Маці вядомага на ўсю Польшчу “беларуса Яся” ня хоча верыць у гібель Качыньскіх

Гэта было ў пятніцу, калі прэзыдэнцкі палац у Варшаве наведала вялікая група жыхароў з усходняга рэгіёну Польшчы. На прыёме ў гонар сьвята Вялікадня, які ладзіла для гасьцей першая лэдзі краіны Марыя Качыньска, быў 3-гадовы жыхар Любліну Паўлік Іваноў, якога ў Польшчы ўсе клічуць Ясем, а таксама ягоныя маці, дзьве сястры і брат.
“Мы прыйшлі на прыём, каб падзякаваць прэзыдэнту Леху Качыньскаму за тое, што месяц таму ён даў нашай сям’і польскае грамадзянства”, - кажа Ясева мама Мадзіна, якая трапіла ў Польшчу зь Беларусі каля 13 гадоў таму.

“Пані Марыя была вельмі мілай з намі. Яна дала маім дзецям цудоўныя падарункі, а Яся ўзяла на рукі і абняла”, - расказвае жанчына, ледзь стрымліваючы сьлёзы.

Паводле Мадзіны, атрыманьне ёй і яе трыма дзецьмі польскага грамадзянства стала выратавальным, найперш для яе самага малодшага і хворага на мукавісцыдоз маленькага Яся. Нягледзячы на тое, што Ясь, адзіны ў яе сям’і, ужо год як грамадзянін Польшчы, Мадзіна зь яе беларускім пашпартам доўгі час не магла атрымаць сталай працы ў гэтай краіне. У выніку яна ня мела мэдычнай страхоўкі для сына, а таксама ўсіх тых сацыяльных выплатаў для хворага дзіцяці, якія атрымліваюць у падобных выпадках польскія грамадзянкі.

Мадзіна кажа, што ні яна, ні яе дзеці ніколі не забудуць стаўленьня да іх лёсу з боку Леха і Марыі Качыньскіх.

“Я не магу паверыць у тое, што адбылося ў суботу, што гэтых людзей больш няма. Гэта такая трагедыя для ўсіх нас”, - гаворыць жанчына.

Гісторыя пра немаўлятка Яся абляцела ўсю Польшчу два гады таму. Ад самага нараджэньня хлопчык, чыя маці была беларускай, а бацька польскім грамадзянінам, меў мукавісцыдоз. Гэта спадчыннае захворваньне залозаў унутранай сакрэцыі. Пры добрым мэдычным даглядзе, якасным харчаваньні, клопаце сям’і такія дзеці могуць пражыць 20-30 і нават болей гадоў. У астатніх выпадках не дажываюць і 10-ці.

Бацькі Яся не былі ў шлюбе. І Мадзіна, адчуўшы, што ня ў сілах выратаваць цяжкахворага сына, вырашыла аддаць яго на ўсынаўленьне. Ясь трапіў пад апеку адной полькі, аднак тая неўзабаве заявіла, што ня зможа ім займацца. У выніку беларуская амбасада ўзьняла пытаньне адносна дэпартацыі Яся ў Беларусь. Неўзабаве біялягічны бацька-паляк прызнаў сына, хлопчык атрымаў польскае грамадзянства і пытаньне дэпартацыі страціла актуальнасьць. У хуткім часе дзіця захацела выxоўваць яго біялягічная маці. Згодна з рашэньнем Люблінскага суду, Ясь быў вернуты да Мадзіны, паколькі тую “ніколі не пазбаўлялі бацькоўскіх правоў”, у сямью, дзе выхоўваліся яшчэ дзьве Ясевы сястры і брат.

Улічваючы, што дзецям з такім захворваньнем, як у Яся, патрэбная дадатковая ўвага, Мадзіна рэальна магла працаваць некалькі гадзінаў на дзень. Яна спрабавала мець свой невялікі ўласны бізнэс, напрыклад, адкрыць маленькую хімчыстку. Аднак, паводле польскіх законаў, жанчыне як неграмадзянцы ЭЗ дзеля заснаваньня ўласнай фірмы трэба было мець стартавы капітал памерам найменей 50 тысяч злотых. Такіх грошай у Мадзіны не было. Утрымліваць чатырох дзяцей, сярод якіх адзін цяжкахворы, не было за што.

Некаторыя дабрачынныя фундацыі Польшчы спрабавалі фінансава падтрымаць хлопчыка. Аднак гэта была ўсяго толькі аднаразовая дапамога на некалькі месяцаў. Тым ня менш, у выніку ўмяшаньня ў справу грамадзкіх арганізацыяў, клопат за лёс Яся і ягонай сям’і ўзяло на сябе адмысловае Ўпраўленьне амбудсмэна па правах чалавека. Дакумэнты на атрыманьне польскага грамадзянства былі накіраваныя ў канцылярыю прэзыдэнта Польшчы. Просьба была задаволеная літаральна празь месяц, піша польскае выданьне “Dziennik Wschodni”.

“Dziennik Wschodni” таксама друкуе здымкі, якія былі зробленыя ў пятніцу падчас сустрэчы сям’і з Марыяй Качыньскай.