Сёньня ў судзе Маскоўскага раёну Менску адбудуцца папярэднія слуханьні паводле пазову актывісткі “Маладога фронту” Тацяны Шапуцькі да рэктарату БДУ. Тацяна Шапуцька просіць прызнаць незаконным загад аб яе адлічэньні з унівэрсытэту і аднавіць яе на вучобе.
Цяпер Тацяна Шапуцька прынятая на дыстанцыйнае навучаньне ў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт у Вільні. Дзяўчына тлумачыць, чаму падала пазоў супраць БДУ:
“Мне ня надта важны сам факт вяртаньня на вучобу, бо, бясспрэчна, у БДУ цяпер будзе цяжка навучацца псыхалягічна, тым больш падчас выбраў. Тут больш важны сам факт адмены незаконнага загаду. Пасьля гэтага – вяртаньне ў БДУ ці не – гэта ўжо будзе ня так істотна. Для мяне галоўнае, каб быў адменены гэты загад”.
Для мяне галоўнае, каб быў адменены гэты загад...
З другога курсу юрыдычнага факультэту БДУ актывістку “Маладога фронту” адлічылі летась у сьнежні пасьля таго, як яна ўзяла ўдзел у форуме грамадзянскай супольнасьці “Ўсходняга партнэрства” ў Брусэлі. Фармальна – за пропуск заняткаў, аднак студэнтка-выдатніца перакананая ў палітычнай матывацыі такога кроку кіраўніцтва БДУ.
Тацяна Шапуцька безвынікова скардзілася рэктару БДУ Сяргею Абламейку, міністру адукацыі Аляксандру Радзькову. Таму суд – апошняя інстанцыя ў пошуках справядлівасьці, кажа маладафронтаўка і праваабаронца Наста Лойка:
“Гэта апошняя інстанцыя, каб аднавіць справядлівасьць. Безумоўна, нейкая надзея ёсьць, хоць для нас усіх і відавочна, што суды працуюць хутчэй паводле загадаў, а ня прынцыпаў законнасьці і справядлівасьці. І ўсё ж будзем чакаць гэтых вынікаў”.
Грамадзкім абаронцам Тацяны Шапуцькі будзе юрыст Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла.
Шапуцька кажа, што падтрымаць яе гатовыя многія былыя і новыя аднагрупнікі, а таксама сябры “Маладога фронту”. Старшыня арганізацыі Зьміцер Дашкевіч:
Вырак суду будзе паказчыкам, наколькі рэжым гатовы лібэралізаваць сытуацыю...
“Для нас самае галоўнае – маральна падтрымаць Тацяну. Мы неаднойчы праводзілі акцыі ў яе падтрымку, зьбіралі подпісы. Таксама мяркуем, што гэты разбор і вырак суду будуць паказчыкам, наколькі беларускі рэжым гатовы дэмакратызаваць і лібэралізаваць сытуацыю ў краіне з правамі чалавека”.