РТР-Беларусь: "Катынь" у сетцы вяшчаньня не разглядалася"

У нядзелю ўвечары пасьля інфармацыйнай праграмы "Вести недели" на расейскім дзяржаўным тэлеканале РТР быў паказаны мастацка-дакумэнтальны фільм "Катынь" вядомага польскага рэжысэра Анджэя Вайды. Бальшыня беларускіх гледачоў хоць і бачылі адпаведны анонс, але самой стужкі так і не дачакаліся. Рэч у тым, што сетка вяшчаньня лякалізаванага падразьдзяленьня РТР-Беларусь фармуецца ў Менску, таму ў шэрагу выпадкаў не супадае з маскоўскай праграмай. Замест стужкі "Катынь", якая дэманстравалася на ўсю Расею, беларусам паказалі забаўляльнае шоў "Танцы з зоркамі".

У менскай дырэкцыі каналу РТР-Беларусь сказалі, што авіякатастрофа польскага прэзыдэнцкага самалёта пад Смаленскам і гібель палітычнай эліты Польшчы ніяк не паўплывалі на сетку вяшчаньня. Мэтазгоднасьці ў трансьляцыі фільму "Катынь" беларускія тэлевізійнікі ня ўбачылі:

"Каб быў заяўлены той дакумэнтальны фільм і яго не было — гэта адна справа. Але ў нас ад пачатку было заяўленае тэлешоў "Танцы з зоркамі". Яно і было паказанае".

Карэспандэнт: "З улікам абставінаў варыянт "Катыні" не разглядаўся?"

"Не, не разглядаўся…"

боязь катыні -- савецкая спадчына


"Катынь" — фактычна біяграфічная праца польскага рэжысэра. Бацька Анджэя Вайды быў сярод расстраляных у аднайменным урочышчы пад Смаленскам. Экспэрты канстатуюць высокую ступень гістарычнасьці фільма — на долю мастацкага вымыслу прыпадае ня больш за 10% зьместу. У Польшчы "Катынь" наўпрост называюць "фільмам-помнікам", стужка атрымала шмат прэмій на самых прэстыжных конкурсах і кінапаказах. Нягледзячы на высілкі амбасады Польшчы ў Беларусі, беларускаму гледачу на вялікім экране стужку ўдалося паказаць толькі аднойчы — пры канцы 2008 году ў менскім кінатэатры “Цэнтральны”. Дый тады большая частка аўдыторыі складалася з адмыслоўцаў, якія трапіла ў залю па запрашальніках.

Старшыня сэкцыі "Мэмарыял" у Таварыстве аховы помнікаў Вячаслаў Сіўчык боязь уладаў тыражаваць само слова “Катынь” (гэтак жа, як і “Курапаты”) тлумачыць выключна савецкім узроўнем мысьленьня. Між тым у Катыні забітыя тысячы беларусаў, якія служылі ў польскім войску, але да прызнаньня гэтага факту цяперашняе кіраўніцтва яшчэ не дасьпела:

"Я, канечне, цудоўна разумею, які генэзіс сёньняшняй улады ў Беларусі. Але ж такімі дзеяньнямі яны проста падкрэсьліваюць свае гістарычныя карэньні, бо гэтая цэнзура не выпадковая. Нагадаю, што Беларусь сёньня — адзіная краіна, дзе не адбываецца рэабілітацыя тых, хто трапіў пад камуністычныя рэпрэсіі ў ХХ стагодзьдзі. Нам у гэтым сэнсе зараз надзвычай цяжка. Справа ў тым, што сярод сьпісаў афіцэраў Польскай арміі не перададзена толькі тая частка, якая тычыцца Беларусі — гэта тыя афіцэры, якія былі расстраляныя ў турмах БССР у 1940 годзе. Усе астатнія прозьвішчы ўжо вядомыя, і толькі нашы людзі застаюцца невядомыя. Зрэшты, як і ўсе ахвяры камуністычнага тэрору ў Беларусі".

"спроба надаць "людзкае аблічча" сталінскай эпосе"


Беларускі рэжысэр-кінадакумэнталіст Уладзімер Колас ня раз сустракаўся з Анджэем Вайдам. Ён лічыць, што спроба замаўчаць праўду Катыні, у тым ліку і праз кіна- і тэлевізійныя паказы, — лягічны крок уладаў у спробе надаць "людзкае аблічча" сталінскай эпосе:

"Тут ужо чымсьці абурацца мы стаміліся, таму што дзеяньні тых, хто ўзурпаваў права прымаць рашэньні, знаходзяцца па-за канонамі маралі. І таму зьдзіўляцца ці абурацца папросту ня мае асаблівага сэнсу. Бо нечага іншага ня варта было і чакаць. Усё гэта ўпісваецца вось у лінію абурэньня так званых вэтэранаў наконт праўды пра Айчынную вайну, надрукаваную ў мэмуарах Ільлі Копыла "Нябышына. Вайна". З гэтай "Лініяй Сталіна" і яе помнікамі. Дый з усім гэтым сталінісцкім чадам, у які топяць нашае грамадзтва тыя, хто сёньня вырашае ўсё пытаньні за народ і ад імя народу".

Дасьледчык рэпрэсій Міхась Чарняўскі зьвязвае цэнзураваньне расейскіх каналаў з агульным стаўленьнем беларускіх уладаў да трагедыі ў Польшчы. Ён падкрэсьлівае, што паколькі афіцыйны Менск так і не абвясьціў жалобу, на тэлеканалах пануе сьвяточны настрой:

"Усё ж некаторае наша начальства яшчэ думае, што жыве ў БССР. Адсюль гэта ўсё гэта і выходзіць. Канечне, гэта памылка, бо зусім непрыгожа атрымалася, не па-хрысьціянску. Тым больш калі ўсе блізкія краіны — Літва, Украіна, Расея — аб'явілі жалобу, гэты факт выглядае зусім ганебным. Адзінае ў мяне спадзяваньне, што ўлады ўсё ж абвесьцяць жалобу хоць бы ў дзень пахаваньня, бо ў іншым выпадку будзе відавочная дэманстрацыя нецывілізаванасьці, калі не падтрымаць суседзяў у такі момант".

На загад Палітбюро ЦК КПСС, які быў падпісаны 5 сакавіка 1940 году, забойцы НКВД расстралялі ў Катыні, Харкаве і Медным 22 тысячы палонных польскіх вайскоўцаў. Доўгія гады савецкая прапаганда пераконвала, што катынскае злачынства ўчынілі гітлераўцы. І толькі ў 1990 годзе Масква прызнала катыньскія забойствы.