Кандыдат у дэпутаты абласнога савету Зьміцер Кухлей зьвярнуўся са скаргай у Цэнтравыбаркам на рашэньне Мастоўскага райвыканкаму, згодна зь якім у цэлым раёне выдзелены толькі два месцы для правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
Згодна з рашэньнем выканкаму, агітаваць можна на запасным полі стадыёна “Нёман” і на пляцоўцы для правядзеньня кірмашоў каля Мастоўскага рынку. Прычым толькі пасьля 15:00. У астатніх месцах правядзеньне масавых мерапрыемстваў забаронена.
У раёне вызначаны 25 выбарчых акругаў, зь якіх 12 разьмешчаныя непасрэдна ў Мастах, астатнія 13 — у сельскай мясцовасьці.
Кандыдат у дэпутаты Зьміцер Кухлей зьвяртае ўвагу ў скарзе на тое, што абсалютная большасьць кандыдатаў пазбаўлены магчымасьці праводзіць выбарчую агітацыю шляхам правядзеньня масавых мерапрыемстваў: сходаў, мітынгаў і пікетаваньня. Асабліва гэта датычыць тых, хто жыве ў сельскай мясцовасьці.
Зьміцер Кухлей патрабуе ад Цэнтравыбаркаму аднавіць законнасьць і ў адпаведнасьці з ч. 9 арт. 45 Выбарчага кодэксу вызначыць месцы для правядзеньня масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі кожнай выбарчай акругі.