Паводле неафіцыйнай інфармацыі, на 9 сакавіка заплянавана пасяджэньне беларуска-польскай групы экспэртаў, якія будуць вырашаць канфлікт вакол Саюзу палякаў Беларусі.
Старшынёй польскай групы будзе Анджэй Крэмэр, намесьнік міністра замежных спраў, а беларускай — Леанід Гуляка, упаўнаважаны ўраду па справах рэлігіяў і нацыянальных меншасьцяў.
У беларускім Міністэрстве замежных спраў, а таксама ў апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальных меншасьцяў гэтую інфармацыю “Свабодзе” не камэнтавалі і не пацьвярджалі, спасылаючыся на адсутнасьць інфармацыі.
Нагадаем, рашэньне стварыць сумесную камісію экспэртаў для ўрэгуляваньня канфлікту вакол Саюзу палякаў было прынятае пасьля сустрэчы ў Кіеве 25 лютага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага.
Пра тое, што экспэрты сустрэнуцца на наступным тыдні, паведаміў Радаслаў Сікорскі пасьля сустрэчы міністраў краінаў Вышаградзкай групы ў Будапэшце. Там ён меў гутарку зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым.
Паводле спадара Сікорскага, міністар Мартынаў паведаміў, хто будзе прадстаўляць беларускі бок у гэтай групе. Спадар Сікорскі выказаў спадзяваньне, што яго сустрэча з прэзыдэнтам Лукашэнкам “пачынае даваць вынікі”, паведамляе Польскае радыё.