Онлайн-вэрсія дыску "Барды Свабоды".
Аўтары ідэі самі ня верылі, што праект так раскруціцца. Бо ў Менску вельмі даўно — бадай, з канца 80-х, на вялікіх пляцоўках не адбываліся бардаўскія канцэрты. Беларускія аўтары выступалі больш па кватэрах і маленькіх клюбах. Але аказалася, што ў Беларусі столькі талентаў, ды такіх разнастайных, што жанр узбагаціўся новымі імёнамі, песьнямі!
Кіраўнік праекту Зьміцер Бартосік кажа: «Калі б мне гадоў 10-15 таму сказалі, што ў Беларусі будзе больш за сотню беларускамоўных бардаў, я б не паверыў. А калі мне сказалі, што 250 песень можна зьмясьціць на адну кружэлку, я б яшчэ больш зьдзівіўся».
Зьміцер Бартосік палічыў, што калі б сёньня ўсіх бардаў, якія выступілі за час праекту на Радыё Свабода, сабраць на адзін вялікі фэстываль, і кожнаму даць па 15 хвілін, то такі канцэрт доўжыўся б 30 гадзін безь перапынку.
Your browser doesn’t support HTML5
Размаўляю з адным з самых салідных бардаў, які захапляецца самадзейнай песьняў ужо 30 гадоў — Зьмітром Сідаровічам:
— Чым цікавым для вас быў гэты праект?
— Тым, што мне была дадзена магчымасьць нешта сказаць пра сябе на шыкоўнай, папулярнай і аўтарытэтнай трыбуне — Радыё Свабода... На самой справе, праект цікавы тым, што там прадстаўлена 50 чалавек. Так што можна, ня злазячы зь печы, ведаць, хто ёсьць хто. І дыск набывае рысы такога саліднага даведніка па бардаўскай песьні. Клясны дыск!
Старэйшае пакаленьне бардаў больш кансэрватыўнае, сьпявае традыцыйна пад гітару. Маладым адной гітары мала — яны дадаткова выкарыстоўваюць іншыя музычныя інструмэнты: скрыпкі, віялянчэлі, флейты, баяны, губныя гармонікі. Яраш Малішэўскі віртуозна валодае добрым дзясяткам музычных інструмэнтаў, прафэсійны музыка. Што да бардаўскага праекту, ён кажа:
— Сьпець песьні новыя альбо ўжо добра вядомыя мне — гэта заўжды файная нагода. А калі гэта будзе запісана, хай сабе вось так, жыўцом, хай сабе з адной гітарай, чарговыя нейкія колеры, адценьні, што і дае чарговую новую палітру, што мы называем музыкай — бардаўскай, рокавай, якой заўгодна.
Журналіст, рэжысэр-дакумэнталіст Алег Дашкевіч, што да ацэнкі праекту і свайго ў ім удзелу выказаў такое меркаваньне:
«Па-першае, гэта здаравенны архіў, які не прападзе. Як кажуць, рукапісы не гараць, гэта вельмі добрая справа. Што тычыцца асабіста мяне, то я да гэтага жанру цяпер ужо са сваёй званіцы стаўлюся трошкі паблажліва. Бачу хібы, безумоўна. Нават графаманства ў сваіх, так бы мовіць, творах. Але за пару штук мне ня сорамна. І гэтым я сябе цешу».
На імпрэзе прысутнічалі літаратары Ўладзімер Арлоў і Алесь Пашкевіч, мовазнаўца Пётра Садоўскі, старшыня ТБМ Алег Трусаў, музычныя крытыкі Вітаўт Мартыненка, Анатоль Мяльгуй, Зьміцер Падбярэскі, Сяргей Будкін.
Наведнікі імпрэзы дзеляцца сваімі ўражаньнямі:
— Вельмі добрае ўражаньне, вельмі ўсё спадабалася!
— Цудоўна! Праз «Народную Волю» даведаўся, прыехаў у Менск, і не шкадую.
— Мне вельмі спадабалася. Ну, Хадановіч — гэта ж наагуул лапушка! Тацяна Беланогая таксама. А Сідаровіча я даўно ведаю.
— Гэта вельмі добры фэст, але ён быў бы яшчэ лепшы, каб на ім выступіў я.
— А вы сьпяваеце?
— Сьпяваю. Праўда, я ня ўмею граць на гітары, таму я ня бард, а «а-капэльшчык».
— Дык у вас яшчэ ўсё наперадзе: праект працягваецца.
— О! Дзякуй, дзякуй за інфармацыю, калі ён працягваецца, то буду вельмі імкнуцца туды патрапіць.