Выстава праходзіла ў сакавіку гэтага года ў кінатэатры "Перамога", але была датэрмінова закрытая з-за чутак аб "апазыцыйных настроях на адкрыцьці выставы".
У экспазыцыю ўвайшлі фота беларускіх рок-музыкантаў — канцэртныя здымкі гуртоў "Ляпіс Трубяцкой", "Нейра Дзюбель", "Без білета", "ДзеціДзяцей", "Сярэбранае вясельле", The Toobes, "Разьбiтае сэрца пацана", "Крама" і іншых.
Выстава была арганізаваная ў рамках грамадзка-культурнай кампаніі "Будзьма беларусамi!". Як адзначыла на адкрыцьці каардынатарка кампаніі Ніна Шыдлоўская, адна з мэтаў выставы — максымальна пашырыць цікавасьць да беларускай культуры.
Фотаздымкі выставы Аляксандра Ждановіча "Адваротны бок зорак" неўзабаве будуць выкладзеныя ў інтэрнэце для дабрачынных мэтаў, паведаміла БелаПАН прэс-сакратар праекту Ганна Трубачова.
Паводле яе слоў, у гледачоў зьявіцца магчымасьць не толькі ўбачыць фотаздымкі, але і набыць іх. Усе сродкі, атрыманыя ад продажу фотаздымкаў, пойдуць на патрэбы Гарадзішчанскага дома-інтэрнату для дзяцей і моладзі з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця.
Таксама выставу зноў можна будзе ўбачыць 22 красавіка ў клюбе "Рэактар" у Менску, дзе ў гэты дзень адбудзецца дабрачынны канцэрт пры ўдзеле беларускіх гуртоў IQ48, "Нейра Дзюбель", B:N, ZM99 ("Зьмяя") і Алега Хаменкі ("Палац"). У рамках фэстывалю выстава пройдзе ў апошні раз і пасьля заканчэньня канцэрта фотаздымкі будуць раздадзеныя музыкантам.