Шапуцька ня здолела аднавіцца на юрфаку БДУ праз суд

Тацяна Шапуцька

Суд Маскоўскага раёну Менску не задаволіў скаргі былой студэнткі юрыдычнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту Тацяны Шапуцькі, па фармальнай прычыне адлічанай летась за пропускі.

Моладзевая актывістка лічыць, што ў рашэньні праглядаецца яскрава палітычны падтэкст: загад рэктара БДУ на выключэньне зьявіўся неўзабаве пасьля вяртаньня з Брусэлю, дзе яна брала ўдзел у форуме “Усходняга партнэрства” 16-18 лістапада 2009 году. Апроч таго, ад Тацяны неаднаразова патрабавалі зьнізіць “градус” актыўнасьці ў “Маладым фронце” -- маўляў, сам факт такога сяброўства нэгатыўна ўплывае на імідж усёй навучальнай установы. Суд палітычных матываў у дзеяньнях рэктарату не знайшоў.

Гаворыць Тацяна Шапуцька:

“Судзьдзя прыняў усе аргумэнты Міністэрства адукацыі і БДУ – і наконт прадстаўленьня дысцыплінарнага ўзьдзеяньня ў выглядзе службовай запіскі, і наконт законнасьці загаду з гледзішча правілаў унутранага распарадку ў загадзе аб адлічэньні. Сказаў, што нашы аргумэнта фармальна не пераканаўчыя і цалкам прыняў бок супрацьлеглы. Зараз мы маем 10 дзён, каб дадаць касацыйную скаргу ў Менскі гарадзкі суд”.

У скаргах на імя рэктара БДУ Сяргея Абламейкі і міністра адукацыі Аляксандра Радзькова Тацяна Шапуцька прасіла наноў перагледзець рашэньне і прызнаць незаконным загад аб адлічэньні з БДУ. Аднак банальныя адпіскі вымусілі ўрэшце зьвярнуцца ў суд. І хоць пасьля адлічэньня з унівэрсытэту Тацяну прынялі на дыстанцыйнае навучаньне ў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт у Вільні, сваім пазовам супраць БДУ і Міністэрства адукацыі яна спрабавала дамагчыся справядлівасьці і намінальнага аднаўленьня на вучобу.

Падрабязнасьці чытайце на нашым сайце пазьней

Тацяна Шапуцька і Валер Мацкевіч (справа на здымку)