Украінскія эколягі на слуханьнях наконт будаўніцтва АЭС у Беларусі адзначылі, што праект мае шэраг істотных недахопаў. А Міністэрства аховы прыроды Ўкраіны паабяцала, што перадасьць усе заўвагі Беларусі.
Як паведамляе “Эўрарадыё”, слуханьні па Астравецкай АЭС у Кіеве працягваліся на паўгадзіны больш, чым плянавалася. Але рэглямэнт быў вытрыманы, і кожны зацікаўлены здолеў выступіць, у тым ліку і прадстаўнікі Міжнароднай экалягічнай экспэртызы зь Беларусі ды Расеі. Агулам украінская экалягічная супольнасьць выказалася нэгатыўна па праекце Беларускай АЭС.
На думку ўкраінскіх эколягаў, прадстаўлены атамшчыкамі праект мае шэраг істотных недахопаў. Пра гэта ў інтэрвію “Эўрарадыё” паведаміў старшыня арганізацыі “Экаклюб” з Роўна Андрэй Мартынюк.
Гэта толькі скарочанае нетэхнічнае рэзюмэ, а поўная вэрсія для грамадзскасьці недасяжная. Гэты праект ня ўтрымлівае шэрагу найважнейшых раздзелаў. Там не разгледжана, як менавіта, у якіх аб’ёмах і што будзе рабіць Беларусь з адпрацаваным ядзерным палівам і радыёактыўнымі адходамі. І як яна будзе выводзіць з эксплюатацыі атамную станцыю. А менавіта гэтыя тры пытанні зьяўляюцца найважнейшымі. То бок гэта менавіта тое, што найбольш шкодзіць пры эксплюатацыі і закрыцьці атамнай станцыі”.
Паводле ўдзельнікаў слуханьняў, магчымыя адкіды станцыі недаацэненыя аўтарамі праекту ў некалькі разоў, а рэактарная ўстаноўка мае экспэрымэнтальны характар.
Міністэрства аховы прыроды Ўкраіны паабяцала, што пад пільным кантролем грамадскасьці зьбярэ ўсе заўвагі, агучаныя на слуханьнях, і перадасьць іх Беларусі. Андрэй Мартынюк падкрэслівае, што разам з украінцамі свой пратэст выказалі і эколягі з Эўразьвязу.
“Тут была агучаная рэзалюцыя Эўрапейскай партыі зялёных пра тое, што яны аднагалосна выступілі супраць плянаў будаўніцтва Беларускай АЭС. І гэтая рэзалюцыя была перададзеная прадстаўнікам Украінскай партыі зялёных дзеля таго, каб яна была ўлічаная пры падрыхтоўцы камэнтароў”.
Ранейшыя слуханьні па Беларускай АЭС у Вільні і Рызе таксама скончыліся крытыкай праекту атамнай станцыі.