“Беларускі кнігазбор” адзначае юбілей

Сёньня ў менскім Палацы мастацтваў а 18-й вечара адбудзецца сьвяточная імпрэза “Зьбіраўся скарб: 50 тамоў “Беларускага кнігазбору”. У 1996 годзе выйшаў першы том праекту – “Выбраныя творы” Яна Чачота, а нядаўна ўжо 50-я кніга – творы Максіма Гарэцкага.

Ініцыятыва стварэньня кніжнага праекту “Беларускі кнігазбор” належыць пісьменьніку Кастусю Цьвірку, які быў апантаны, здавалася б, невыканальнай марай – выдаць у 200-х тамах усё найлепшае зь беларускай літаратуры. У 1995 годзе інтэлігенцыя стварыла Міжнародны фонд “Беларускі кнігазбор”, і ў наступным годзе выдалі ўжо Яна Чачота.

Згадвае Кастусь Цьвірка:

“На самым пачатку нашай дзейнасьці хацелася як найболей выдаць кніг. Але як гэта зрабіць – ніякага ўяўленьня не было. Таму што пачыналі мы з нуля, ніякіх сродкаў не было. Але была вера і жаданьне вялікае. І гэта намі рухала”.

Хацелася б выдаваць больш шпаркімі тэмпамі, але 50 тамоў – гэта ўжо салідная бібліятэка. Вядомы бібліяфіл, кандыдат філялягічных навук Аляксандар Фядута:
Гэта быў крок, каб мы ўсьвядомілі, што мы маем за літаратурную спадчыну...


“Тое, што зрабіў Цьвірка як асьветнік, тое, што ён пачаў выдаваць гэтую сэрыю – гэта быў першы крок, каб мы ўсьвядомілі, што мы насамрэч маем за літаратурную спадчыну. “Беларускі кнігазбор” – гэта спроба зрабіць узорную літаратурную сэрыю. І дзякуй спадару Цьвірку, што ён такое прыдумаў”.

Плян-каталёг “Беларускага кнігазбору” прадугледжвае выданьне кніг у трох падсэрыях: “Мастацкая літаратура”, “Гістарычна-літаратурныя помнікі” і “Пераклады замежнай клясыкі”. На сёньняшні дзень выйшла 12 кніг з так званай “зялёнай” сэрыі “Помнікаў”, 2 тамы зь перакладной сэрыі (Дастаеўскі і Гётэ) і астатнія 36 кніг – мастацкая літаратура. Прычым выдаюцца ня толькі клясыкі. Кастусь Цьвірка перакананы:

“Я думаю, гэта вельмі важна, каб даваць ня толькі клясыкаў, пісьменьнікаў, якія даўно ці нядаўна адышлі ад нас, але і тых пісьменьнікаў, якія ўжо паказалі сябе ў літаратуры”.

Нядаўна ў сэрыі “Беларускі кнігазбор” выйшлі тамы нашых сучасьнікаў Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, Уладзімера Някляева. Бібліяфіл, філёляг Аляксандар Фядута адзначае:

“Паглядзіце, колькі кніг упершыню выйшла ў гэтай сэрыі: быў першы прадстаўнічы том Ларысы Геніюш і першы прадстаўнічы том на радзіме Натальлі Арсеньневай, Рыгора Крушыны, шмат якіх іншых добрых пісьменьнікаў. І я спадзяюся, яшчэ больш нас чакае. Магу толькі падзякаваць, што мне далі таксама мажлівасьць далучыцца да гэтага праекту. Два тамы падрыхтаваў я: Фадзея Булгарына і Аляксея Карпюка”.

У найбліжэйшых плянах “Кнігазбору” – “Выбранае” Міколы Ермаловіча, Паўла Шпілеўскага, Міколы Нікіфароўскага, Адама Багдановіча.

Сёньня ўвечары ў Палацы мастацтваў шчырыя словы пра “Беларускі кнігазбор” скажуць акадэмік Радзім Гарэцкі, прафэсар Адам Мальдзіс, заслужаны артыст Беларусі Віктар Скорабагатаў, паэты Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Уладзімер Някляеў. На вечарыне выступяць Лявон Вольскі, трыё “Вытокі”, Тацяна Беланогая. Уваход вольны.