У Італіі асуджаныя ўсе, хто хаваў Віку Мароз

Iтальянская сям’я Джуста-Барначын

Апэляцыйны суд Генуі адмяніў мінулагодні апраўдальны вэрдыкт першай інстанцыі ў дачыненьні да італьянскай сям’і Джуста-Барначын, іх бацькоў, а таксама двух каталіцкіх сьвятароў, якія ў верасьні 2006 утойвалі непаўналетнюю беларускую сірату Віку ў італьянскіх Альпах.
Рашэньнем Генуэскага суду ўсе сем фігурантаў справы —сужэнцы Алясандра Джуста і Марыя К’яра Барначын, маці Марыі-К’яры Элена Даніна, бацькі Алесандра Марыя Бонды і Алда Джуста, сьвятар з Кагалета дон Даніла Грыла, настаяцель кляштару ў Валь д’Аоста дон Франсіс Дарбэле — пакараныя пазбаўленьнем волі тэрмінам на 8 месяцаў.

Абвінавачаныя ня лічаць сябе вінаватымі. Так настаяцель кляштару, дзе ў 2006 цягам 20 дзён хавалася беларуская сірата, заявіў: «Я гатовы паўтарыць гэта ізноў дзеля шчасьця маленькай Вікі».

Паводле адвакатаў, генуэская Фэміда сёлета не знайшла зьмякчальных абставінаў у дзеяньнях сям’і Джуста-Барначын ды каталіцкіх сьвятароў і анулявала мінулагодняе рашэньне, згодна зь якім гэтыя дзеяньні былі прызнаныя адпаведнымі ўмовам неабходнасьці і зьяўляліся падставай для апраўданьня. Як пішуць італьянскія СМІ, канчатковае рашэньне суду больш мяккае за папярэдні запыт пракурора. Ён настойваў на турэмным тэрміне паўтара года.

Гісторыя, якая ў свой час літаральна падзяліла Італію на два лягеры (за Джуста-Барначын і супраць), бярэ свой пачатак ад 8 верасьня 2006 году, калі сужэнцы з Кагалета за два дні да вяртаньня сваёй 10-гадовай беларускай госьці дадому, вырашылі не аддаваць яе назад у Вілейскі інтэрнат, а схаваць яе у Італіі. Яны матывавалі сваё рашэньне тым, што маленькая беларуская сірата, якую яны лічаць сваёй сапраўднай дачкой, неаднойчы скардзілася ім на гвалт у інтэрнаце з боку старэйшых дзяцей.

Віка Мароз разам з італьянскай сям’ёй
Італьянскія карабінэры знайшлі Віку Мароз толькі праз 20 дзён у Альпах, яшчэ праз два дні пасьля рашэньня Генуэскага суду па справах непаўналетніх дзяўчынка была дастаўленая самалётам у Беларусь.

У тым жа 2006 годзе амбасада Беларусі ў Рыме ініцыявала судовы працэс супраць сямі вышэй названых італьянцаў, інкрымінаваўшы ім адно з самых цяжкіх, паводле італьянскіх законаў, злачынстваў — выкраданьне дзіцяці. Потым гэты крымінальны артыкул быў замены на больш «лёгкі» — утойваньне дзіцяці».

Судовы працэс доўжыўся амаль паўтара года, аднак за гэты час прадстаўнікі пацярпелага боку, то бок пазоўніка, так і не зьявіліся на судовых паседжаньнях. Летась у лютым Генуэскі суд па справах непаўналетніх прызнаў тых, хто ўтойваў Віку Мароз невінаватымі. Аднак абвінавачаньне не пагадзілася з гэтым рашэньнем і падало апэляцыю.

Ад верасьня 2006 сужэнцы Джуста-Барначын так больш і не змаглі ўбачыць Віку Мароз, нягледзячы на шматлікія запрашэньні Вікі ў Італію і жаданьне самой дзяўчынкі наведаць «сваіх маму і тату» ды «маленькага брата» Эмануэля, які за гэты час нарадзіўся ў гэтай італьянскай сям’і.

Віка Мароз, якой цяпер 14 гадоў, знаходзіцца на выхаваньні ў сям’і жодзінцаў Васілеўскіх, дзе таксама выхоўваецца і яе старэйшы родны брат Саша.