Анкета Свабоды: Алеся Фурс (Умпіровіч)

Нарадзілася 24 сьнежня 1926 году ў вёсцы Азярава Відзаўскага раёну Полацкай вобласьці ( цяпер Браслаўскі раён Віцебскай вобласьці). У 1943 годзе, вучачыся ў Пастаўскай настаўніцкай сэмінарыі, увайшла ў шэрагі Саюзу Беларускай Моладзі (СБМ). Пасьля вайны паступіла ў Пастаўскую пэдагагічную вучэльню, дзе 25 сакавіка 1946 году разам зь іншымі маладымі патрыётамі-аднадумцамі ўступіла у Саюз Беларускіх Патрыётаў. Для цырымоніі прыняцьця прысягі сяброў СБП на вернасьць Беларусі намалявала «Пагоню», за што пасьля арышту ў 1948 годзе асуджаная на 25 гадоў ГУЛАГаў. Пасьля вызваленьня ў 1956 годзе выйшла замуж за сябра Глыбоцкай філіі СБП Антося Фурса. Жылі ў Казахстане. Завочна скончыла Маскоўскі народны ўнівэрсытэт мастацтваў і скарыстала тым самым свой даўны талент - здольнасьць да маляваньня. Па выхадзе на пэнсію ў 1982 сям'я Фурсаў вярнулася на радзіму, пасялілася ў Паставах, дзе жыве і сёньня. Рэабілітаваная 23 лістапада 1992 году.


Што для вас свабода?

Свабода для мяне – гэта штодзённы сьвежы глыток паветра.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


Успаміны зь цяжкага перажытага мінулага.


Што для вас шчасьце?

Быць вольным чалавекам.


Чаго вы найбольш баіцеся?

Сваёй глыбокай старасьці.


Які талент вы хацелі б мець?

Талент, які прыносіў бы карысьць нашаму народу.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Пісьменьнікам і грамадзкім дзеячам Уладзімерам Арловым і палітыкам Зянонам Пазьняком.


Што вы найбольш любіце рабіць?

Маляваць пэйзажы.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Больш увагі ўдзяляла б сьветлай памяці сваім бацькам.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Даваць адпор нахабнікам.


Які ваш улюбёны дэвіз?


Быць заўсёды самой сабой.


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

У дэмакратычнай, свабоднай краіне.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

У вольнай Беларусі.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У эпоху Вялікага Княства Літоўскага.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Зрабіла б адзінай дзяржаўнай мовай беларускую, школы і ўсе сродкі інфармацыі таксама беларускімі і вярнула б нацыянальным сымбалям статус дзяржаўных.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Добрыя, прыязныя. Бо мы – таксама эўрапейцы.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Суседзкія, эканамічна выгадныя.


Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?

Дыктатура ня можа быць сваёй.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Ад мяне гэта не залежыць.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Калі кіраўніцтва краіны будзе гаварыць па-беларуску, калі навучальныя ўстановы і і сродкі масавай інфармацыі будуць беларускімі.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Зьнікнуць як нацыя.