Дзярждэпартамэнт ЗША абнародаваў штогадовую справаздачу аб стане правоў чалавека ў сьвеце. Разьдзел, прысьвечаны стану правоў чалавека ў Беларусі ўтрымлівае вельмі крытычныя ацэнкі. Вядучыя беларускія палітыкі выказалі сваё меркаваньне наконт дакладу.
Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін зазначае, што для беларусаў нічога новага ў дакладзе няма — ніякіх зьменаў на шляху да дэмакратызацыі не адбываецца. Паводле палітыка, Дзярждэпартамэнт толькі канстатуе тое, што існуе сёньня ў Беларусі. Паводле спадара Калякіна, справаздачу можна спалучыць з рэзалюцыяй Эўрапарлямэнту:
«Гэта такі званочак для ўладаў — калі хочуць нейкія адносіны выбудоўваць з Эўразьвязам, ЗША, то ім трэба нешта мяняць ва ўнутранай палітыцы. Мяняць у бок дэмакратызацыі краіны. Бо інакш улады могуць „нарвацца“ на вельмі жорсткую рэакцыю міжнароднай супольнасьці».