8 сакавіка ў Беларусі адзначаўся Міжнародны жаночы дзень. Госьця “Начной Свабоды” — кандыдат гістарычных навук, стваральніца і старшыня грамадзкай арганізацыі “Беларускі жаночы рух” Ніна Стужынская.
— У заходніх краінах, дзе жанчыны дамагліся практычна поўнага раўнапраўя з мужчынамі, дзень 8 сакавіка амаль нідзе не сьвяткуецца. Шмат хто ім пагарджае і кажа, што існаваньне такога сьвята хутчэй сьведчыць пра неўранапраўе жанчын. Некаторыя нават кажуць, што гэтае сьвята абражае жанчын. Як вы ставіцеся да 8 сакавіка?
— Неадназначна. Як жанчыне, маці, жонцы мне вельмі прыемна, калі мяне віншуюць. Але ў асноўным яны віншуюць з днём вясны. І потым, у жыцьці мала сьвятаў, мала падстаў для радасьці. Я пабачыла, як людзі рыхтуюцца, нейкі настрой такі, мужчыны стаяць за кветкамі, цукеркамі, і мне нават спадабалася. Але другая мая палова, як палітычнай актывісткі, разумее, для чаго гэтае сьвята. Я добра ведаю гэтую гісторыю і ганаруся тымі жанчынамі, якія прапанавалі сто год таму выступіць за правы жанчын. Я выступаю за тое, каб надаць гэтаму сьвяту першасны сэнс. У нас пакуль сьвята мае цукерачна-букетны характар, з налётам гламурнасьці.
— Ці дае гэтае сьвята нагоду пагаварыць пра становішча жанчын у той ці іншай краіне?
— Гэта нагода, але толькі ня ў нашай краіне. Прывяду прыклад. 20 лютага мы правялі вялікую канфэрэнцыю “Выжыць і перамагчы: лекары і грамадзтва супраць раку малочнай залозы”. Зь якой цяжкасьцю я шукала праз СМІ, каб пра гэта паведамілі, каб проста сказалі. Калі абмяркоўваць гэтыя праблемы, то калі, як не напярэдадні 8 сакавіка?! Гэта ж не гламурнае сьвята, ня сьвята прыгажунь, якія ёсьць дэкаратыўным аздабленьнем мужчынскага жыцьця. А дзень, калі насамрэч трэба казаць аб праблемах жанчын. І як цяжка мне было гаварыць, асабліва з прадстаўнікамі афіцыйных СМІ!
Там, дзе толькі ідзе гаворка пра правы — правы жанчыны ў галіне здароўя ці ў галіне працы — тут наагул няма пра што казаць. Вось такія адносіны да гэтага сьвята. Пра што заўгодна — пра кветкі, пра цукеркі, пра гламур, лямур — але толькі не пра сур’ёзныя праблемы”.
— Вы — кіраўніца Беларускага жаночага руху. Што б вы сказалі пра сёньняшняе становішча беларускіх жанчын? Чым тут Беларусь адрозьніваецца ад іншых краінаў сьвету?
— Нягледзячы на вонкавае прадстаўніцтва жанчын нават у сярэдніх сфэрах прыняцьця рашэньняў, Беларусь — такая патрыярхальная, нават патрыярхатная краіна. І чым далей, тым сытуацыя становіцца горшаю. Абвастраецца сытуацыя на рынку працы, і жанчыны, старэйшыя за 35—40 гадоў, ужо слаба канкуруюць на рынку працы. Гэта адна з балючых праблем нашага жорсткага часу. З другога боку, у нас ня бачна жанчын у палітыцы. Нават не назіраецца асобы, якія была б блізкая да пэрсоны, напрыклад, Юліі Цімашэнкі. Любую праблему трэба вырашаць, калі ёсьць жаночае прадстаўніцтва ў палітыцы. Нават у нашым апазыцыйным, нашым дэмакратычным руху ёсьць такое імкненьне выштурхнуць жанчын у сацыяльную сфэру, у сацыялку, што называецца, Колькі я чытала аналітычных запісак, дзе ананімы (я іх у твар ведаю) пісалі, што жанчыны няхай займаюцца здароўем, дзецьмі, сям’ёй, дабрачыннасьцю і гэтак далей. Але, прабачце, гэтым можна займацца, калі ёсьць грошы. А дзе дзеляць грошы — там жанчын няма. Таму жанчыны — абсалютна дэкаратыўнае ўпрыгожваньне. Таму што гэтыя жанчыны не прадстаўляюць інтарэсы ніводнай жаночай сацыяльнай групы.
— Ніна, нагадайце слухачам, якія задачы і мэты вашай арганізацыі — Беларускага жаночага руху.
— Змаганьне за правы жанчын і за роўныя магчымасьці з мужчынамі ў краіне.
— Я хацеў бы запытацца, як працуецца вашаму руху, але вы ўжо часткова адказалі, як цяжка вам было з кантактамі ў прэсе.
— Я магу адказаць. Апошнім часам у мяне такое адчуваньне, што жаночы рух у агульным дэмакратычным руху — маргіналы з маргіналаў, скажам так. Мы на самым ускрайку, на абочыне. І што цікава: нашы дэмакратычныя лідэры, лідэры дэмакратычных партыяў, арганізацыяй, як яны самі сябе пазыцыянуюць, яны носьбіты абсалютна патрыярхальных настрояў. Яны лічаць, што прысутнасьць жанчын у партыях ці грамадзкіх арганізацыях — толькі для абслугі іхных ідэяў, падзеяў, акцыяў і г.д. Менавіта таму жанчын у палітычных партыях становіцца ўсё меней, меней і меней...
— Што б вы пажадалі нашым жанчынам у дзень 8 сакавіка?
— Каб за цукеркамі мужыкі помнілі першасны сэнс гэтага сьвята. Таму што ў нашай краіне — так, Канстытуцыяй дэкляраваныя роўныя правы, але, прабачце, роўных магчымасьцяў няма. За гэта трэба змагацца”.
Сто гадоў таму на міжнароднай канфэрэнцыі жанчын-сацыялістак у Капэнгагене Клара Цэткін выступіла з прапановай сьвяткаваць міжнародны жаночы дзень. Тая прапанова прагучала як заклік да ўсіх жанчын сьвету ўключыцца ў барацьбу за раўнапраўе. У 1913 годзе пасьля абмеркаваньня жаночымі арганізацыямі розных краін датай міжнароднага жаночага дня было вызначана 8 сакавіка. У 1997 годзе ААН абвясьціла 8 сакавіка міжнародным сьвятам.