Тыдзень у фатаздымках, 28 лютага — 6 сакавіка

28 лютага, нядзеля - Іван Сацукевіч распавядае неверагодную гісторыю скульптуры мужчыны, што зараз ў Міхайлаўскім сквэры. Фота Натальлі Косар. У нядзелю, 28 лютага адбылася традыцыйна экскурсія па вуліцах Менску ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі”. Яе ладзіла моладзевае аб’яднаньне “Гісторыка”. Экскурсія мела назву “Ад вакзала да Гарадзкога Вала”.

28 лютага, нядзеля - У офісе БНФ прайшоў арганізацыйны сход грамадзянаў, якія незадаволеныя тым, што ў Беларусі будзе значна паднятае мыта на аўтамабілі.

1 сакавіка, панядзелак - У галерэі мастацтва «Ў» прайшла «Выстава падарункаў кандыдату ў кандыдаты па Валгаградзкай выбарчай акрузе № 54 Ліпковічу Я.А.»

1 сакавіка, панядзелак - У Нацыянальным аэрапорце “Менск” урачыста сустракалі алімпійцаў. На фота — алімпійскі чэмпіён Ванкувэру Аляксей Грышын.

1 сакавіка, панядзелак - У Горадні адкрылася фотавыстава Аляксандра Саенкі. Здымкі вывешаны на сьцяне ў сталоўцы, дзе манашкі кормяць дзесяткі валацугаў.

1 сакавіка, панядзелак - Актывісты руху «Маладая Беларусь» правялі акцыю ў цэнтры Менску, прысьвечаную падвышэньню коштаў на праезд у грамадзкім транспарце.

1 сакавіка, панядзелак - У Менску прайшоў круглы стол прадстаўнікоў габрэйскіх арганізацый і рэлігійных суполак.

2 сакавіка, аўторак - На менскай “Яме” ўшанавалі памяць ахвяраў габрэйскага пагрому.

2 сакавіка, аўторак - Уладзімера Рамановіча, актывіста стваранай партыі БХД, які зьбіраецца балятавацца ў Віцебскі гарсавет, не прапускаюць зьбіраць подпісы за сваё вылучэньне ў інтэрнаты Віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту.

3 сакавіка, серада - У канфэрэнц-залі сталічнага гатэлю «Беларусь» адбыўся рэспубліканскі сход, прысьвечаны 20-годзьдзю фэрмэрскага руху ў Беларусі.

3 сакавіка, серада - Ціск на Незалежны прафсаюз на прадпрыемстве “Гродна Азот” часова прыпыніўся. Чатыры актывісты прафсаюзу падалі скаргі ў пракуратуру на тое, што іх прымушаюць выйсьці з арганізацыі. У ёй цяпер засталося менш за сто чалавек. Яны правялі сход, на які зь Менску прыехалі падтрымаць іх старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук і кіраўнік Беларускага незалежнага прафсаюзу Васіль Корабаў.

4 сакавіка, серада - На месцы вёскі Копішча, што побач са сталічным мікрараёнам Уручча-6, плянуецца будоўля вялікага мікрараёну. Пяць шматпавярховікаў побач зь лясным масівам ужо будуюцца. Але некалькі гадоў таму людзі на законных падставах пабудавалі тут сучасны катэджны пасёлак. Зараз гэтыя катэджы пагражаюць зьнесьці разам са старымі вясковымі дамамі.

4 сакавіка, чацьвер - Да Дня беларускай міліцыі актывісты падрыхтавалі своеасаблівы падарунак — буклет «Памятка міліцыянту пра ўзорнае стаўленьне да грамадзянаў жаночага полу». Памяткі ўручалі супрацоўнікам усіх трох райаддзелаў гораду.

4 сакавіка, чацьвер - Дзень сьвятога Казіміра, заступніка рамесьнікаў. У Горадні адбыўся з гэтай нагоды кірмаш рамёстваў.

4 сакавіка, чацьвер - У Менску ў будынку музычнай школы № 3 адбылося ўрачыстае адкрыцьцё бюста Фрыдэрыка Шапэна. Гэта падарунак амбасады Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь школе, якая носіць імя вялікага польскага кампазытара. Генрык Літвін і Пётар Казакевіч адкрываюць бюст Фэдэрыку Шапэну.

4 сакавіка, чацьвер - Дзень міліцыі. Міліцыянты ўшаноўваюць памяць забітых афіцэраў у Менску.

4 сакавіка, Чацьвер - У цэнтры Менску маладафронтаўцы вывесілі на мосьце расьцяжку "Свабоду Міхайлаву!".

5 сакавіка, пятніца - Вясной, калі ў Гомелі моцна разьліваецца рака Сож, асабліва пакутуе ад вады прыгарадная вёска Якубоўка. Яна месьціцца на левабярэжжы, акурат насупраць знакамітага гомельскага парку.

5 сакавіка, пятніца - Сяргей Новікаў на прэсавай канфэрэнцыі беларускіх прызэраў-алімпійцаў.

5 сакавіка, пятніца - Першыя дні вясны апынуліся не такімі цёплымі, як хацелася. Але Менск, хоць і павольна, але абуджаецца ад зімовай сьпячкі.