Дэлегацыя беларускай апазыцыі, у складзе якой лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідэры АГП Анатоль Лябедзька і “Справядлівага сьвету” Сяргей Калякін, экс-старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч, лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, палітык Алесь Міхалевіч, сустрэлася сёньня ў Варшаве зь міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім.
Паводле Анатоля Лябедзькі, міністар Сікорскі падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад сваіх сустрэчаў з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым. Спадар Лябедзька сказаў:
“Ён адзначыў, што падчас нашай сустрэчы мінулагодняй былі вялікія спадзяваньні, на жаль, яны не спраўдзіліся. Але разам з тым ён прыхільнік працягу дыялёгу і каб былі камунікацыі ня толькі з уладай, але і апазыцыяй. Ён не губляе надзею і спадзяваньні, што сытуацыя зьменіцца”.
Падчас сустрэчы таксама абмяркоўвалася сытуацыя вакол саюзу палякаў у Беларусі.
“І тут міністар зрабіў акцэнт на тое, што для іх вельмі важна, каб гэта не разглядалася як нейкая этнічная праблема. Таму яны далучылі да разгляду гэтай праблемы і АБСЭ, і Раду Эўропы, каб зрабіць акцэнт на тое, што трэба выконваць тыя міжнародныя абавязкі, якія брала на сябе і Беларусь”.
Падрабязнасьці пазьней у нашым эфіры і на нашым сайце.