Сьвет учора і сёньня, 1-2 красавіка

Праваслаўныя хрысьціяне з крыжамі падчас працэсіі ў Вялікую пятніцу. Вія Даляроса – вуліца ў Старым Ерусаліме, якой, як лічыцца, ішоў Хрыстос да месца ўкрыжаваньня.

Індыйскі каталік з Хайдарабаду падчас інсцэнізацыі крыжовага шляху Хрыста. Хрысьціяне складаюць 2,3 працэнта жыхарства Індыі.

Рыхтаваньні да Вялікадня ў Бялградзе.

Нікарагуанскія дзеці – каля сьцяны з графіці, дзе намаляваны выявы Ісуса Хрыста і рэвалюцыйнага лідэра Эрнэста Чэ Гевары. Горад Масая, за 30 кілямэтраў ад сталіцы краіны Манагуа.

Амэрыканская астранаўтка Трэйсі Колдвэл Дайсан і расейскі касманаўт Аляксандар Скварцоў незадоўга да запуску расейскага пілятаванага карабля “Саюз”. Байканур, 2 красавіка.

Дэманстрацыя вэтэранаў і сваякоў ахвяраў аргентынска-брытанскай вайны за Фалклэндзкія астравы. 2 красавіка споўнілася 28 гадоў з пачатку вайны. 2 красавіка 1982 году Аргентына правяла апэрацыю, устанавіўшы кантроль над астравамі. Вялікая Брытанія ў адказ на гэта накіравала да астравоў вайсковыя сілы. У ходзе вайны Аргентына зазнала паразу.

Прыхільнік зрынутага прэм’ера Тайлянду Таксіна Шынаватры – падчас акцыі пратэсту каля амэрыканскай амбасады ў Бангкоку.

Паўднёвакарэйскія ратавальнікі працягваюць пошукі целаў ахвяраў катастрофы вайсковага карабля, затанулага тыдзень назад у Жоўтым моры паблізу мяжы між КНДР і Паўднёвай Карэяй.

Два дайвэры з Мэльбурну гуляюць у крыжыкі-нулікі, спрабуючы пабіць рэкорд Гінэса. Дайвэры маюць намер правесьці ў вадзе пры гульні 36 гадзін і сабраць дзякуючы сваёй акцыі сродкі для Каралеўскага дзіцячага шпіталю ў Мэльбурне.

Маладыя людзі – падчас фэстывалю на пляжы ў Ніцаніме на поўдні Ізраілю. Трохдзённы фэстываль, што праходзіць падчас Пэсаху, зьбірае тысячы маладых ізраільцаў. У праграме фэстывалю – рок-канцэрты, мэдытацыі, заняткі ёгаю...