Суровая «аграказка» ў сядзібе пана Яна над Гаўяй

Пяць гадоў таму ў краіне, паводле Лукашэнкі, мусіў быў пачацца масавы агратурыстычны бум. Прэзыдэнт раптам абурыўся тым, што «прастойваюць» шматлікія запаветныя мясьціны. І — заявіў пра зьніжэньне падаткаабкладаньня з 20 да 5% для наваяўленых агратурыстычных гаспадароў. І пра каштоўную магчымасьць атрымліваць ім банкаўскія крэдыты.
Трэба думаць, дзяржава разьлічвала, што сотні людзей кінуцца будаваць сядзібы, куды панаедуць тысячы турыстаў, якія ўсе разам зробяць падаткамі добры ўнёсак у бюджэт. Аж не! Мала ў якім раёне ёсьць сёньня хоць адна падобная гаспадарка. Найчасьцей у сваіх вандроўках чую адказы, падобныя да таго, які я нядаўна атрымаў на Сеньненшчыне ад старшыні Ходцаўскага сельсавету, спадарыні Надзеі Шабусавай. Там, дарэчы, нават узімку патэнцыяльны агратурыстычны рай з маляўнічымі сасновым ды бярозавым гаямі ўздоўж азёраў зь берагамі, пакрытымі жоўтым пясочкам.

Шабусава: «Азёр у нас шмат — Белаліпскае, Ходцаўскае і Саро самыя вялікія. Толькі думаем, як займацца агратурызмам. Ёсьць некалькі пустых будынкаў, але патрэбны вялікія ўкладаньні. Не знаходзіцца ахвотных...»

Насамрэч мала ахвотнікаў узваліць на сябе тытанічную прадпрымальніцкую працу, каб узьняць гаспадарку — пры тым, што надзеі на прыезд замежных турыстаў у краіну з нашай сёньняшняй замежнай рэпутацыяй досыць слабыя. Таму, калі днямі, у часе падарожжа па Івейскім раёне Гарадзеншчыны, на трасе Менск — Гродна, побач з Налібоцкай пушчай, я ўбачыў беларускамоўны ўказальнік «Сядзіба пана Яна над Гаўяй» — неадкладна збочыў туды.


Вось і вёска Залейкі, якая адкрываецца двухпавярховым драўляным зрубам на ўзвышшы. Мяне радасным гаўканьнем ды скокамі сустрэў Пірат — сабака з чорнай поўсьцю. На двары — драўляныя фігуры, паветка з кастрышчам ды мангалам, недабудаваная лазьня і тэатральная (!) сцэна. А вось і сам пан Ян Марціновіч — статны, зычны, зь неверагодна вялікай барадой і выразным польскім акцэнтам. 37 год ён прапрацаваў у Варшаўскім лялечным тэатры, аб’езьдзіў паў-Эўропы. На парозе — жонка, спадарыня Людміла, жыцьцялюбная, гаваркая настолькі, што празь некалькі хвілін пераходзім на «ты». А валодае ангельскай, польскай і нямецкай мовамі. Уражаны, за гарбатай тут жа патрабую расказаць, як сёньняшнія пэнсіянэры ўзвалілі на сябе той агратурызм.


Ян: «У нас цэлы зьвярынец — тры кошкі будуць раджаць, зь Піратам шэсьць сабак — дачкі і ўнучкі. У Беларусі ў мяне дзедушка, прадзедушка, маці з гэтых мясьцін. Прыяжджаў пастаянна сам. Калі складана было праехаць празь мяжу, пісаў да цётак — адной, другой...»


Людміла: «Ідэя пастаянна пасяліцца прыйшла яму. Я на 4 паверсе вырасла і да зямлі ніякіх адносінаў ня мела. У бацькоў былі „шчасьлівыя“ шэсьць сотак, але я туды не паказвалася. І зараз на градках сяджу, у неба гляджу, кажу — „мама, што са мной зрабілі?!“ (Сьмех.) У таты быў панскі дом тут, і Залейкі мы купілі. Прадалі кватэру трохпакаёвую за 80 млн, і гэта быў першапачатковы капік. Ня ведалі, з чаго пачынаць. Зарэгістраваліся ў сельсавеце і пайшлі зь Янушам у турыстычныя фірмы. Адзіная магчымасьць сябе разрэклямаваць была праз транзыттурыстаў. І ў нас у асноўным менчукі і госьці Менску...»

Зараз адначасова пан Ян і спадарыня Людміла прымаюць па 50 чалавек, на апошні Новы год — 120. Два гады таму самі «разьведалі» ды распрацавалі маршрут так званага «зялёнага шляху».

Людміла: «Калі пра „зялёны шлях“, тут роварам паўтара км па лузе — і Нёман...»

Ян: «Нёман рамантычны, як мужчына бярэ пад ручку Гаўю і ўводзіць...»

Людміла: «Там заказьнік Раздоры зь дзікай прыродай, дзоты царскія — трэба ўжо ісьці з правадніком. Там лясьнічы Буйко са сваім музэем прыроды. Ад Жэмаслаўля байдаркі. У Дакудава Агарка можа падбіраць на плыт...»

Настаўнікі Сьвятлана ды Юры Агаркі зладзілі сваю аграгаспадарку ў Дакудава, на Лідчыне, таму ўжо чатыры гады. Пазалетась я ў іх гасьцяваў таксама. Акурат тады, калі іх адмысловы праект толькі пачынаўся. Сьвятлана расказвала:

Сьвятлана: «І, мабыць, ні ў кога ў Беларусі — сплаў на плытах па Нёмне ўніз, з усімі прыпынкамі, экскурсіямі — хоць на тыдзень. 150 даляраў у суткі, але на плыце 15-20 чалавек...»

Мы ізноў зь Людмілай ды панам Янам.

Карэспандэнт: «У шчыльнай сувязі з Дакудавым — такая агратурыстычная мафія?» (Сьмех.)

Людміла: «Так, так. А надалей, як сюды прыедуць пэнсіянэры, мы і іх хочам прыхапіць. З матэлем ды двума басэйнамі ня хочуць ужо ехаць адпачываць. У нас старонка ў Internet, і зь Нямеччыны хочуць на два тыдні адпачыць у драўлянай хаце, каб лес. Каб ведаў, што ён жыве на вёсцы, дзе выскачыла курыца зь яйкам, каб далі казу падаіць і пілі ўсе малако...» (Сьмех.)


Ян: «З Аўстраліі, Нямеччыны прыяжджалі — як добра ў вас. Палякі прыяжджалі ў сьпёку — пан Ян, дзе рэчка ў вас? Крычыць — рабяты! Кінулі жрачку пад навесам і купацца ды гукаць. На Новы год было 120 чалавек: адзін аўтобус — масквічы, адзін — беларусы...»

Людміла: «Януш за Дзеда Мароза быў, сена, гною на каня, і віску-піску было! Я рыхтую са сьвежых шчупакоў 2 катлы юшкі, напоі па жаданьні. Аўталаўка прыяжджае з гарачым хлебам, заказы зь фірмамі заключаныя. Музыка ў нас адораны, з гармонікам, і як пачынаюць тут гапака даваць, сьпяваць пры кастрышчы і з мангальчыкам — робім, як душа гаворыць...»



Разам са спадарыняй Людмілай ходзім па навакольлі Залейкаў, якія, між іншым, на паўвостраве паміж Нёманам і Гаўяй. Ідзем па гаі зь ліпамі, акацыямі, бэзам, які пераходзіць у ельнік, дзе два бункеры часоў Першай сусьветнай. Цешымся ніцымі вербамі над спакойнай Гаўяй, дзе жывуць бабры. Бачылі лася і курапатак. Суразмоўніца кажа, што аж пад хату падыходзяць алені. І плаўна пераходзім у вёску. Ды дзе — сёньня засьценак.

Людміла: «На адным баку 5 чалавек жыло, на другім — 6. Зараз яшчэ 20 прыедзе...»

Заходзім да сяброўкі Люсі, як кліча яе пан Ян — 87-гадовай былой настаўніцы бабы Любы.

Людміла: «Вяду вам карэспандэнта „Свабоды“ — расказвайце, як Залейкі жывуць...»

Сяліцкая: «Вы пытайцеся — мы адкажам! Да вайны тут прапісана было 396 чалавек. Мы тут 67 год. Я была 25 год старшынёй выбаркаму....»

Карэспандэнт: «Спадарыня Людміла, зараз маса публікацый пра фальсыфікацыі бюлетэняў, што ўкідаюцца, пра датэрміновае галасаваньне. А што ў вас было тады?»

Сяліцкая: «У нас галасавалі адкрыта, як мае быць. У урну кідалі — кабінак не было. Па адным таксама кандыдаце было...»

Карэспандэнт: «А тое, што вёска ператвараецца ў агравёску — уратуе Залейкі?»

Сяліцкая: «Абавязкова! Усе „прадажныя“ хаты ўжо купленыя, і Залейкі без радыяцыі. Да 85 год карову і два кабаны трымалі. Сёньня адны куры і трусоў завяду...»

Карэспандэнт: «Дык у вас марское здароўе тут?»

Сяліцкая: «Дзякуй!»


Люда: «Дзядзька Франак, хадзі, рыбка мая. Бягом яшчэ да Нёмана дабегчы можа...»

Мужу, дзядзьку Франку, 91. На Другой сусьветнай страціў руку. Удараецца ва ўспаміны.

Сяліцкі: «Бацька рабіў вэтурачом у князя, атрымліваў 90 злотых. Сабраў іх і купіў тут участак. Была толькі зямля. Пабудаваў тут хату з пляцам, пасадзіў дрэвы. Было ўсё ў прыватнай уласнасьці — капіталізм быў. У нас немцаў мала было — партызанская вёска. Езьдзілі ўзрываць цягнікі пад Гаўю. Уласаўцы злапалі — і ў Нямеччыну на працу. Праз 3 дні ўцяклі і дахаты. Тады ў Армію Людову...»

Карэспандэнт: «Каб скінуць 30 год, працавалі б разам зь Люсяй?

Сяліцкая: «Канечне, Залейкі жылі, жывуць і будуць жыць...»

Я ізноў у гасьціннай хаце Марціновічаў. Гаспадары нарэшце дасьпелі і да больш праблемнай размовы.

Карэспандэнт: «А як хутка выйшлі на прыбытак?»

Ян: «Прыбытак у мінусе — будуемся цэлы час. Калі прыехалі, тут была толькі хатка. Сьвідравіну для вады зрабілі, ванныя пакоі з гарачай вадой і дабротамі ў нас...»

Карэспандэнт: «А крэдытаў колькі набралі?»

Людміла: «О, ужо 50 млн. — трэці год праплочваем. Другі ўчастак мы купілі — хочам зрабіць для рыбакоў і паляўнічых домікі з лазьняй па-чорнаму. Танны экстрым-адпачынак — можна з намётамі пасярод зелені...»

Карэспандэнт: «Ян, вы ў Варшаве добра ведалі, што рэжым Лукашэнкі бізнэс цісьне — вялікія падаткі і немагчымасьць узяць крэдыты. І вы ўсё-ткі ў Беларусі пачалі справу...»

Ян: «Спачатку я толькі хацеў купіць хату і адпачываць на пэнсіі ў старых Васілішках, дзе Чэслаў Нэмэн. І ніколі ня думаў, што буду бізнэс закладаць. Але замкнуцца ня змог, чаму і сцэну пабудаваў. Мы 5 год таму, калі вырашылі, старшыня сельсавету адкрыў вочы — „які агратурызм?!“ А цяпер мы адны ў Івейскім раёне, і ніхто жадных праблем ня робіць...»

Карэспандэнт: «Каб Беларусь была больш эўрапейскай, больш да вас бы прыяжджалі і не было б праблемаў з вашымі 50 млн.?»

Ян: «Канечне, каб Эўрасаюз з прэзыдэнтам дамовіліся, было б добра. Але цяпер ужо тэлефануем у АВІР, пішам нумар пашпарту, і лацьвей крочыць.Зрабілі першы крок, цяпер трэба сказаць і В, і С. І прыбытак будзе — о-го-го! І як буду на кладаўі, замест палявых кветак Люська будзе ружы мне прыносіць...» (Сьмех.)