Трусаў раіць Ярмошынай вывучыць кітайскую мову

Лідзія Ярмошына

Сёньня ў напроўставым эфіры Радыё TUT.BY прагучаў чарговы выпуск праграмы «Экспэртыза з Юрыем Зісерам». Госьцем праграмы была старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньню рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Лідзія Ярмошына.

Лідзія Ярмошына ўжо амаль 14 гадоў запар ачольвае Цэнтарвыбаркам і пакуль не зьбіраецца пакідаць гэту пасаду. Яна цьвердзіць, што ўлады ў яе няма:

«Мая пасада — гэта не ўлада, скажам так. Канечне, я ўплываю на працэс. Але, па-першае, у нас калегіяльны орган. І ён абсалютна грамадзкі. Я кірую толькі 8 людзьмі (у вас падначаленых значна больш), тымі, хто ўваходзяць у штат ЦВК. Усе астатнія працуюць на грамадзкіх пачатках».

Спэцыяліст у галіне выбараў, юрыст Сяргей Альфэр лічыць: паўнамоцтваў у Цэнтарвыбаркаму дастаткова шмат:

«Апошнія зьмены выбарчага заканадаўства былі распрацаваны ў большай частцы менавіта апаратам ЦВК. Яны папярэдне абмяркоўваліся Ярмошынай з Лукашэнкам і пасьля былі прынятыя нацыянальным сходам.

Цэнтарвыбаркам можа ў рамках дзейнага заканадаўства прыняць шэраг пастановаў, якія дазволілі б правесьці выбары свабодна і справядліва. Толькі адзін прыклад — замест пастановы пра два пратаколы, адзін зь якіх, так званы працоўны, ніхто не робіць, а другі пусты, можна прыняць форму пратаколу, у якой будуць прадстаўленыя ўсе зьвесткі пра выбары».

Юры Зісер згадаў спадарыні Ярмошынай: міжнародныя структуры, кшталту АБСЭ, увесь час маюць прэтэнзіі да беларускага заканадаўства, да правядзеньня выбарчых кампаніяў. Старшыня Цэнтарвыбаркаму патлумачыла:

«Любая міжнародная місія ў сваіх ацэнках заўжды залежыць ад таго заданьня, якое яна атрымала. У тым ліку і ад тых краін, якія гэту місію сабралі на свае сродкі. А хто больш за іншых укладае грошы ў АБСЭ? Самая мэгакраіна ў сьвеце — Злучаныя Штаты Амэрыкі».

Юрыст Уладзімер Лабковіч неаднойчы працаваў у складзе міжнародных місіяў па назіраньню за выбарамі, у тым ліку і доўгатэрміновым назіральнікам. У прыватнасьці, у былых постсавецкіх краінах — Кыргызстане, Казахстане, Украіне:

«Ні разу — ні з боку донараў, ні з боку ўрадаў розных краінаў — не выказваліся ні інструкцыі, на пажаданьні, ні тым больш патрабаваньні да вынікаў назіраньня за выбарамі, да ацэнак міжнародных назіральнікаў. А місія АБСЭ не фінансуецца выключна ЗША, яна фінансуецца ўсімі чальцамі АБСЭ.
Ярмошына: Параза камандаў Шушкевіча, Пазьняка на першых прэзыдэнцкіх выбарах — гэта менавіта пытаньне мовы, якую яны навязвалі ў сьвядомасьць беларускіх грамадзянаў.


Я знаёмы са многімі калегамі, якія былі назіральнікамі ад АБСЭ ў Беларусі. І ніхто зь іх ніколі не казаў, што яны не свабодныя ў прыняцьці сваіх рашэньняў. Яны выключна кіруюцца міжнароднымі стандартамі. І Беларусі, а спадарыні Ярмошынай, найперш, варта больш зьвяртаць увагу на тое, наколькі выбарчы працэс у нас адпавядае міжнародным стандартам. Бо атрымліваецца, што ўвесь сьвет нібыта звар’яцеў. І толькі мы адны праводзім як бы сумленныя выбары».

Вядучы праграмы пацікавіўся: «Наколькі абавязкова гаварыць па-беларуску, каб адчувац ь сябе беларусам?»

Лідзія Ярмошына адказала: «Нікога нельга прымушаць рабіць штосьці сілай. І параза камандаў Шушкевіча, Пазьняка на першых прэзыдэнцкіх выбарах — гэта менавіта пытаньне мовы, якую яны навязвалі ў сьвядомасьць беларускіх грамадзянаў. Як не разумеюць тыя, хто ставіць гэта на першае месца, што для нашай моладзі гэта добра быць у рускай інфармацыйнай прасторы. Інакш ёй, каб быць у інфармацыйнай прасторы наагул, патрэбна ведаць ангельскую мову дасканала».

Старшыня Таварыства Беларускай мовы Алег Трусаў камэнтуе:

«Зыходзячы з лёгікі спадарыні Ярмошынай, ёй варта было б вывучыць кітайскую мову. На ёй размаўляюць некалькі мільярдаў чалавек. Ды і палітычная сыстэма ў Кітаі, у тым ліку і выбарчая, даволі блізкая да беларускай».