Пасьля трагедыі ў суботу літоўскі прэм'ер Андрус Кубілюс сказаў, што гэта трагедыя ня толькі для Польшчы, але і для Літвы: "Літва страціла вялікага і шчырага сябра, які зрабіў стратэгічнае партнэрства зь Літвой асабістым сардэчным партнэрствам".
Літоўскі прэм'ер сказаў у інтэрвію BNS, што стаўленьне Качыньскага да Літвы засноўвалася на "пачуцьцях, якія ішлі ад сэрца, разуменьні ролі гістарычнага партнэрства Літвы і Польшчы".
"Роля гэтага партнэрства была вельмі важнай, асабліва калі казаць аб ініцыятывах Усходняга суседзтва, клопаце аб такіх суседніх краінах, як Украіна, Беларусь. У гэтым дачыненьні ён [Лех Качыньскі] вызначаўся сваімі яснымі і цьвёрдымі устаноўкамі", -- сказаў Кубілюс.
Мора кветак і сьвечак у Вільні
Гэтымі днямі, ад суботы, у Вільні да будынкаў амбасады Польшчы і канцылярыі амбасады, а таксама да Вострай Брамы людзі прыносяць сьвечкі і кветкі. Увечары ў дзень трагедыі каля будынку канцылярыі амбасады сабраліся дзясяткі чалавек, дарослыя і дзеці. Людзі запальвалі сьвечкі, маліліся. Каля будынку амбасады — вянкі з жалобнымі стужкамі, шмат кветак.
У Вострай Браме адбываліся імшы па-польску. Людзей было так шмат, што ў капліцы не было дзе стаяць, людзі маліліся на вуліцы каля капліцы. У Катэдральным саборы прайшла памінальная імша з удзелам кіраўнікоў Літвы, а таксама былога прэзыдэнта Літвы Валдаса Адамкуса.
Польска-літоўскія спрэчкі
Апошні замежны візыт Леха Качыньскага напярэдадні трагедыі быў менавіта ў суседнюю Літву.
Напярэдадні трагедыі пад Смаленскам прэзыдэнт Лех Качыньскі 8 красавіка з кароткім працоўным візытам наведваў Вільню і сустрэўся з прэзыдэнтам Літвы Далёй Грыбаўскайце, а літоўскія і польскія СМІ ў тыя дні пісалі аб новым напружаньні ў польска-літоўскіх дачыненьнях.
Акурат у самы дзень візыта кіраўніка Польшчы Сойм Літвы разглядаў і адхіліў закон аб напісаньні імёнаў і прозьвішчаў з выкарыстоўваньнем літараў нелітоўскага альфабэту. Сойм адхіліў закон, нават не пагадзіўшыся вярнуць яго на дапрацоўку. Польская нацыянальная меншасьць Літвы ўжо цягам доўгага часу просіць дазволу пісаць свае прозьвішчы і імёны з польскімі літарамі. Рашэньне Сойму, прынятае ў дзень візыту польскага кіраўніка ў Вільню, выклікала пратэсты палякаў Літвы, польскіх кіраўнікоў і палітыкаў у Польшчы, а аналітыкі параўналі польска-літоўскія дачыненьні з сытуацыяй, якая склалася ў адносінах Беларусі і Польшчы.
У часе свайго візыту ў Вільню, што адбыўся за дзень да трагедыі, Лех Качыньскі заявіў, што "зьдзіўлены рашэньнем парлямэнта Літвы" і выказаў надзею, што "ў Літве вернуцца да гэтага пытаньня".
Качыньскі як рэгіянальны лідэр
Палітыкі ў Літве адзначаюць, што дзякуючы Леху Качыньскаму дачыненьні Літвы і Польшчы сталі партнэрскімі.
"Гэта быў адзін зь нямногіх, а можа і адзіны польскі палітык такога ўзроўню, які ўсьведамляў адказнасьць Польшчы за бясьпеку гэтага рэгіёну," -- сказаў кіраўнік літоўскага МЗС у дзень трагедыі.
Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце выказала глыбокія спачуваньні польскаму народу ў сувязі з трагічнай катастрофай, якая забрала жыцьці столькіх людзей. Яна адзначыла ў сваім звароце, што "ідэі Леха Качыньскага і зробленае ім ніколі ня будзе забыта, а тыя ініцыятывы, зь якімі яны выступалі разам, будуць ажыцьцяўляцца". Даля Грыбаўскайце возьме ўдзел у пахавальнай цырымоніі ў Варшаве, якая плянуецца, паводле папярэдніх дадзеных, у суботу.