Тыдзень у фатаздымках, 4 — 10 красавіка

6 красавіка, аўторак - Ля рэдакцыі газэты “Народная воля” праходзіў санкцыянаваны менскімі ўладамі пікет. Некалькі дзясяткаў чалавек, сярод якіх былі і людзі сталага веку, і маладыя, трымалі ў руках плякаты, у якіх абвінавачвалі газэту ў фальсыфікацыі гісторыі.

6 красавіка, аўторак - Падчас агітацыйнай кампаніі актывіст стваранай партыі БХД Уладзімер Рамановіч сустракаецца з выбарцамі ў самым гразкім месцы сваёй акругі.

6 красавіка, аўторак - У менскім Палацы мастацтва сабраліся больш за 200 чалавек, каб павіншаваць са 100-годзьдзем славутага беларуса Барыса Кіта.

7 красавіка, серада - У Беларусі і Літве завяршаецца падрыхтоўка да штогадовага фэстывалю музыкі і мастацтва «Be2gether». Арганізатары падчас адмысловай прэсавай канфэрэнцыі паведамілі, што сёлета фэстываль адбудзецца 25-27 чэрвеня і пройдзе чацьвёрты раз.

7 красавіка, серада - У менскай сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны грамадзкасьць сталіцы зладзіла літаратурную вечарыну памяці Ларысы Геніюш.

8 красавіка, чацьвер - Гандляры аднаго з найбуйнейшых аўтамабільных рынкаў Беларусі "Ждановічы" наладзілі стыхійны страйк.

8 красавіка, чацьвер - У нядаўна адкрытым Рэспубліканскім цэнтры трансплянтацыі органаў і тканак пасьпяхова праведзена ўжо другая апэрацыя па перасадцы печані і праводзяцца дзьве апэрацыі па перасадцы нырак ад аднаго донара. Першая апэрацыя была праведзена ў новым будынку 5 студзеня, а сёньня сучасны Цэнтар паказалі журналістам.

9 красавіка, пятніца - У Магілёве Павал Севярынец агітаваў за актывістку незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Марыю Кульманаву.

9 красавіка, пятніца - У менскім Палацы мастацтва адбылася прэзэнтацыя мультымэдыйнага DVD-дыску «Барды Свабоды». З гітарай у кадры — дырэктар беларускай рэдакцыі Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.

10 красавіка, субота - У Менску ля польскай амбасады на вуліцы Румянцава — імправізаваная жалобная акцыя. Людзі ідуць сюды, каб выказаць спачуваньні і салідарнасьць з польскім грамадзтвам.