Сьмеючыся зь сябе ў міжнародны дзень пісьменьніка

Сваё сьвята група беларускіх літаратараў адзначае незвычайнай акцыяй. Творчая прастора BYBOOKS, кнігарняЎгалерэі і Беларускі Пэн-цэнтар сёньня ўвечары ладзяць імпрэзу Jam By Books. Два дзясяткі аўтараў на працягу трох гадзінаў зьмяняючы адзін аднаго бесперапынна чытаюць свае найноўшыя тэксты.

Міжнародны дзень пісьменьніка адзначаецца ў сьвеце ад 1996 году, калі ўдзельнікі 48 міжнароднага кангрэсу ПЭН-клюбаў вырашылі нададаць прафэсійны дзень сваім аўтарам. У Беларусі гэтая дата адзначаецца толькі другі год, і сёньня ў кнігарняЎгалерэі была вялікая імпрэза, якая называлася Jam By Books. Два дзясяткі аўтараў бесперапынна чыталі свае творы.

Завяршылі імпрэзу маладыя літаратары, а пачыналі сталыя -- Андрэй Хадановіч, Адам Глобус, Альгерд Бахарэвіч.

Пераняў эстафэту Віктар Марціновіч, аўтар "Параноі", скандальнага раману, забароненага для распаўсюду ў Беларусі.

Між іншым, свой твой пад такой самай назвай, "Параноя", чытала маладая пісьменьніца Наста Манцэвіч.

Сам жа Віктар зьдзівіў прысутных тым, што дэбютаваў са сваім беларускамоўным творам і назваўся Вітаўтам.

Зь цікавостак яшчэ можна адзначыць тое, што пісьменьнік Уладзімер Арлоў сказаў, што трапіў на гэтую імпрэзу дзякуючы толькі таму, што ягоную сустрэчу са студэнтамі гістфаку, выпускніком якога ён і сам быў, забараніла кіраўніцтва факультэту. Так што вось такое адмысловае віншаваньне пісьменьніку Арлову ад дэкана гістфаку БДУ з днём пісьменьніка.

Цікава, што маладыя пісьменьнікі разумеюць гэты дзень не як прафэсійнае сьвята, а як нагоду пажартаваць. Таму вельмі шмат гучала сьцёбных твораў, твораў, якія выклікалі ў публікі захапленьне. Асабліва вызначылася ў гэтым Марыйка Мартысевіч, якая прачытала адну з сэрый свайго сэрыялу "Амбасада" пра прыгоды беларусаў пры спробах атрымаць шэнгенскія візы ў амбасадах краінаў Эўразьвязу.

Вось так, сьмеючыся зь сябе, з свайго жыцьця і жартуючы на тэмы беларускай рэальнасьці і прайшло гэтае сьвята ў незалежнай кнігарніЎгалерэі ў Менску.