Працяг судовага маратону Саюзу палякаў

Івянец. Сход мясцовага аддзелу Саюзу палякаў, які ня мае рэгістрацыі і не прызнаецца ўладамі. Анджэй Пачобут тлумачыць супрацоўнікам Першага нацыянальнага каналу, чаму іх не пускаюць у Польскі дом.

У чацьвер 11 сакавіка а 14-й гадзіне ў судзе Менскай вобласьці пачнецца разгляд касацыйнай скаргі на рашэньне Валожынскага суду па Доме Польскім у Івянцы, адабраным беларускімі ўладамі на карысьць ляяльнага Саюзу палякаў.
Як паведаміў старшыня Галоўнай рады непрызнаванага Саюзу палякаў Беларусі Анджэй Пачобут, актывісты арганізацыі паедуць у Менск, каб зноў падтрымаць Тэрэсу Собаль і іншых палякаў з Івянца. Раней актывістаў СПБ затрымлівалі на паўдарозе.

На 16 сакавіка ў Вышэйшым гаспадарчым судзе Беларусі заплянаваны разгляд касацыйнай скаргі фірмы "Палёніка", нядаўна аштрафаванай на 122 мільёны рублёў.

Фірмай “Палёніка” кіруе Анжаліка Борыс. «Палёніка» пасьля расколу Саюзу палякаў у 2005 годзе выкарыстоўвалася паплечнікамі Анжалікі Борыс для ажыцьцяўленьня дзейнасьці ў легальным рэчышчы. Празь фірму адбывалася навучаньне польскай мове, арганізоўваліся канцэрты, аплачвалася арэнда памяшканьняў, утрымліваліся некаторыя Дамы польскія. Улады да апошняга часу не чапалі «Палёнікі», пакуль зноў не пачаўся сур’ёзны ціск на Саюз палякаў.

16 сакавіка, як чакаецца, канфлікт вакол СПБ будуць абмяркоўваць экспэрты зь беларускага і польскага ўрадаў.