Сёньня, у першы дзень веснавой сэсіі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ратыфікавалі “Дамову паміж Рэспублікай Беларусь і Ўкраінай аб дзяржаўнай мяжы”. За ратыфікацыю прагаласаваў 101 дэпутат.
Гэты дакумэнт быў падпісаны 12 траўня 1997 году ў Кіеве. У тым самым годзе ён быў ратыфікаваны ўкраінскім парлямэнтам. Беларускі ж бок пачаў гэты працэс летась, на падставе даручэньня Аляксандра Лукашэнкі пасьля ягонага афіцыйнага візыту ва Ўкраіну. Пра гэта паведаміў сёньня дэпутатам старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Рэспублікі Беларусь Ігар Рачкоўскі. Ён таксама патлумачыў, што “з прычыны аб’ектыўных і суб’ектыўных абставінаў мы падышлі да яго падпісаньня толькі сёлета”.
Паводле слоў Ігара Рачкоўскага, будзе створана беларуска-ўкраінская камісія, якая зоймецца дэмаркацыяй мяжы. На гэта можа спатрэбіцца сама меней дзесяць гадоў, бо мяжа з Украінай складае траціну ўсёй дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь.
Затрымка з ратыфікацыяй дамовы аб мяжы амаль на 13 гадоў выкліканая тым, што беларускі бок увязваў гэтую працэдуру з патрабаваньнем вяртаньня Украінай доўгу ў некалькі соцень мільёнаў даляраў. Доўг гэты сфармаваўся пасьля распаду СССР, калі ўкраінскія прадпрыемствы не плацілі за прадукцыю сваім беларускім пастаўшчыкам. Украіна ніколі не прызнавала гэты доўг дзяржаўным.