Афіцыйная частка hвізыту Аляксандра Лукашэнкі ў Вэнэсуэлу завершаная. Наколькі выканальныя задумы наконт экспансіі беларускай прадукцыі за акіян? Ці рэальна ў пэрспэктыве часткова пераарыентавацца з расейскай на вэнэсуэльскую нафту? Чаго спадзяецца Лукашэнка ад заплянаванай на 22 сакавіка сустрэчы з прэзыдэнтам Бразыліі Луісам Ігнасіё да Сільва?
За некалькі дзён, праведзеных Аляксандрам Лукашэнкам у кампаніі з Уга Чавэсам, абвешчаныя намеры паставіць цягам 2010 году 4 мільёны тон вэнэсуэльскай нафты на беларускія НПЗ, пабудаваць у Вэнэсуэле зборачныя прадпрыемствы магутнасьцю 10 тысяч трактароў і 5 тысяч грузавых аўтамабіляў штогод, узьвесьці жылыя мікрараёны і вайсковыя гарадкі, наладзіць сыстэму супрацьпаветранай абароны Вэнэсуэлы. Гэтыя пляны ацэньваюць экспэрты, якія сачылі за ходам паездкі Лукашэнкі. Гаворыць спэцыяліст у машынабудаўнічай галіне, эканаміст Васіль Шлындзікаў:
Фінансавы аналітык Сяргей Чалы ацэньвае ступень сыравіннай бясьпекі Беларусі ў зьвязку з абвешчанай пераарыентацыяй на вэнэсуэльскую нафту:
«Важныя нават не аб’ёмы паставак той нафты, наколькі яны магчымыя, колькі ўжо адно тое, што Беларусь пачала дэманстраваць пошукі альтэрнатыўнага шляху, уключна з размовамі пра пастаўкі вэнэсуэльскай, казахстанскай нафты і г.д. І хоць, хутчэй за ўсё, нафта будзе не вэнэсуэльская, а будуць заліковыя схемы (продаж дзесьці там паблізу і атрыманьне ўжо бліжэй да Адэсы), але ўзьнікае вельмі шмат цікавых рэчаў. Калі спачатку плянуюцца сьмешныя аб’ёмы чыгуначным транспартам, то цалкам магчымае ўключэньне ў авэрсны рэжым нафтаправоду Адэса — Броды, пра які так шмат гаварылі і які ў свой час быў ідэяй Юшчанкі. То бок, калі яны насамрэч здольныя праглынуць 4 мільёны тон, то, абсалютна магчыма, і ўдвая больш пройдзе. Тут нават пытаньне ня столькі кошту, колькі пытаньне энэргетычнай незалежнасьці ад Расеі. Сама па сабе рэч карысная. Плюс, зноў жа, умацоўвае міжрэгіянальнае супрацоўніцтва з Украінай».
Дэмакратычны актывіст Валер Костка перакананы: паглыбленьне па ўсіх франтах інтэграцыі з Вэнэсуэлай — вынік сапсаваных адносінаў з Расеяй:
«Што Вэнэсуэле можа прапанаваць Беларусь? Найперш ідэалягічную, маральную падтрымку. Але падтэкст трэба шукаць у адносінах не паміж Менскам і Каракасам, а паміж Менскам і Масквой. У былых саюзьнікаў практычна нічога ня клеіцца, пачаліся праблемы ў адносінах з Крамлём, ідзе гульня, спроба паказаць, што мы, маўляў, згуляем і бяз вас. З гледзішча палітыкі тут нейкая лёгіка сапраўды ёсьць, але з пазыцыі эканомікі гэта, канечне, абсурдна. Усё неяк ня так, як увогуле трэба, як павінна быць. Безумоўна, сувэрэнная дзяржава, трэба разьвіваць міжнародныя адносіны. Дык вы ж выбудоўвайце палітыку так, каб было ўсім і ўсё зразумела. Што гуляць з той жа Расеяй? У Мытны саюз гулялі-гулялі, а зараз пачынаецца лямант: ой, дык яны ж нас „кінулі“! Ну дык як вы гуляеце, так і кідаюць».
Тым часам Аляксандар Лукашэнка адпачывае. Ягоныя пляны на бліжэйшыя дні не анансуюцца. Ёсьць зьвесткі, што выходныя ён правядзе ў адной з краінаў Карыбскага басэйну — ня выключана, што яго ўладкуюць на адзін з курортаў Кубы. А вось у панядзелак — зноў праца. Лукашэнку прыме прэзыдэнт Бразыліі Луіс Ігнасіё да Сільва. Мяркуецца, што сустрэча адбудзецца ў Рыё-дэ-Жанэйра. Ці варта чакаць падвышэньня актыўнасьці і на беларуска-бразыльскім напрамку? Сяргей Чалы кажа, што трапіць на ёмісты бразыльскі рынак марыць любая краіна:
«Нядаўна я глядзеў статыстыку па нашых заводах — якія захады яны рабілі ў мінулым годзе, якраз у сытуацыі „росквіту“ крызісу — дык там Бразылія ўзгадвалася вельмі часта. То бок прынамсі спроба дывэрсыфікацыі — відавочная. Думаю, што ў гэтым сэнсе якраз візыт на вышэйшым узроўні будзе цалкам карысны».
Карэспандэнт: «Туды — машыны і калійныя ўгнаеньні. У „імпарце“ — бразыльскія футбалісты, трапічная садавіна. На што яшчэ прэтэндуе Беларусь?»
«Гэта так. Але, разумееце, тут ня столькі важна, колькі і чаго мы ад іх атрымаем. Важна тое, што мы ім прадамо. Бо нашай асноўнай праблемай якраз было закрыцьцё зьнешніх рынкаў. Калі ледзьве ня ў 10 разоў упалі продажы МАЗаў у Расеі, дык гэта ж пра штосьці сьведчыць! Прычым тут яўна пытаньне ня столькі цэнавае, колькі гэта было пытаньне менавіта пратэкцыянісцкае. Таму ў дадзеным кірунку ўсё насамрэч ідзе лягічна. У Бразыліі — свая магутная здабыўная галіна, таму, прыкладам, наша кар’ерная тэхніка для іх вельмі цікавая. То бок патэнцыйна рынак вельмі ёмісты».