Міхась Скобла: “Паэзія Геніюш – гэта заўсёды подых свабоды”

Сёлета 9 жніўня будзе адзначацца і 100-гадовы юбілей выдатнай паэткі, якая памерла 7 красавіка 1983 году. З гэтай нагоды 2010 год быў абвешчаны 5-м зьездам беларусаў сьвету годам Ларысы Геніюш. Госьцем ранішняга эфіру “Свабоды” быў паэт і журналіст Міхась Скобла.



СЛУХАЦЬ:


Абламейка: Міхась, вы ўклалі вялікі том эпісталярнай спадчыны Ларысы Геніюш, не пакідаеце і далей цікавіцца яе асобай і
творчасьцю, вось выступаеце арганізатарам сёньняшняй вечарыны. Чаму ваша ўвага дасталася менавіта Ларысе Геніюш?

Скобла
: Я добра памятаю той дзень 7 красавіка 1983 году, калі ў нашую 9 клясу дзярэчынскай школы прыйшоў настаўнік Пятро Марціноўскі і паведаміў, што ягонага ўроку літаратуры ня будзе, бо памерла вялікая паэтка Ларыса Геніюш. Таму ён мусіць ехаць на пахаваньне ў Зэльву. На маё тагачаснае разуменьне ўсе вялікія паэты месьціліся пад вокладкай школьнай хрэстаматыі, а тут вялікая і ў Зэльве. І гэта неяк адразу зацікавіла. Гэта была мая першая сустрэча з імем Ларысы Геніюш. Калі я рыхтаваў для "Залатой сэрыі беларускага кнігазбору” выбраны том Ларысы Геніюш і трапіў у яе архіў, што зьберагаецца ў Акадэмічнай бібліятэцы, то я пабачыў, што там літаральна нечапаныя радовішчы яе вершаў. І нічога не заставалася, як проста брацца за працу. Пасьля таго як выйшла згаданая вамі эпісталярная спадчына Геніюш, мне з усяго сьвету сталі дасылаць яе лісты. Але я не калекцыянэр, таму паціху мусіў гэта публікаваць, і зь цягам часу Ларыса Геніюш мяне проста захапіла як паэтка, як стваральніца эпісталярнага эпасу, як грамадзянка.

Абламейка: Некалі Сяргей Дубавец апублікаваў артыкул, у якім назваў трох, на яго думку, галоўных беларускіх паэтак ХХ стагодзьдзя. Гэта Натальля Арсеньнева, Ларыса Геніюш і Яўгенія Пфляўмбаўм. А якой была б ваша тройка? І якое месца ў беларускай літаратуры вы адводзіце Ларысе Геніюш?

Скобла: Гэта Цётка, Натальля Арсеньнева, Ларыса Геніюш, Яўгенія Янічшчыц і Ніна Мацяш. Відаць пяцёрка ўсё ж такі атрымаецца. Хоць я і не падзяляю паэзію на жаночую і мужчынскую. Што тычыцца таго месца Ларысы Геніюш у беларускай літаратуры, то без сумневаў стаўлю яе ў нешматлікі почат нашых клясыкаў. І, памятаю, была ў мяне на гэты конт гутарка зь Янкам Брылём. Ён выказваўся ў тым сэнсе, што Ларысу Геніюш узьвялічвае яе пакутніцкі лёс, яе ГУЛАГаўскае мінулае. Але ГУЛАГ даў Геніюш унікальны досьвед чалавечага выжываньня. У выніку зьявілася на сьвет яе знакамітая кніга "Споведзь". Празь пекла ГУЛАГу прайшлі мільёны, а вялікія кнігі пра гэта пакінулі адзінкі: Салжаніцын, Варлам Шаламаў, Ларыса Геніюш, тыя, хто меў вялікі талент. Як паэтка яна таксама займае сваё асаблівае месца. Паэзія яе вобразная, афарыстычная, мэлядычная, рытмічна разнастайная. Самае галоўнае, што яна хрысьціянская, чалавекалюбная і вельмі беларуская па зьмесьце. У ёй адбілася вельмі яскрава душа і характар беларуса. А яшчэ паэзія Геніюш – гэта заўсёды подых свабоды.

Вечарына памяці Ларысы Геніюш пачнецца 7 красавіка а 17-й гадзіне ў сядзібе Таварыства Беларускай мовы.