Каго шукаюць сьледчыя ў справе пакрыўджанага супрацоўніка КДБ Каржа?

Сьвятлана Калінкіна

Шэф-рэдактар «Народнай волі» Святлана Калінкіна падае скаргу ў пракуратуру на незаконныя дзеяньні сьледчых, якія правялі ператрус у яе кватэры нібыта ў межах «гомельскай справы».
Пасьля сёньняшніх кансультацыяў зь юрыстамі Сьвятлана Калінкіна, у якой сьледчыя 26 лютага забралі на экспэртызу хатні кампутар, тэлефонны даведнік ды іншыя носьбіты інфармацыі, вырашыла падаваць скаргу ў пракуратуру. Журналістка плянуе зрабіць гэта ўжо сёньня, 1 сакавіка. Падставай для скаргі, паводле Сьвятланы Калінкінай, ёсьць парушэньні закону з боку тых, хто праводзіў сьледчыя дзеяньні:

«Прыкладам, там былі два апэратыўнікі, якія ўдзельнічалі ў ператрусе, але яны не назваліся, і ў выніковым пратаколе іх прозьвішчы не пазначаныя. Яшчэ і іншыя ёсьць парушэньні».

Паводле Сьвятланы Калінкінай, справу, у межах якой праводзіўся ператрус, вядзе міліцыя, а завялі гэтую справу паводле заявы былога старшыні КДБ па Гомельскай вобласьці, цяперашняга начальніка Гарадзенскай управы КДБ Івана Каржа. Сьвятлана Калінкіна кажа, што больш нічога пра справу паводле заявы Івана Каржа яна ня ведае, а сьледчыя ёй ніякіх пытаньняў не задавалі.

Падобным чынам дзейнічалі і тыя міліцыянты, якія 17 лютага зрабілі вобшук на працоўным месцы Марыны Коктыш, намесьніка рэдактара «Народнай волі». У яе забралі сыстэмны блёк кампутара. Марына Коктыш не выключае, што сьледчыя мелі і іншую мэту, акрамя дэкляраванай. Нагадаю, міліцыянты зь Ленінскага райаддзелу міліцыі дзейнічалі паводле санкцыі, падпісанай гомельскім пракурорам Валянцінай Шаевай, у межах усё той жа справы паводле пазову чэкіста Івана Каржа.

Вядомы журналіст Павал Шарамет, які цяпер жыве і працуе ў Расеі, выказвае ў інтэрнэце сваю вэрсію прычын ператрусаў у незалежных беларускіх журналістаў. Павал Шарамет не выключае, што пад прыкрыцьцём расьсьледаваньня справы Івана Каржа КДБ шукае ўцекача — капітана міліцыі Вячаслава Дудкіна. Гэты чалавек праз інтэрнэт распаўсюдзіў зьвесткі пра «вайну» паміж КДБ і МУС і пра карупцыю ў шэрагах беларускіх «чэкістаў». Павал Шарамет не выключае, што капітан Дудкін, які быў блізкім супрацоўнікам экс-міністра МУС Уладзімера Навумава, валодае нейкай інфармацыяй, з-за якой на яго і палюе КДБ.

Між тым фармальна міліцыя свайго былога калегу не шукае, бо ён нават не абвешчаны ў вышук. Міністар унутраных спраў Анатоль Куляшоў гэта пацьвердзіў карэспандэнту «Свабоды»:

«Што да Дудкіна, то ніхто яго не шукае, у ніводнай базе асобаў, якіх шукаюць, прозьвішча Дудкіна няма, і я ня бачу падстаў для гэтага. Што да камэнтароў Дудкіна, то хай яны застануцца на ягоным сумленьні».

У КДБ зьвесткі пра капітана міліцыі Дудкіна і ягоны кампрамат на вышэйшае кіраўніцтва краіны не камэнтуюць.

Нагадаем, што інтэрвію зь Вячаславам Дудкіным было зьмешчанае ў студзені ў шэрагу інтэрнэт рэсурсаў. Пасьля гэтага ў шмат каго з журналістаў, якія супрацоўнічалі з гэтымі інтэрнэт-рэсурсамі, узьніклі пэўныя праблемы. А вось міліцыянт-уцякач на сувязь з журналістамі больш не выходзіў.