Аўтуховіч лічыць, што крымінальная справа супраць яго, Асіпенкі і Казлова сфабрыкаваная "высокапастаўленымі асобамі або групай асоб". Пра гэта ён заявіў 23 сакавіка, выступаючы ў Вярхоўным судзе, дзе працягваецца працэс па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў.
"Першапачаткова наш арышт праводзіўся ў сувязі з паказаньнямі нейкага Паўтарака: нібыта ён дапамагаў мне перавозіць, разгружаць і захоўваць буйную партыю зброі, аўтаматаў, снайпэрскіх вінтовак, выбуховых рэчываў. У Ваўкавыск прыехалі прыкладна 150 супрацоўнікаў спецпадразьдзяленьня "Алмаз", шукалі аўтаматы і выбухоўку, але нічога не знайшлі. І калі мне прад'явілі абвінавачваньне ў падпале, я быў шакаваны", – сказаў Аўтуховіч.
На яго думку, прад'яўленае пасьля абвінавачваньне ў падрыхтоўцы тэракту грунтуецца на паказаньнях толькі двух сьведкаў – Паўтарака і Аляксандра Ларына, на якіх аказваўся ціск з боку следзтва каб абгаварыць Аўтуховіча, Асіпенку і Казлова. "Усе астатнія матэрыялы справы сьведчаць аб нашай невінаватасьці", - заявіў падсудны.
Аўтуховіч не адмаўляе, што зьбіраў інфармацыю пра намесьніка міністра падаткаў і збораў Васіля Каменку і былога губэрнатара Гарадзенскай вобласьці Ўладзімера Саўчанку.
"І ня толькі пра іх, - дадаў падсудны. - Гэта было зьвязана з тым, што Каменка неаднаразова спрабаваў незаконнымі мэтадамі зьнішчыць мой бізнэс. Гэта зьвязана з фактамі карупцыі ў Ваўкавыску, і мы зьбіралі гэтую інфармацыю для таго, каб пасьля даказаць сваю невінаватасьць, і незаконныя дзеяньні Каменкі".
Па словах Аўтуховіча, усе сабраныя матэрыялы неаднаразова перадаваліся ім у КДБ, пракуратуру, Савет бясьпекі. "Мы зьвярталіся нават да прэзыдэнта. Аднак усе нашы звароты былі як гарох аб сьцяну: ніхто не рэагаваў на факты карупцыі. Адзіны, хто імі займаўся, - гэта Казлоў, які тады працаваў кіраўніком УБАЗ па Гарадзенскай вобласьці. На падставе нашай інфармацыі і яго працы нават была ўзбуджаная крымінальная справа аб карупцыі, якую пасьля замялі", - сказаў падсудны.
Аўтуховіч заявіў, што лічыць судовы працэс помстай за яго дзейнасьць па раскрыцьці фактаў карупцыі ў Ваўкавыску.
Падсуднымі па дадзенай крымінальнай справе зьяўляюцца чатыры чалавекі: Мікалай Аўтуховіч, Уладзімер Асіпенка, Аляксандар Ларын і Міхаіл Казлоў.
Першых трох абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту ў дачыненьні да намесьніка міністра па падатках і зборах Каменкі і былога губэрнатара Гарадзенскай вобласьці Саўчанкі.
Аўтуховіч і Асіпенка таксама абвінавачваюцца ў арганізацыі падпалу дома былога начальніка Ваўкавыскага РУУС Сяргея Кацубы ў 2004 годзе.
Падпалкоўнік міліцыі Міхаіл Казлоў, былы кіраўнік УБАЗ па Гарадзенскай вобласьці, абвінавачваецца ў тым, што ведаў аб плянах падрыхтоўкі тэрарыстычнага акту, але не зрабіў захадаў па яго прадухіленьні.