразьвязу. У Радзе была хвіліна маўчаньня. Заўтра ў Эўрапарлямэнце адбудзецца паказ фільма "Катынь".
У дзень жалобы расейскія тэлеканалы адмовіліся ад забаўляльных праграмаў і рэклямы. А прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў наведаў амбасаду Польшчы ў Маскве і ўсклаў кветкі да фотаздымка польскага прэзыдэнта Леха Качыньскага і ягонай жонкі Марыі. Дз. Мядзьведзеў таксама пакінуў запіс у кнізе спачуваньняў. Польскую амбасаду ў Маскве таксама наведалі многія палітыкі, у тым ліку міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў і старшыня Рады пры расейскім прэзыдэнце па судзеяньні разьвіцьцю інстытутаў грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека Эла Памфілава. Ці паспрыяе гэтая трагедыя таму, каб расейскі бок адкрыў усе дакумэнты, зьвязаныя з расстрэлам польскіх афіцэраў у Катыні? Спадарыня Памфілава сказала карэспандэнту “Свабоды”:
падвойная катынская трагедыя згуртуе нашы народы — польскі і расейскі ...
"Я вельмі спадзяюся, што такая страшная бяда, такая падвойная катынская трагедыя згуртуе нашы народы — польскі і расейскі. Мы лепш пачнём разумець адзін аднаго і пастараемся ў будучым спачуваць, суперажываць, неяк рухацца разам. І калі там нейкія няяснасьці былі, я ўпэўнена, што і нашы ўлады зробяць нейкія крокі, каб адкрыць, каб усё было. Выказваючы даніну павагі да палякаў, калі там нечага не хапае, прыкласьці намаганьні, каб знайсьці тое, што трэба знайсьці. Учора па другім тэлеканале быў паказаны фільм "Катынь", гэта таксама як даніна павагі і вялікага спачуваньня. Фільм, які не пакідае абыякавым".
Украінскі прэзыдэнт Віктар Януковіч абвясьціў 12 красавіка днём жалобы ва Ўкраіне ў зьвязку з авіякатастрофай пад Смаленскам. Прэзыдэнт Украіны заявіў пра гэта падчас наведваньня амбасады Польшчы ў Кіеве, дзе ён ушанаваў памяць загіблых. Ён прынёс да амбасады кветкі і пакінуў запіс у кнізе спачуваньняў. Сёньня ж амбасаду Польшчы ў Кіеве наведаў сьпікер Вярхоўнай Рады Ўладзімер Літвін. Ягоная прэс-сакратарка Вольга Чорна сказала:
"Сьпікер сёньня наведаў польскую амбасаду, усклаў кветкі, ушанаваў хвілінай маўчаньня памяць і пакінуў запіс у кнізе спачуваньняў, дзе выказаў сваё спачуваньне ўсяму сяброўскаму польскаму народу і родным загінулых".
Урад Латвіі на нечарговым пасяджэньні ў нядзелю вырашыў абвясьціць 12 красавіка днём жалобы ў зьвязку з гібельлю ў авіякатастрофе прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага. Сёньня прэзыдэнт Латвіі Валдыс Затлерс разам з жонкай наведаў амбасаду Польшчы ў Рызе, дзе запаліў сьвечкі і напісаў у кнізе спачуваньняў, што "ў гэты трагічны момант мы разам з польскім народам". Прэсавы сакратар прэзыдэнта Ілзэ Раса апавяла:
Гэта быў такі эмацыйны момант для прэзыдэнта Латвіі і яго жонкі ...
"Гэта быў такі эмацыйны момант для прэзыдэнта Латвіі і яго жонкі. Прэзыдэнт Качыньскі быў у Латвіі некалькі разоў, а прэзыдэнт Латвіі быў у Польшчы. У іх былі вельмі добрыя стасункі, можна сказаць, што яны былі сябрамі".
Ілзэ Раса спыталася: а як у Беларусі, блізкай да Польшчы? І калі даведалася, што ў Беларусі няма дня жалобы, сказала:
Калі ёсьць такая трагедыя, то тут няма месца для палітыкі ...
"Калі ёсьць такая трагедыя, то тут няма месца для палітыкі. Гэта толькі пачуцьці і эмоцыі, чалавечыя пачуцьці вельмі важныя для ўсіх. Мы бачым, што ўвесь сьвет з Польшчай учора і сёньня".
На пасяджэньні ў нядзелю 11 красавіка ўрад Літвы пастанавіў абвясьціць трохдзённую жалобу ад 12 красавіка, як гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні — "у знак салідарнасьці з польскім народам, які перажывае страту". Жалоба будзе цягнуцца ад 7 гадзіны раніцы панядзелка да 22 гадзіны серады. На будынках ураду і адміністрацый, прадпрыемстваў і арганізацый, на жылых дамах дзяржаўныя сьцягі прыспушчаныя, на іх павязаныя чорныя стужкі. Літоўскі ўрад таксама пастанавіў, што жалобнымі днямі ў Літве будуць і дні пахаваньня загіблых у авіякатастрофе. Сябры ўраду Літвы ўшанавалі памяць нябожчыкаў хвілінай маўчаньня.