Гісторыя аднаго цуду: Аліна Барысевіч (Садоўская)

Аліна Барысевіч (Садоўская). Здымак Арцёма Канцавога.

Калі зноў заходзіць гаворка пра асаблівы беларускі шлях, не такі, як у іншых нацыяў, а таму ўдалы ці гаротны (хто як лічыць), я прапаную суразмоўцам разам засьпяваць народную песьню. “Пры чым тут што? -- усклікваюць яны. -- Мы гаворым пра сур’ёзныя рэчы!.. Ды й ня ўмеем мы ноты браць... І што пра нас падумаюць навокал?..” Словам, прычынаў адмовіцца так шмат, што настаяць нескладана. І калі нарэшце галасы выстройваюцца ў супольны сьпеў, усім раптам становіцца зразумела, што ніякага адмысловага шляху няма, што мы -- такія самыя, як усе, што мы нацыя, і наш патэнцыял як нацыі неабмежаваны.


Калі мы разам сьпяваем народную песьню, адшалушваюцца ўсе яшчэ царскія ды савецкія стэрэатыпы, усе аргумэнты бягучай палітыкі пра беларускую несамастойнасьць або штучнасьць або няздатнасьць. Ня верыце? Паспрабуйце.

Трыццаць гадоў таму з супольнага сьпеву паўстала Беларуская Майстроўня. Эўфарыя пяяньня была настолькі моцная, што хацелася далучыць да яго чым болей народу. Тады Майстроўня ладзіла масавыя сьвяты, і чым болей народу далучалася, тым больш выразным станавіўся падзел паміж праўдай нацыянальнага абуджэньня і хлусьнёй прапаганды й надуманых стэрэатыпаў.

ПРЫНЦЭСА І КАРОЛЬ


На тых Майстроўскіх сьвятах, якія калі-нікалі нагадвалі казку пра брэмэнскіх музыкаў, імпазантны Пётра Садоўскі вольна ці міжвольна станавіўся каралём фэсту. У яго і песьня была свая пра “Куру-шчабятуру” – сольны нумар, да якога далучаліся ўсе прысутныя. Разам са спадаром Садоўскім у тых сьвятах брала ўдзел і ягоная дачка Аліна, якая, быццам у адпаведнасьці з брэмэнскім сюжэтам, упарцілася бацькавым вэрдыктам і паказвала натуру цалкам незалежную і самастойную. Выглядае, што як і ў кожнай казцы, у гэтай была толькі доля казкі.

Аліна: “Мне ўсе казалі: ну канечне, табе добра, у цябе бацька. Гэта было крыўдна. Я йшла з Майстроўняй паўсюль не таму, што ў мяне бацька. А таму што я трохі іншая. Я думала ня так, як усе ў маёй групе. І бацька тут ні пры чым. Хаця, канечне, і пры чым...



Аднойчы ў школе нам далі заданьне напісаць сачыненьне “Мой любімы настаўнік”. Як вы думаеце, пра каго я напісала? Пра бацьку. Я так і напісала, што мой лепшы настаўнік у жыцьці – гэта мой бацька. Але. Калі б я была проста да яго прыдаткам, я б не мяняла сваё жыцьцё. Я б ішла за ім па сьлядох, а я не ішла. Мне заўсёды хацелася чагосьці свайго”.
Перад выступам Майстроўні на хорах Заслаўскае бажніцы. 1983 год.


Дубавец: Сказаць, што Пётра Садоўскі быў майстроўцам – значыць, зрабіць вялікі аванс Майстроўні. Бо ён напраўду быў каралём, які рабіў сьвята. Трэба мець на ўвазе, што спадар Садоўскі пры гэтым чытаў нам і зусім афіцыйныя лекцыі на журфаку, і неафіцыйныя ў Майстроўні. Ён чытаў культуру мовы дыктарам радыё і тэлебачаньня, артыстам Купалаўскага тэатру, а таксама ўсёй нацыі ў сваіх эмацыйных артыкулах дзе-небудзь у часопісе “Полымя”. Ён заўсёды быў мэтрам.

Але сёньня гаворка не пра караля, а пра наравістую прынцэсу, пра Аліну, якую мы называлі і Алай і Аленай, але ні першае, ні другое не было праўдай.

Аліна: “У пашпарце я Ала. Калі я нарадзілася, бацькі думалі, як мяне назваць: Лена або Ала. Ім сказалі, што ёсьць такое сярэдняе імя – Аліна. Але яго тады не знайшлі ў “Слоўніку імёнаў народаў СССР” і сказалі: выбірайце, або Ала, або Лена. Бацька быў мацнейшы і напісаў: Ала. А прыйшла я ў Майстроўню, і ўсе сказалі, што гэта імя расейскае. Сталі падбіраць нейкі больш-менш беларускі адпаведнік. Хто казаў Алена, хто казаў Аліна. Але мне больш падабаецца Аліна, бо ўсё ж такі Алена – гэта Лена. А я ня Лена, я сябе Ленай не адчуваю”.

Дубавец: Цяперашняе прозьвішча Аліны -- Барысевіч. Яна маці. Гадуе двух двухмэтровых сыноў.

Аліна: “Не-не-не, я не Садоўская. Я так, як мае дзеці. Я лічу, што жанчына павінна насіць прозьвішча сваіх дзяцей. Мужоў можа быць і шмат, правільна? Прозьвішча па мужу можна мяняць хоць штогод. Але маці павінна быць так, як яе дзеці.

ТАКІЯ Ж НАЦЫЯНАЛІСТЫ, ЯК УСЕ


Пра Майстроўню мне расказаў бацька, што ёсьць такія хлопцы-дзеўкі. Але ідэя, шчыра скажу, мяне мала цікавіла. Мне хацелася музыкі і сьпеваў, бо я вельмі музычны чалавек, я жыцьцё ўспрымаю праз гукі, праз вуха. Я спачатку чую, потым бачу, потым адчуваю. А прывяла канкрэтна мяне туды Віялета.

Бацька мяне пазнаёміў зь Вінцуком і зь Віялетай. І спачатку я прычапілася да Віялеты”.

Дубавец: У падмурку нацыянальнага яднаньня або нацыяналізму ніколі не ляжыць палітыка. Палітыка, наадварот, падзяляе нацыю. У падмурку яднаньня ляжыць песьня. І тое, што публічны беларускі рух пачаўся зь песьні, было самым галоўным доказам ягонае правамернасьці.

Напачатку 1980-х мала хто верыў у існаваньне паўнавартаснага беларускага нацыяналізму, а тым больш, у незалежнасьць Беларусі як асобнай краіны. Казалі: “Гэта прыбалты нацыяналісты, уяўляеце, яны хочуць адарваць Прыбалтыку ад СССР! Але хто ж ім дасьць!” Падставы для такіх думак давала тое, што прыбалты гавораць па-свойму, сьпяваюць свае песьні, дэманструюць адданасьць сваёй культуры, а зусім ня факты гісторыі, якіх ніхто ня ведаў, зусім ня права нацыяў на самавызначэньне, у якое ніхто ня верыў, зусім не спантанныя палітычныя пратэсты, што зрэдчас здараліся дзе-небудзь у Коўне або Рызе.

Тое самае і ў дачыненьні да Майстроўні. У той рэчаіснасьці любы майстровец ня раз задумляўся пра марнасьць беларускага палітычнага абуджэньня, якое ну ніяк не спалучалася з тагачасным грамадзкім кліматам. Але ў тым і рэч, што перадусім Майстроўня была абуджэньнем прыродным і
песьня аказвалася наймацнейшым аргумэнтам супраць усіх сумневаў
песьня аказвалася наймацнейшым аргумэнтам супраць усіх сумневаў. Дачыненьне культуры і палітыкі ў той сытуацыі дасягала сваёй найвышэйшай гармоніі, калі палітыка ўяўляе сабою толькі частку культуры, а не наадварот. Прагматыка розных перакананьняў гублялася ў агульным целе беларускае цывілізацыі, якая прачыналася разам з нашымі сьвятамі ды сьпевамі.

ФЭНОМЭН ПАЧАТКУ 1980-Х -- ПЕСЬНЯ


Афіцыйная прапаганда ўсяляк падтрымвала гэты вобраз нацыяналістычнай Прыбалтыкі і бязвобразнай (тады казалі – інтэрнацыянальнай) Беларусі. Але варта было нам засьпяваць, як зараз прыходзіла разуменьне, што мы ў сваім абуджэньні нічым не адрозьніваемся ад тых прыбалтаў, мы таксама ўмеем любіць сваё, а значыць – нічым ня меншыя за іх нацыяналісты.

Наступныя трыццаць гадоў толькі пацьвердзілі слушнасьць гэтага разуменьня. Калі спыняўся сьпеў і ў падмурак беларускага нацыяналізму замест песьні клалася палітыка, так зараз жа гэты нацыяналізм марнеў ды распадаўся на часткі пад шквальным агнём русіфікацыі, пралетарскіх стэрэатыпаў і ўласных рэвізіяністаў.



Зборнік Янкі Купалы з забароненай паэмай “На Куцьцю” выйшаў у 1982 годзе накладам 12 000 асобнікаў.
Тыпалёгія такіх заняпадаў аднолькавая ва ўсе часы. “Аддайце песьню нашу нам! Нашто схавалі-расхапалі?” Менавіта ў прыярытэце песьні быў посьпех Майстроўні і яе цуд нараджэньня. І ня толькі Майстроўні. Прыгаданыя мною радкі Купалы з паэмы “На Куцьцю” шмат дзесяцігодзьдзяў былі пад палітычнай забаронай. І выйшлі да шырокае публікі толькі ў 1982-м, на стагодзьдзе паэта, у кніжцы “Выйдзі з сэрцам, як з паходняй!..” Укладальнікам зборніка быў Алесь Разанаў. Між іншым, наклад таго выданьня -- 12 тысяч асобнікаў. Уявіць сабе такое Разанаўскае выданьне Купалы такім накладам і настолькі чаканае публікай ні да таго, ні пасьля немагчыма.

Тады, напачатку 1980-х, адбылося яшчэ некалькі знакавых супадзеньняў, у якіх песьня трапляла ў самы цэнтар грамадзкае ўвагі. Віцебскі тэатар паказаў у Менску прэм’еру спэктакля “Клеменс”. П’есу Казіса Саі зь літоўскай мовы пераклаў зноў жа Алесь Разанаў. “Клеменс” зьбіраў аншлягі і распавядаў пра тое, як жыхарам вёскі абяцаюць усе матэрыяльныя даброты ўзамен за тое, што яны перастануць сьпяваць.

ПЕСЬНЯ Ў АБЦУГАХ ПАЛІТЫКІ


Аліна: “Я сьпявала. Зь цягам часу пачала вучыць астатніх сьпяваць. І празь нейкі год я ўжо ведала столькі ж песень, колькі Віялета. Мы неяк зь ёй спрабавалі падлічыць, колькі мы ведаем песень, у яе лічба атрымалася за трыста, у мяне за дзьвесьце. Але я магла любую зь іх прасьпяваць няблага”.



Дубавец: Малую Аліну Садоўскую, на некалькі гадоў малодшую за іншых майстроўцаў, цікавіла толькі песьня. Ніякай палітыкі. Але ў грамадзтве, дзе палітыка дамінуе над культурай, любоў да сьпяваньня таксама становіцца палітыкай.

Аліна: “Я мелася пайсьці ў Майстроўню яшчэ да паступленьня ва ўнівэрсытэт. Бо я пазнаёмілася ў нас у гасьцях зь Вінцуком і Сяргеем Сокалавым. І мне дужа туды захацелася. Але бацька сказаў: не хадзі, бо ты можаш не паступіць. Цябе заваляць на экзамэнах, калі даведаюцца, што ты зьвязалася зь Вячоркам, табе зрэжуць адзнакі і ты не паступіш. Я не скажу, што я спужалася, але я проста не хацела ісьці супраць бацькі.

Калі ўжо вучылася на філфаку, я адчувала ціск, што хаджу ў Майстроўню, на мяне касавурыліся, на мяне глядзелі неяк ня так, як на ўсіх.

І пару разоў я праз гэта пацярпела, скажу шчыра. На першым курсе, калі я пачала хадзіць у Майстроўню, нас навучылі там сьпяваць калядныя песьні. І мы з аднакурсьнікамі вырашылі самі па сабе, без Майстроўні, адсьвяткаваць Каляды. Мы сабраліся ў сквэрыку каля беларускага тэатра, там яшчэ стаяў нейкі хлопчык зь лебедзем... І цяпер стаіць? Значыць, я проста перастала яго заўважаць. Але...
На супрацьлеглай вуліцы вырасла магутная постаць дацэнта Рагойшы.
На супрацьлеглай вуліцы вырасла магутная постаць дацэнта Рагойшы, які тады, па-мойму, кіраваў партыйнай работай, і нашай камсамольскай багіні, Тацяны... Па-мойму, Сотчанка, такое было прозьвішча. Яны рашуча да нас і сказалі, што няма чаго захапляцца нейкімі там Калядамі, а трэба ісьці сядаць за падручнікі, бо хутка сэсія. Гэта быў намёк на тое, што калі вы не разыдзецеся, тады вы гэтую сэсію не здасьцё. Прынамсі я гэта пачула так. Безумоўна, мы разышліся.

Ня буду хлусіць, не пагражалі. Тая ж Тацяна Сотчанка і той жа Рагойша і той жа дэкан Воўк усё рабілі далікатна і інтэлігентна. Яны проста выконвалі даручэньне. На філфаку баяліся беларускай мовы. На філфаку было ганебна гаварыць па-беларуску. На беларускім філфаку.
Купальле ў Вязынцы. На здымку: Уладзімер Конан, Пётра Садоўскі, Вераніка Надтачэева, Аліна Садоўская, Лявон Луцкевіч, Алег Бембель.

Другі раз у Майстроўні Ларыса Сімаковіч праводзіла з намі рэпэтыцыі і мяне разам з Натальляй Лазоўскай запрасіла пасьпяваць у хоры сьляпых, якім Ларыса тады кіравала. А хор якраз меўся ехаць на гастролі ў Вільню. І яна папрасіла нас з Натальляй таксама паехаць, бо ў нас добрыя галасы. У Натальлі сапрана, у мяне альт. Яна сказала, што мне такія галасы зусім ня лішнія. Бо ў яе хтосьці выпаў, хтосьці захварэў, нейкая жанчына зьехала некуды. Яна засталася без галасоў. Ня памятаю, можа я з кімсьці на факультэце і падзялілася гэтым. Гэта вельмі хутка дайшло да кіраўніцтва і мяне выклікалі ажно да дэкана, да Аляксея Арсеньневіча Ваўка, царства яму нябеснае, дзе мяне дапытвалі: ці разумееце вы, з кім вы сябруеце? Ці разумееце вы, што гэты чалавек небясьпечны сацыяльна? Што ён паўсюль гаворыць толькі па-беларуску, ці не насьцярожвае гэта вас? Мелася на ўвазе Ларыса, канечне.
На сходзе Майстроўні ў Палацы прафсаюзаў. Менск, 1983 год.
І першае, што мне сказаў Аляксей Арсеньневіч: а ці ведаеце вы, што яна як кампазытарка не ўяўляе сабой каштоўнасьці. На што я адказала: вы ведаеце, я сама вырашаю, з кім і як мне праводзіць свой асабісты час. Я еду туды на выходныя, я не зьбіраюся прапускаць заняткі. А куды мне ісьці пасьля заняткаў, дазвольце, я буду вырашаць сама, бо мне 18 ужо ёсьць. Я была цьвёрдая штучка. Але мне здаецца, што гэта яшчэ й парода такая – мяне б’юць, а я ўстаю і іду далей. У мяне і па лініі маці такія ўсе жанчыны, і бабуля такая была, і цётка мая такая. І бацька ў мяне такі.

Паехалі ў Вільню, безумоўна. Я не пабаялася, што мяне выключаць. Прынамсі, ніякіх прэтэнзіяў да маёй вучобы не было. Я не прапускала заняткі, нармальна здавала залікі.

Выкладчыкі страшэнна не любілі Майстроўню, страшэнна. Стараліся сярод студэнтаў выхаваць страх да яе, нянавісьць, што гэта, маўляў, нейкія нацыяналюгі, фашысты. Адна дзяўчынка да мяне падышла ў перапынку, кажа шэптам: а ты знаеш, што ў нас тут на факультэце ёсьць нацыяналісты? Аказваецца, гэта пра мяне казалі, пра Майстроўню. Гэта было беларускае аддзяленьне. Хаця са ста двух чалавек, якія там вучыліся, па-беларуску гаварыла я, Натальля Лазоўская, Марына Лычкоўская, Лена Клімовіч. Усё. Гэта быў увесь беларускі асяродак. Нават дзеўкі, якія зь вёскі, па-беларуску не гаварылі. Бо гэта лічылася ганебным”.

ПЕРАМЕНА ЎЛАСНАГА ЛЁСУ


Дубавец: Ужо стаўшы прафэсійным філёлягам, Аліна вырашае крута зьмяніць свой лёс.

Аліна: “Але настаўніцы зь мяне не атрымалася. Я зь пяці гадоў калупалася са сваімі шкляначкамі, бутэлечкамі, флякончыкамі, я гуляла ў аптэку, у доктарку. І я да гэтага вярнулася. Філялёгія была проста нейкім этапам. Я адчувала, што гэта ненадоўга, але я думала, што жанчыне не пашкодзіць адукацыя, зьвязаная зь літаратурай, з гісторыяй, з мовай. Гэта заўсёды спатрэбіцца пры выхаваньні дзяцей. Так і выйшла па выніку. Настаўніцай я ня стала. Хаця, па-мойму, я была неблагой настаўніцай. Я выкладала мову й літаратуру, і ва ўнівэрсытэце я таксама выкладала мову некаторы час.
Перад сьпеўкамі. Віялета Ефіменка, Аліна Садоўская, Алесь Істомін, Натальля Лазоўская. 1983.

Выйшла так, што бацька мяне загнаў у філялёгію, а мяне цікавіла мэдыцына. І я ўсё кінула. Дзеці пайшлі ў школу, а я пайшла ў каледж. Бацька мяне пхаў на нямецкую мову ўсё жыцьцё, а я вывучыла італьянскую. Хаця па-нямецку я таксама размаўляю з задавальненьнем.

Мае любімыя мовы – нямецкая і італьянская, бо яны выразныя. Ангельскую я вывучаю ўсё жыцьцё, але душа не ляжыць. Я калі адчыняю рот і гавару па-ангельску, я адчуваю сябе поўнай ідыёткай. Гукі не кладуцца. Няма той музыкі, якую я чую ў італьянскай. Калі параўноўваць італьянскую мову з музыкай, дык для мяне гэта шыкоўная ўзьнёслая опэра. Нямецкая мова -- гэта марш, хай сабе прыгожы, але марш. Ангельскую ня ведаю, з чым параўнаць, з мылам у роце хіба. Яна для мяне не гучыць.

У Майстроўні мяне цікавіў фальклёр. Я й потым паступіла ў завочную асьпірантуру па фальклёру, нават нейкую дысэртацыю накрэмзала. Але ў мяне нарадзілася другое дзіця і я вырашыла, што ня буду яе абараняць, што гэта не маё. Калі б я пасьпела абараніцца да таго, як Стась нарадзіўся, можа быць, і жыцьцё было б іншае. Але я не шкадую, што я потым павярнулася да мэдыцыны.

Я была ня я. Я была як апэндыкс да свайго татусі. А мне хацелася быць самой сабой. А яшчэ, напэўна, адыграла ролю тое, што бацька любіў пакамандаваць. Ён мяне прымушаў: вось курсавую пішы ня так, а так, гэта рабі ня так, а так, выкладай вось так. А я хацела ня так. І я сышла туды, дзе мне ніхто не замінае і ніхто не карэктуе. Бо тут ён нічога не разумее, дзякаваць Богу, і я сябе адчуваю царыцай.

Я сьціплая мэдсястра зь Менску. Якая жыве на пяць даляраў у дзень, але адчувае сябе шчасьлівай.

Я нічога не баюся. Я магу пайсьці ў любую цемру ў чужым горадзе ў ноч, мне ня страшна. Я не баюся мёртвых, я не баюся могілак. Я адпрацавала ў рэанімацыі амаль чатыры гады. Я шмат людзей вынесла на руках. У мяне на руках паміралі людзі старыя й маладыя. Клініка – гэта такая школа жыцьця, калі раніцой цябе клічуць на наркоз і ты прымаеш дзіця на кесаравым сячэньні, бярэш на рукі, бо акушэрка ўжо падае пасьля начной зьмены, а потым ты гэтымі ж рукамі закрываеш вочы хлопцу, якому саданулі па галаве, калі ён ішоў на работу, і ён пражыў пасьля гэтага восем гадзін, бо мы нічога не змаглі зрабіць... тады на жыцьцё ўжо трошкі інакш глядзіш”.

БЕЛАРУШЧЫНА АД БАЦЬКІ


Аліна: “Беларушчына – толькі ад бацькі.

Яго грэла тое, што маладзейшае пакаленьне робіць такую справу. Яго гэта акрыляла. Можа быць, як і ўсіх у той час. Бо быў час уздыму. Тады больш хацелася жыць для Беларусі. Зараз проста хочацца жыць. А тады хацелася чамусьці для Беларусі. Зараз я так сябе не адчуваю беларускай, як раней. Не таму, што я зьмяніла прафэсію. Я не магу гэта растлумачыць. І я дакладна ведаю, што гэта не касмапалітызм.

Бацька мой вельмі гасьцінны. Ён любіць трохі выпіць, пасьпяваць, пагаварыць. Прычым экспромтам у яго атрымліваецца прыгожа, незанудна. За што я яго люблю і многія яго любяць. Ну і проста, калі хочацца стварыць добры настрой, запрашаеш да сябе добрых людзей. Хто ў мяне тут толькі ня быў. Нават аднойчы я запрасіла да сябе ў госьці – зараз для мяне гэта было б шаленства – я запрасіла групу “Мроя” ў школу пасьпяваць для маіх вучняў, а потым я іх прыцёгла сюды да сябе дахаты пасьля канцэрту і яшчэ некалькі вучняў з сабой. І “Мроя” яшчэ пасьпявала ў хаце.

Дубавец: У 1983 годзе 18-я ўгодкі Аліны Садоўскай адзначала ўся Майстроўня. Прычым адбывалася гэта ўжо не на філфаку, а пад новым дахам – у Палацы прафсаюзаў.
Супольны торт у гонар 18-х угодкаў Аліны. Майстроўня, Палац прафсаюзаў, чэрвень 1983 году.

Аліна: “І дарэчы гэты дах нам прэзэнтаваў мой сусед Іван Канстанцінавіч Берцук, які быў там намесьнікам дырэктара па культурнай рабоце. Ён памясьціў Майстроўню афіцыйна ў Палац прафсаюзаў. Канечне, яго мой бацька справакаваў, але трэба аддаць належнае Канстанцінавічу, ён малайчына, гэта быў вельмі добры крок.
Майстроўня віншуе Аліну з 18-годзьдзем. Палац прафсаюзаў, чэрвень 1983 году.


ПЕРШАЕ КАХАНЬНЕ


Майстроўня ёсьць вяхой для ўсіх. Бо гэта было нешта такое цёплае, для мяне асабліва, бо там я сустрэла сваё першае каханьне, Сяргея Шупу. Хай яно было нядоўгае, але на тое ж яно і першае каханьне, праўда?

18 год мне было ў 1983 годзе. У 1982 я паступіла, а ў 1983-м улетку мне споўнілася 18. 7 чэрвеня. Гэта быў, напэўна, адзін зь лепшых маіх днёў нараджэньня.

Як сьвяткавалі мае 18 гадоў, памятаю. Я якраз тады закахалася ў Шупу. Я памятаю, што мне надаравалі кучу ўсякіх кветак і частка зь іх была півоні – барвовыя, ружовыя – а я іх вельмі люблю, асабліва калі яны яшчэ такія нераспушчаныя. І Сяргей Мурашка, памятаю, паднёс мне адзін з гэтых букетаў і сказаў: ведаеш, дарагая, ты мне нагадваеш вось гэтую нераспушчаную кветачку. І з гэтага вялікага “веніка” я адну кветку падаравала Шупу. І памятаю, што пасьля гэтага сьвята ён прыйшоў дадому, і маці ў яго запыталася (ён мне ўжо распавядаў потым): што ў цябе за кветка такая? А ён кажа, што вось сёньня Аліну Садоўскую віншавалі з 18-годзьдзем і яна мне падаравала кветку. А маці ў адказ пытаецца: што, яна ўсім майстроўцам даравала кветкі? Ён кажа: не, толькі мне. Яна кажа: ну віншую, ты што,” прыплыў”? І ён сазнаўся, што “прыплыў”.
Раніца пасьля Купальля на Нёмне пад Стоўбцамі. Аліна, Сяргей Шупа, Сяргей Мурашка. 1983 год.

Яны мяне “дзялілі” зь ягоным лепшым сябрам Сяргеем Мурашкам. І Мурашка быў вельмі мудры. Ён сказаў: Шупа, давай ня будзем сварыцца, давай паглядзем, каго яна сама выбера. І я выбрала Шупу”.

Дубавец: Я спытаўся ў Аліны – як на яе думку, ці не зашмат патасу ў нашых гаворках пра Майстроўню, пра што напісаў нехта з камэнтатараў гэтых перадач.

Аліна: “Патас абсалютна апраўданы. Я лічу, што ён заніжаны. У той час гэта быў подзьвіг. Выйсьці на вуліцу разам з Майстроўняй, пайсьці нешта сьвяткаваць, калі ўсе твае аднакурсьнікі сядзяць дома па хатах.

Гэта быў цуд. Роля асобы ў гісторыі. Каб не Вінцук, каб не Віялета Ефіменка, Сокалаў, канечне, каб не Гермянчук. Гэта асобы, якія ўсё стварылі. А мы ўжо цягнуліся за імі хвастамі. Лідэр быў адзін – Вячорка. Яны былі проста асобамі. Прычым яны былі рознымі і настолькі добра ўпляталіся ў гэта. Мне падабалася, што Майстроўня аб’ядноўвала розныя пакаленьні. Што да яе далучаліся людзі калі-небудзь і старыя. Там не было ўзросту, там не было старых і маладых, мы ўсе былі роўныя. Нас усіх адно аб’ядноўвала”.